Ніжні Ноўгарад
1857
ДОЛЯ
Не хітравала ты са мною,
Ты другам, братам і сястрою
Нябогу стала. Узяла
Ты за руку мяне, малога,
I ў школу хлопца адвяла
Ў навуку да дзяка п’янога.
— Вучыся, сэрца, будуць з нас
Калісьці людзі! — ты сказала.
Я і паслухаў твой наказ
I вывучыўся. Ты ж збрахала.
Што з нас за людзі? Ды дарма!
Не хітравалі мы з табою,
Ішлі мы проста, ў нас няма
Няпраўды зерня за сабою.
Хадзем жа, доленька мая!
Мой дружа ўбогі, немахлявы!
Хадзем жа далей: далей слава,
А слава — запаведзь мая.
Ніжні Ноўгарад
1858
МУЗА
А ты, прачыстая, святая,
Сястра ты, Феба[218] маладая!
Мяне ты ў свой падол ўзяла
I ўдаль, у поле аднясла.
I на кургане сярод поля,
Як тую волю на раздоллі,
Туманам сівым спавіла.
I калыхала, і спявала,
Тварыла чары ты... I я...
О чараўнічанька мая!
І мне ты ўсюды памагала,
Мяне ты ўсюды даглядала.
У стэпу, бязлюдным стэпу,
Далёка ў няволі,
Зіхацела, расцвітала,
Як кветачка ў полі!
Ды з казармы той нячыстай
Чыстаю, святою
Пташачкаю вылецела,
I па-нада мною
Паляцела, заспявала
Ты, залатакрылай...
Як жывучаю вадою
Душу акрапіла.
I я жыву, і нада мною
З сваёю божаю красою
Гарыш ты, зоранька мая,
Мая дараднічка святая!
Мая ты доля маладая!
Не пакідай мяне. Ўначы
I ўдзень, і ўвечары, і рана
Лунай за мною і вучы,
Вучы няскладнымі губамі
Сказаці праўду. Памажы
Малітву мне тварыць да краю.
А як памру, мая святая!
Мая ты мама! Палажы
Свайго ты сына ў дамавіну
I хоць адзіную слязіну
З воч неўміручых пакажы.
1858
Ніжні Ноўгарад
СЛАВА
А ты задрыпанка, шынкарка,
П’яная гандлярка!
Дзе забавілася ў ката?
Каму зорыш ярка?
У Версалі над злачынцам
Сееш бляск прамення?
Ці з кім іншым сваячышся
З нуды ды з пахмелля?
Прыгарніся ж да мяне ты
Дый станцуем з ліха:
Абдымемся харашэнька
Ды люба, ды ціха
Пажартуем, пабуськаем
Дый паберымося,
Мая пісаная краля,
Бо я ўжо знямогся
За табою гнацца, бегчы,
Хоць ты й красавала
I з п’янымі ўсё царамі
Па шынках гуляла,
Асабліва з Міколаю
У Севастаполі,—
Ды мне гэта ані ў знакі,
Мне ты, мая доля,
На сябе дай наглядзецца,
Дай і прытуліцца,
Пад крылом тваім у ценю
Ціхім сном забыцца.