Выбрать главу
            Ажывуць стэпы, азёры,             I не верставыя,             А вольныя, шырокія             Скрозь шляхі святыя             Прасцеляцца: і не знойдуць             Тых шляхоў улады,             А рабы шляхамі тымі,             Без крыку і гвалту,             Пасыдуцца ў гурт адзіны             Радасна, вясёла.             I пустэльню апануюць             Вясёлыя сёлы.
1859 С.-Пецярбург

N. N.

Калісьці, як і ты, лілея На Іярдані расцвіла I над зямлёю пранясла Святое слова і надзею. Калі б і ты, Днястровай кветкай... Не, не! Крый божа! Разапнуць. Кайданным шляхам павядуць. I ты, мой цвеце, кволы гэткі... Не вымаўлю...                      Вясёлы рай Пашлі ёй, божа! Божа, дай Ёй толькі долю ў гэтым свеце I больш нічога не давай. I не бяры яе вясною, Нябесны рай не абяцай,— Тут, на зямлі, тваёй красою Налюбавацца ўволю дай.
1859 С.-Пецярбург

***

Ой маю я вочкі, родная маці, Няма каго, матухна, ды аглядаці, Няма каго, сэрцайка, ды аглядаці!
Ой, маю я ручкі, родная маці, Няма каго, матухна, ды абнімаці, Няма каго, сэрцайка, мне абнімаці!
Ой, маю я ножкі, родная маці, Ды няма з кім, матухна, мне паскакаці, Ды няма з кім, сэрцайка, мне паскакаці!
1859 Пірацін

СЯСТРЫ[224]

      Праходзячы па ўбогіх сёлах Панаддняпроўскіх невясёлых, Я думаў: — Дзе спыніцца мне? I дзе падзецца мне на свеце? I потым бачу ува сне, Што дрэўцы ў садзе ў белым цвеце I на ўзгорачку стаіць, Як быццам дзеўчына, хаціна. Дняпро шырокі разгарнуўся! Аж ззяе бацька ды гарыць! Гляджу: у цёмненькім садочку, Пад вішанькай у халадочку Мая адзіная сястра! Многапакутніца святая! Нібы ў раю адпачывае Ды з-за шырокага Дняпра Мяне гаротная чакае. I ёй здаецца — вынырае 3-за хвалі човен той, плыве... I ў хвалі потым і знікае. — Мой брацітка! Мая ты доля! — I мы прачнуліся. А ты... На паншчыне, а я ў няволі!.. Вось так нам давялося йсці Яшчэ ад малку колкай нівай! Сястра, маліся! Будзем жывы, Дык бог паможа перайсці.
1859 Чаркасы

***

      Ва Іудзеі ва дні оны, У часе Ірада[225] цара, Вакол Сіона й на Сіоне Паскуднічалі легіёны Раманскія. А у цара, У Ірада таго самога, I на парозе і за парогам Стаялі ліктары. А цар... Самаўладарны валадар! Лізаў у ліктара халяву, Каб на выдаткі на усе Хоць поўдынарыя[226] пазычыў: А той кішэняю трасе, Вымае грошы і не лічыць, Як быццам старцу ён дае. I п’яны Ірад зноўку п’е! Дык вось не ў самым Назарэце, А у якімсьці там вярцепе, Марыя сына прывяла I ў Віфліем з малым пайшла... Бяжыць паштар ад Віфліема. — Паслухай, цар, расказ ты мой! Гірса і кукаль з лебядой Расце ў пшаніцы. Гэта племя Давідава ў нас узышло! Сячы, пакуль не узрасло! — Дык што ж! — Прамовіў Ірад п’яны,— Па царству ўсім пазасякаць Малых дзяцей, бо род паганы Не дасць як след дацараваць. Паштар быў п’яны, гаварылі. Аддаў сенату ён указ, Каб толькі ў Віфліеме білі Малых дзяцей.                       Ратуй ты нас, Дзіцёнак праведны, вялікі, Ад п’янага цара-ўладыкі! Табе з ратункамі прыйшла Ад горшага святая маці. Ды дзе ж нам тую маці ўзяці? Мы сэрцам голым дагала! Рабы з какардаю на лобе! Лакеі ў залатой аздобе... Анучы, смецце з памяла Яго вялікасці. Дый годзе!
вернуться

224

Сястра — Ярына Рыгораўна, па мужу Бойка, на 2 гады маладзейшая за брата. Прыязнасць між імі існавала ўсё жыццё.

вернуться

225

Ірад — надзвычай люты іудзейскі цар (73—4 г. да н. э.). Па евангельскай легендзе, Ірад, пачуўшы пра нараджэнне Ісуса, даў наказ выразаць усіх немаўлят у Віфліеме.

вернуться

226

Дынарый — срэбная рымская манета.