Выбрать главу
Кос-Арал 1849 — С.-Пецярбург (?) 1858

***

      На Вялікдзень на саломе Дзеці ўсё гулялі Ў пафарбованыя яйкі Дый хваліцца сталі Абноўкамі. Таму к святу З вышыўкай пашылі Сарочачку. А той стужку, Той каснік купілі. Каму шапку, каму боты, Аж гараць падкоўкі, Каму світку. Адна толькі Сядзіць без абноўкі Сірацінка, свае ручкі Схаваўшы ў рукавы. — А мне маці ўсё купляла. — А мне тата справіў, — А хрышчоная мне маці Ліштву вышывала. — А я ў папа абедала,— Сіротка сказала.
Кос-Арал 1849

***

      I залатое, й дарагое Зусім мне, знайце, не шкада Маёй жа долі маладое. А часам вострая нуда Душу агорне, аж заплачу. Ды больш яшчэ, калі пабачу, Як хлопчык у сяле адзін, Бы адарваўся ад галін, Пад тынам, чахнучы ў дакуцы, Сядзіць у зрэб’і у калючым. I мне здаецца, гэта я, То ж маладосць сядзіць мая. I мне здаецца, што ніколі Не будзе хлопчык бачыць волі, Яе святой. Што між бяды Дарэмна, марна пралятуць Яго найлепшыя гады, Што ён не будзе знаць, дзе дзецца На гэтым белым, вольным свеце, I ў наймы доля павядзе, А каб не плакаў у бядзе, Каб толькі прытуліўся дзе, У маскалі хтось адвядзе...
Кос-Арал 1849

***

. . . . . . . . . . . . . . . . . . Мы разам некалі раслі, Кахаліся яшчэ малыя, А нашы маці дарагія Казалі, вырастуць калі, Пажэнім іх. Ды не ўгадалі. Старыя рана паўміралі, Пуцінай рознай мы пайшлі, Ды не сышліся ўжо ніколі. Мяне па волі і няволі Насіла ўсюды. Прывяло На старасці зусім дадому. Вясёлае даўней сяло Чамусьці мне цяпер старому Здалося цёмным і нямым, Такім, як я цяпер, старым. I бачу я,— ў сяле убогім (Мне так здавалася) нічога Не вырасла і не згніло, Таксама ўсё, як і было: I яр, і поле, і таполі, I над крыніцаю вярба Нагнулася, нібы журба Далёка ў цяжкае няволі. Ставок, бліз грэбля, і вятрак 3-за гаю крыллямі махае. I дуб зялёны, бы казак Пад горку выйшаў дый гуляе, А на гары я пазнаю Садок свой цёмны, а ў садочку Ляжаць сабе у халадочку Мае старыя, бы ў раю. Крыжы дубовыя схіліла, Дажджамі надпісы пазмыла... Не словы, не дажджом, аднак, Гладзюсенька Сатурн сцірае... Хай са святымі спачываюць Мае старыя...— Дзе яна Жыве — Аксаначка? — пытаю У брата ціха я.— Якая? — Была малою, кучаравай, Гуляла з намі. Ці згадаў, Чаго ж ты, брат, засмуткаваў? — Ды не, я так. Павандравала Даўно Аксаначка ў паход За маскалямі дый прапала. Вярнулася, была, праз год, Дый з байструком малым, ў клапотах, Пастрыжанай. Было ўначы Сядзіць зязюляю пад плотам, Кукуе, плача і крычыць, Або ціхусенька спявае Ды быццам косы расплятае А потым некуды пайшла, Ніхто не знае, дзе прыстала, Бо адурнела, занядбала. А што за дзеўчына была. Ды проста краля! I не ўбога,— Ды толькі долі бог не даў... А можа, й даў, ды хтось украў I абдурыў святога бога.
Кос-Арал 1849

***

Гатова! Ветразь распусцілі, Пасунулі ў вясёлай сіле Паміж кугою[175] ў Сырдар’ю Байдару[176] ды баркас па хвалі. Бывай, убогі Кос-Арале[177]. Тугу заклятую маю Ты суцяшаў два леты зрэшты. То дзякуй, дружа, лёс хвалі, Што людзі і цябе знайшлі I ведалі, зрабіць з цябе што. Бывай і не крыўдуй, калі Хвалы і ганьбы не сплятаю Тваёй пустэльні, ў іншым краі, Не знаю, можа, і згадаю Тугу на высмяглай зямлі!
вернуться

175

Куга — разнавіднасць асакі.

вернуться

176

Байдара — вялікі човен, абіты скурай.

вернуться

177

Кос-Арал — востраў ля вусця Сырдар’і. Тут Шаўчэнка пражыў зіму 1848—1849 гг. Цяпер там два востравы: востраў Тараса Шаўчэнкі і Кос-Арал.