Выбрать главу
Песні ўсе мае дапеты. Да цябе апошні верш: Абдары мяне прыветам, Пашкадуй, як маці, перш… Песні ўсе мае дапеты.
Ў ціхі, змрочны час змяркання Заручы душу з сабой. З тайнай радасцю спаткання Жджэ нязрадны, верны твой, Ў ціхі, змрочны час змяркання.
Ад цяжкіх нягод зямелькі, Ад дакучных, крыўдных слоў З ласкі смерці-збавіцелькі Я прыйду ў палацы сноў — Ад цяжкіх нягод зямелькі.
Будзе добра, лёгка, ціха, Супакойна, люба мне. Не стрывожыць цішы ліха, Гора сэрца не пратне. Будзе добра, лёгка, ціха…

1924

«Усе мы страчаныя…»

Усе мы страчаныя, Нібы ў траве сляды. Пражыць прызначаныя Спяшаемся гады. Шляхі нямераныя Цярэбяць нам віхры, А мы, знявераныя, Пільнуемся нары. Рабы прыгнечаныя, Ледзь-ледзь мы жывямо, Душой скамечаныя, Валочыма ярмо. Жыццё драбязгавае, Нібы асенні дзень, Мы перабразгаем І пройдзем, быццам цень. І нат успомінамі Не ўцешымся падчас, Вятры над комінамі Не нагадаюць нас. Ды вам, узрушаныя, Што ўчулі звонаў медзь, Душа не змушаная Не кіне славу пець.

1924

Праметэй

О няволя… нясіла… Ды не! З гордых вуснаў не вылеціць стогн! Пакарацца, хіліцца не мне! Гнеў, як полымя, мора імкне, І ў вякі, і ў вякі мой праклён! Мой праклён, мой пратэст — нібы гром, Хай пачуюць, хто думаў, хто смеў, Хто маім прасвятляўся агнём. Ганьба! Вечная ганьба багом, Чый магутны, няправедны гнеў!

1924

Экспрэс

Едуць, едуць паязджане.

Я. Купала
«Маладняку» да 3-х угодкаў яго існавання
Сёламі, доламі, борам, прасторам Стукаты, грукаты, звон. Збуджаны, знуджаны, змораны горам, Зможаны змора і сон.
Скогатам, рогатам рэжа паветра. Супраць карагі, ламы… Бурнасцю ветра з панурага нетра, — Хто гэта? Хто гэта? — Мы!
Ад спанку, з паўстанку мы рушыма ранкам, Выраю высіцца зык. Рэха, грымоты, разводдзе-заранка, Наш бліскавіца-цягнік.
Мінуты міма жальба і жалоба, Жорсткае джала жалю. Радасць буялая, радасць-аздоба Зяблую зябіць зямлю.
Верыма, верым вясёлаю верай, Лёсам даверана нам: Шлях нам — бясконцы, нямераны мерай, Шлях нам заказаных брам.
Мкнем напярэсціг, навысціг удалей, Вечнасці наперарэз… У далі ўсё далей і далей для далей Рушыць і крышыць экспрэс.

1925

Вершы аб Вільні

І

Калі сябры нас гудзяць згубаю І ворагі прарочаць скон, — Тады к Табе, о Вільня любая, Прыводзяць згадкі у палон.
Ў маіх лятунках ты — ўладарная, Пануеш ты, харашыня: Завулкаў сон і ціш кляштарная, Віллі празрыстай глыбіня;
Вялікай вуліцы экзотыка, Тэатры, кіно, шпіталі: І маліцвенна ўзносіць готыка Да неба тонкія шпілі;
Святая Ганна — спеў, напеўнасцю Салодка ўзрушаны ўсягды; А поруч з бізантыйскай пэўнасцю Царква прысела ля вады;
Увечар за гарой трохкрыжнаю Палае захаду пажар, Як знак, што веліччу аблыжнаю Яна не выкліча ахвяр;
І плюск Вілейкі, хвалі ветрыка Люляюць Бернардынскі сад; І мільгаціць праз ноч электрыка Ў зацёмкаў мескіх шалы чад;
Плыве па вулках пыха панская, Распуста, блуднасць і мана; І ярасць жорсткая, паганская Бліскае ў вочах літвіна.
У жыдоўскім гета дробязь, клопаты І аб Сіёне сны ў туман, І гэткі ж сум, і тыя ж допыты Вядуць таполі базыльян.
А там, па-над мурамі даўнымі, Дзе места ўсенькае відно, Руіна думамі дзяржаўнымі Гадае нам: чыё яно?