Выбрать главу
І туга мая — з ветрам на полі, Мая смага — гаючай крыніцы: Няхай будзе і праўда, і воля, Твая Воля на роднай зямліцы!

1925

«Твае блакітнасці нязменны…»

Твае блакітнасці нязменны, Нязменна хараство тваё. А я атруты келіх пенны Разліў якраз ў жыццё маё.
Душа, адданая прынадзе, Цяжкой і горкай, як палын, Забыўшыся ў карчомным чадзе, Ўбірае пах густы нізін.
Мяцеліцы ў жмут паспляталі Без падзялення ночы й дні; І брудна-жоўтай плямай сталі Святло й электрыкі агні.
І нецвярозы і распусны, Забыўся я тваё імя, І не адны галубіў вусны, І не з адной схадзіўся я.
Хоць праўда (мо і выпадкова), Ўстаюць няясна інады, Як скарбы патаёмных сховаў, Даўно забытыя гады.
Мільгне праз хмельныя туманы Жыцця разбаенага сказ, — І моладасць, і сны, і раны, І любы, любы твой абраз.
І нагадаю маліцвенна, Ў збавенне ўверыўшы сваё: Твае блакітнасці нязменны, Нязменна хараство тваё.

1924

Маёй маці

І

Выпраўляла маці сына На чужую старану, Бласлаўляла ладам-чынам, Каб шчасліва павярнуў.
Ды наказвала хлапчыне: «Доля прыйдзе ці міне — Помні, сыне, на чужыне Аб Айчыне, аба мне!
Не запамятай ніколі, Будзеш бедны ці багат, Нашай долі і нядолі, Нашых пожняў, нашых хат».
«Ой, матуля, ой, кахана, Не забыцца думкам, не! Ці то позна, ці то рана Люты смутак душу тне.
А ўспамянеш, бы ў тумане, Бацькаўшчыну і цябе, Сэрца звяне, сіл не стане Біцца ў смутку і жальбе».

ІІ

Ты чакаеш сына, ведаю, З гора, ведаю, з тугі Ўпалі вочы, губы бледыя, Старыць, сівіць лёс благі.
І нястрымнае, і лютае Не пазбудзешся нуды; І клапотамі, пакутаю Гнуць суровыя гады.
Як бярозка тонкім веццейкам, Ў сум прыбралася сама, Бачыць сонца ясным лецейкам, Што табе пацех няма.
І падслухвае пшанічанька, Як на постаці адна Ты ўздыхаеш, і крынічанька Жалю ўскіпвае да дна.
А зімою ноч падглядае Доўга, сцішна пад акном, Як прадзеш, прадзеш, не радая, Не пазбудзеш думак сном.
Як праз ветру спеў з трывогаю Ловіш з снегавых далін, Ці не едзе хто дарогаю, Ці не стукне ў дзверы сын…
Маё сэрца поўна любасці Да радзімае мае, Паміж тлумам у загубнасці Песні помняцца твае.
І калі лучыць нягодная Доля згінуць ў чужыне, Не ўздыхне душа ніводная, Не ўспамяне пра мяне.
Толькі ты згаворыш пацеры Над нядоляю маёй, Толькі вочы мае мацеры Затуманяцца слязой.

1925

«Ўзысці на вогнішча натхнення…»

Ўзысці на вогнішча натхнення, Над тайнаю вякоў гадаць; Валодаць воляй да здзяйснення І ўмець, безмежна ўмець жадаць;
Перадбачаць далёкім вокам І з нестрыванай яснатой; Над хаосам і ночы змрокам Ўладаць гармонні глыбінёй;
І немым быць, і быць бязгучным, І не знайсці патрэбных слоў, Ні абразоў, ні рыфмаў лучных, Не выказаць тамячых слоў;
Чуць за плячыма пару крылляў І сіл не мець зрабіць узмах… О боль смяротны, боль бяссілля! О жах бясплодства, бляды жах!

1924

Хлопчык

На дубец ускочыў конна: «Косю, косю, стой жа, стой. Вось удаўся конь нясонны — Не пастоіць пада мной».
Хлопчык ладзіцца ў дарогу. «Ты ж куды?» — «Далёка, проч!» І, махнуўшы пугай строга, Шпарка ён імчыцца ўскоч.