Вячэралі ў светлай хаце,
Мёд-віно пілі
I ў пакоі на пасцелі
Адпачыць ляглі...
Не мінула тая слава,
Не марна пайшла:
Ўдава тая маладая
Сына прывяла.
Маленькага гадавала,
Да школы вяла,
А як скончыў сын вучыцца,
Каня набыла;
А каня яму купіўшы,
Вышыла сядло —
Яно ў золаце зіхцела
I ў шаўку было;
У чырвоным, у жупане
Сын ішоў на шлях —
На каня яго саджала:
Ворагам на страх!
— Паглядзіце! — Маці з сынам
Ішла ўздоўж сяла
I, прывёўшы да абозу,
У войска здала,
А сама яна ў манашкі
У Кіеў пайшла...
Кос-Арал
1849
***
Як бы табе давялося
Ў нас папанаваці,
Дык ведаў бы, пане-браце,
Як іх называці,
Гэтых тваіх нешчаслівых
Дзяўчатак-пакрытак;
А то меле несусвецце
Ды думае: — Мы то!
Мы пакажам людзям, свету
Нашых зганьбаваных
Ды навучым шанавацца
Панічоў паганых! —
Шкода й працы! Покуль сёлы,
Покуль паны ў сёлах,
Штодзень, браце, бачыць будзем
Пакрытак вясёлых
Па шыночках з салдатамі,—
Не турбуйся, браце!
— Добра, кажу. А ўсё-такі
Маю расказаць я
Вось гэтую, апошнюю...
Панічы, зважайце!
Дзяўчаты сена днём граблі,
А дзецюкі капіцы клалі,
Ды, знай, на сонца пазіралі,
Ды несусветчыну вярзлі,—
Вядома, хлопцы! А смуглянкі,
Нібы сарокі, сакаталі
Ды да крыніцы учашчалі —
У яр на гулянкі.
Красуня ж усяго сяла
Даўно з глячком у яр пайшла,
Назад вярнуцца не спяшае;
А прыганяты й не шукае,
Нібы не бачыць ці забыў.
А ён, аднак жа, хітры быў:
Сабака і стары, і біты.
У балцы пачалі крычаць,
Пабеглі хлопцы ратаваць.
Аж там паніч несамавіты,
Блазнюк, такое стаў чыніць,
Дзяўчыну бедную мардуе,
Дзяўчына бедная крычыць.
Прыбеглі хлопцы, не ратуюць:
Баяцца пана. А адзін,
Наймаладзейшы, азірнуўся
Ды віламі пана
Прасадзіў, як тую жабу.
Застагнаў паганец
Дый сканаў. Якая-ж рада?
Якая парада?
Суд наехаў; паглядзелі,
Папілі заўзята
Тыя суддзі. Закавалі
Хлапца маладога
Ды ў турму яго пагналі,
I болей нічога.
На шырокім тракце ў полі
Карчма пад вярбою
Стаіць сабе ў халадочку,
А пад той карчмою
Загадана ланцужнікам
На троху спыніцца —
Дазволена гарацешным
Там вады напіцца.
Сядзяць разам арыштанты,
Ціха размаўляюць.
А з-за ўзгорку паязджане
На шлях выязджаюць,
Аж тры тройкі,— як звычайна
Коней прыпынялі
Ля карчмы на адпачынак,
Дый дружкі прысталі,
Спяваючы. Коні сталі,
Маладая ўстала,
Ўзяла кварту з пачастункам
Дый пачаставала
Гаротнага нявольніка,
Яго канваіра...
Як жа гляне, як пагляне,
Божачка мой шчыры!
Між нявольнікамі ў путах
Той самы, адзіны
Яе помснік нешчаслівы,
Нясе з Украіны
У Сібір ланцуг пакуты...
А ты будзеш тута
У раскошы, і не будзеш
Не знаць і не чуць ты
Яго плачу штодзённага?
Не пачаставала
Свайго помсніка святога
I не прывітала,—
Толькі глянула з трывогай,
I болей нічога.
Паперадзе паязджане
Рушылі ў дарогу,
А за імі нявольнікі
Бразгалі пакутна
Ланцугамі,— больш нікога
Не відна, не чутна
Ля карчмы... I на хвілінку
Яна засталася
З шынкаркаю. Вакол яе
Пылам узнялася
Шлях-дарога...
I сцямнела.
I век не вялікі,
Не толькі дзень. На хутары
Танцы ды музыкі.
Да поўначы. I прыданкі
Пасцель пайшлі слаці
У камору; маладая ж
Выйшла пагуляці
I прапала. Скрозь шукалі,
Да свету шукалі,
Але марна... Дзе ж дзяўчына?
Дзе? Павандравала
За нявольнікам гаротным
У Сібір... дый годзе!