Выбрать главу
Рабіна ўжо чырвона, Не чуць птушых спяванняў, — І ў мяккіх шэрых тонах Настрой ціхі канання.
І на кустах, на руні, На йржанні-павуценні; І за гумном, за пуняй Дрыжаць даўжэй суцені.
І сонца слаба ўсмешка, — Як хмара, небарача, Бо восень вось на ўзмежку, Бо восень плача, плача…

1924

«Нашы тайны й жаданні, як рэчы, як кветы…»

Нашы тайны й жаданні, як рэчы, як кветы, Маюць водар і якасці фарб. Іх багацці і тонкасць — цудоўныя светы, Іх калёраў нязлічаны скарб…
І калі ты прыціхнеш, дзяўчына, няждана І замысліцца воч ясната, Хараство летуценняў тваіх незраўнана, Незраўнаная іх любата.
І здаюцца мне раніцай снежныя горы, Там нічый непракладзены шлях, І альпійскай фіялкі ў празрыстым прасторы Ледзьве чутны чаруючы пах.
Але ўсенька, сяброўка, усенька гавора: І румянец, і грудзі, і стан — Ап'яніць і ўзбунтуе галованьку скора Ружаў вакхавых млявы туман.

1924

«Хто там паклікаў?..»

Хто там паклікаў? Спяшаю за кім? Хто так ўладарна й нячутна? Ты, незнаёмая, правам якім, Сілай якою магутна?
Доўгі з пытаннем супынен пагляд, Чорныя вочы — вуголлі. Кроўю і крозай закляты — ўжо фат, Следам імкну мімаволі.
Ўсё заўважаецца — шэрасць, туман, Людзі, рух вуліцы хуткі. Гнуткі, паветравы ўслізгвае стан, Крок яе лёгкі і пруткі.
Вось азірнулася — полымя з воч, Профіль спакойны ж і тонкі. Профіль… І бегчы?.. як смешна!.. А, проч! Боль, як і радасці, - звонкі!
Сэрца, замоўкні, ўзрушэнне, адрынь! Дзіўна мне мерай ты мерыш. Біцца, маё неразумнае, кінь! Як немагчымаму верыш?

1924

На постаці

Сумнай песні голас, Бы ў цудовым сне.. Жыта спелы колас Жнейка хутка жне.
Сонца жар. Знямога. Спёка, гарачынь… Пачакай, нябога, Крыху адпачынь!
Выпрастала спіну, — Шчок палае мак, Стала на часіну І знямела так.
Задуменне пала, Пазірае ўдаль. Мо аб чым згадала? Мо кагосьці жаль?

1924

«Месячыку-месяц…»

Месячыку-месяц, Срэбненькія рожкі З-за хмарынкі, месяц, Выгляні хоць трошкі.
Бедная галоўка, Што не мае долі: Дажынаць свякроўка Кінула на полі.
Супраць ночы цёмнай Ледзь дамоў вяртаю, Цішынёй таёмнай Цемната пужае.
Мгліца ў вочы лезець, Не відаць дарожкі, Месячыку-месяц, Срэбненькія рожкі.

1924

Віно звініць

Адно для нудных рэзанёраў Віно разбаўліваць вадой. Я светам недасяжных зораў Гару іскрыста прад табой.
Я ў патаёмным церпкім хмелі Падзіўна-весела таю Табе, што завірухі пелі, Надзею пэўную тваю.
У келіху, да краю поўным, Чырвона-цёмнае, бы кроў, Я клічу бачаннем чароўным Да нездзяйснёных думных сноў.
Прыйдзі і пі!.. Ўваччу памершым Зайграю бліскам маладым, Каханнем незраўнана першым Узрушу ў сэрцы залатым.
Праз лёс крывавы і лядачы Я прывяду цябе к вясне… О, ўсё згубіўшы да астачы, Ты знойдзеш радасці ў віне!

1924

«Прытулі, сястра, слабога…»

Давно завидная мечтается мне доля…

А. Пушкін
Прытулі, сястра, слабога, Прыгалуб, каханка-смерць. З гэткай шчырасцю нікога Не прасіці мне, не смець, — Прытулі мяне, слабога.
Ўсё кахаў на гэтым свеце І адбіў паэт ў сабе. Пад далёкія павеці Закаханы йду к табе, — Ўсё кахаў на гэтым свеце.