Выбрать главу
Але ўжо лёс рукой няўхільнаю Загад вызначвае з вякоў: Усё магутней б'е пад Вільняю Прыбой нямоўкнучы з палёў…
Ўсё пераможней нестрыманае Стыхіі шум і бурны круг… О, места роднае, каханае, Цябе залье крывіцкі рух!

ІІ

О, Вільня, крывіцкая Мекка! О, места, — ўсё цуд, хараство! Дзяржаўная думнасць павекаў, Узнята рашуча брыво!
Абліччам пад ветры і буры, Туды — у разлогі палёў, Дзе гоняў рунелыя суры, Ўзіраешся, поўная сноў.
Чытай жа, чытай жа праз цемень, Праз гэты бяздолля туман, — Там дзеці жаданнем, бы крэмень, Кляліся на новы каран.
Там дзеці (твае яны дзеці!) З-пад слепых, закураных хат… Вітай жа — ў часы ліхалецця Змагарскі іх блішча пагляд.
Ім кажуць прапасці са свету, Ў парожнасць рассеяцца, ў дым; Ды думкай, бы выш мінарэту, Стаяць яны ў ветрыску злым.
Ім доля дала паніжэнне, Ды Бога крым Бога няма; І Бог іх адзін — вызваленне, І зненавісць іх да ярма.
Руіна замчышча — Кааба — Ім прошча ўздыханняў і дум. Салодкіх лятункаў — прываба, Ў сваім запусценні — іх сум.
У крыўдзе і горы пякельным Пагудкі, як клічы адны, Чакаюць наўкол непадзельна, Каб рушыць разводдзем вясны.
Ўжо ў песнях звініць перамога І крокамі курыцца шлях… Але ці там чуеш святога? Ці вее прарокавы сцяг?
А ён, паганяты, няўзнаны, Душой шчэ згарае між нас, — Хоць месяц мінуў Рамадана, І вызначан тэрмін і час.
Ці сэрца гартуе да чыну? Ці ў модлах да Бога свайго? Між тых, хто ўцяклі да Медыны, Ці бачыш, ці бачыш яго?
І ты ці чакаеш пад здзекам, Што бомкне ўрачыстая медзь? О, Вільня, крывіцкая Мекка! Ці варта прарока ты стрэць?

1925

«Наш лёс, бы кат з рукой забойнай…»

Наш лёс, бы кат з рукой забойнай. Бязлітасней рука каго? Ды ўмее вой адзін спакойна, Без роспачы прыняць яго.
І ўмее вой цвёрдакаленна Ўстаяць перад навалай злой І ўсё губляючы, нязменна, Данесці абавязак свой.
Губляць жа болей немагчыма І зносіць болей немага: Народ, Свабода і Радзіма, — На ўсё прыйшла адна чарга.
Найдаражэйшае, святое — Ўсё, чым натхнялася душа, Чужою збэшчана рукою, Сваволяй скута палаша.
Але пад лобам хмурым гэтым, У гэтай думнай галаве Імкненне да апошняй мэты Непераможнае жыве.
Непераможнай волі шалам, Перамагаючым і лёс, Звініць душа з былым запалам, Звініць без сумніву і слёз.
І покі пруткі шчэ цягніцы, І покі ў жылах точыць кроў, — Ніхто не ўбачыць голаў ніцы, Пакорлівых не ўчуе слоў.
І покі сэрца поўна гневам, І гнеў драпежней крумкача, — Вітаю бой ваяцкім спевам І звонам вострага мяча.
Калі ж нараз ад лучнай раны Звалюся, сходзячы крывёй, І вораг, перамогай п'яны, Накпіць нягожа нада мной, —
Я і тады здалею гарда Стрымаць гадзін апошніх золь, Мая нянавісць і пагарда Не ўдасць, не здрадзіць люты боль.

1925

Летні вечар

Дзень хустачкай чырвонай захаду выцер пот. Дзень утаміўся і ў клунак змроку Звязаў неспакой, клапоты І пазяхнуў ветрам — лёгка, летункова. Сутунелым крылом Туліцца к вёсцы ціша І пахціць скошаным сенам І кароўім сырадоем.
Зараз прыйдзе Матка-Ноч, Добрая, такая пяшчотная, Пакрые коўдзеркай-цемнатой, Заплюшчыць дню вочы: «Спі, натомлены!»

1925