Выбрать главу
Ах, свавольнік мой, патвора, Бегай, смейся і гуляй. Не дакучу я дакорам — З год дзіцячых карыстай.
Што ж, жывучы потым ў свеце, Нагадаецца якраз, Як скакаў к далёкай мэце На дубцы вярхом падчас…

1924

Бяссонне

Смяротнае, глухой тугі Зіяе чорнае бяздонне… О час запынены, благі! О ноч жахлівая бяссоння!
Не сплюшчыць высахшых вачэй І пустаты не здолець немай. Душа ў пацёмках, без надзей Стаіць над нейкаю дылемай.
Тупы, халодны шчэміць боль, Плывуць бязвольна думы ройма, І жах цячэ праз сцены, столь І песціць ў абцугах-абоймах…
Адна-аднюсенькая грань Да новай, дзіўнае свабоды: Ўстае у жоўтым, здрадным здань І ледзянячы вее подых…
Рукой нячутнай Шал кране, І вернай не мінуць загубы… Малюся — выратуй мяне, Спакой адвечны, мілы, любы!

1924

Меч

Яго ў зямлі знайшоў маёй разлогай, Аручы прадзедаў вузкі загон. Вясёлым звонам аказаўся ён, Калі чапіў канцом майго нарога.
Абцёр набожна йржу часу благога, І заблішчаў старых стагоддзяў сон, І надпіс на клінку, нібы закон, — «Дарэшты бой!» — зірнуў загадам строга.
І вось няма нясмеласці, разваг. Для сэрца вернага — чужынцам страх: Радзімы схоў вартуйце, маткі, сёстры!
Я з грамадой іду па шчасце нам. Мой меч зіхціць, непераможны, востры. Змагуся сам — дык сотням перадам!

1924

«Хто мужны, хто смелы, хто дужы…»

Хто мужны, хто смелы, хто дужы, Хто цэлем працят залатым, Над тым неўладарныя сцюжы, І лёс не ўладарны над тым.
Хто к страху глухі, безразважны, Хто з воляй каванай, як сталь, Той хмелем трывогаў адважны, І шлях яго толькі у даль.
Ёсць радасць у ярасці бою, Ў змаганні скрыжованых сіл, — Спаткаць сваю волю з чужою, З гарачнасцю іншай свой пыл.
Не бледнуць, у час небяспекі Стрымаць неслухмяную кроў; Прад вокам упартым павекі Не хінуць ганебна далоў.
І ведаць — у бойцы зацятай Пагібельнасць жджэ ваяка, Ледзь сумніў кранецца шурпата, Ледзь крыху аслабне рука.
Так досць наракаць на нядужнасць, На горкія долі свае. О думнасць! О смеласць! О мужнасць! Вам песні і песні мае!

1924

«Над нядоляй Тваёй не заплачу…»

Над нядоляй Тваёй не заплачу І на свой не пажалюся лёс, Хоць і ведаю — доля лядача І балюча, часамі, да слёз.
Хоць і ведаю сум і утому І не раз давяраўся мане, Ды ці ж мне выгалошваць жывому, Запяваць паніхіднае мне?
А ніколі, ніколі, ніколі: Мы — не вецер распачны зімой; Ты — застанешся верная волі, Я — на варце нязменна з Табой.
Ні часіны не кінем змагання; Не аслабне, не здрадзіць далонь: Хто заквечаны кветам кахання, Той нянавісці знае агонь.
Чым гусцей над Табой пацямнее, Чым цяжэй будзе крыж Тваіх плеч, — Тым запальней здымацца ўзмацнее Мой кароткі караючы меч.

1924

Восень («Глухой, таёмнай сцежкай…»)

Глухой, таёмнай сцежкай Падкралася за летам, Уселася на ўзмежку І занудзіла светам.
Няўпынна, безнадзейна, Слязьмі, як мак, драбнютка Заплакала нявейна, Маркотна і няхутка.
І з ёю разам хмары Заплакалі дажджамі, Навіслі шопай чмархнай Над вёскамі, палямі.
І то ж бо: неласкава, Пустэльна поле, гола, Ў стагах стаіць атава, І пушча жоўта-квола.
Ў паветры мятульжыцца Убор вясны раскошні, Кружляючы, лажыцца Бясшумны ліст апошні.