Выбрать главу
Падумала Кацярына I кажа гасціне: «Ёсць у мяне брат адзіны, Ды ў няволі гіне! Дзесьці ў Крыме прападае; Хто ўратуе брата, Толькі той надзею мае Кацярыну сватаць». Разам паўставалі, Коней пасядлалі, Паімчалі ў чыста поле Шукаць брату волю. Адзін утапіўся У дняпроўскай плыні, Другога ў Казлове На кол пасадзілі. Трэці, Іван Ярашэнка, Слаўны казачэнька, З лютае няволі У Бахчысараі Брата вызваляе.
Зарыпелі рана дзверы Вялікае хаты. «Прачынайся, Кацярына, Сустракаці брата». Кацярына ж нечакана Як загаласіла: «То не брат мой, а каханы,— Я табе маніла...» «Ты маніла?!.» I галоўку З целам разлучыла Злая шабля... «Пойдзем, брат мой, З нячыстае хаты». Паехалі запарожцы Ветры ў стэпе сватаць. Кацярыну-чарнаброўку Пахавалі ў полі, Пабраталіся навекі З запарожскай воляй.
Другая палова 1848 Кос-Арал

***

      А з-за гаю сонца ўсходзіць, За гай і заходзіць; Па даліне адвячоркам Казак сумны ходзіць. Ходзіць ён гадзіну, Ходзіць ён другую — З лугу цёмнага чакае Сваю дарагую. Не выходзіць здрадлівая, Забылася недзе... Цёмным ярам з сабакамі Пан-гуляка едзе. Цкуюць яго сабакамі, Круцяць назад рукі, Зазнаў казак ад паганых Смяротнае мукі. У склеп яго, маладога, Той пан замыкае, А дзяўчыну пакрыткаю Па свету пускае.
Кос-Арал 1848

***

Ой люлі, люлі, мой родны сыне,             Удзень і ўначы. Пойдзеш, сыночак, па Украіне,       Нас кленучы. Сыне мой, сыне! Не кляні татку,             Не памяні! Кляні, мой родны, родную матку,—             Мяне кляні!.. Мяне не стане,— не йдзі ты ў людзі,—             Ідзі ты ў гай: Гай не спытае, бачыць не будзе —             Там і гуляй! Там да каліны сябе, дзіцятка,             Ты прыхіні!.. Яе любіла, я — твая матка,             Ў былыя дні. У сёлы пойдзеш, у тыя хаты,             Дык — не нудзі. А як пабачыш з дзеткамі маці,             Дык не глядзі!..
Кос-Арал 1848

***

Утаптала сцежачку       Цераз яр, Цераз горы, сэрцайка,       На базар, Прадавала бублікі       Казакам, Ўтаргавала, сэрцайка,       Пятака. Я чатыры капейкі       Прапіла. За пятую дударыка       Наняла. Дый зайграй жа, мой дударык,       На дуду, Няхай сваё горачка       Забуду! Вось што за дзяўчына я,       Што за я! Сватай мяне, сэрцайка,       Выйду я!
Кос-Арал 1848

***

      I шырокую даліну, I высокую магілу, I вячэрнюю гадзіну, I што снілі, гаварылі —       Не забуду я.
      Ды што з таго? Не вянчаліся, Разышліся, як не зналіся, А тым часам дарагія Гады тыя маладыя       Марна адплылі.
      Памарнелі мы абое: Я ў няволі, ты ўдавою, Не жывем, адно блукаем, Гады тыя ўспамінаем,       Як раней жылі.
Кос-Арал 1848

***

      На гародзе, каля броду, Барвінак не ўсходзіць. Чагось дзеўчына да броду Па ваду не ходзіць. На гародзе каля тыну Сохне на тычыне Хмель зялёны; не выходзіць Дзяўчына з хаціны. На гародзе, каля броду, Стан вярба схіліла. Зажурылася дзяўчына, Цяжка затужыла. Плача, плача ды рыдае, Як рыбінка б’ецца... А з дзяўчыны з маладое Паганец смяецца.