Выбрать главу

Восень («О хараство асенніх дзён празрыстых…»)

О хараство асенніх дзён празрыстых, Бязгутарнасць прыроды і спакой. Ўрачыста полем з пушчаў залацістых Прыйшла туга і пала над вадой.
А там застыла яснасць даляў чыстых Над цёмнай рунню й чорнай цаліной, І холад лёгкі ў косах прамяністых Разліла сонца хваляй нежывой.
Наўкол сляды павольнага канання І веліч нетутэйшага маўчання. Прымаю корна сон зямлі азурны.
І летуціцца сцішанай душы Такі ж спакой, халодны і бязбурны, І адцвітанне яснае ў цішы.

1925

Гекзаметры

*
Смутак пахмуры чала не замрочыць спакушаных, мудрых, Цяжкі панурасці грэх не зачэпіць ніколі разважных, І абурэнне іх дух з раўнавагі не выведзе раптам — Дзева Палада спакой іх і ціхую яснасць вартуе.
*
Сябра, зірні — вось палёў хараство праміне і загіне, Але вясёлай вясной красаванне іх поўна і светла. Можа, таму ты й жадаеш быць толькі малюсенькай кветкай, Польнай сцяблінкай слабой, каб пражыць беспасрэдна і проста.
*
Звозячы ўвосень плады, што паспелі на дрэве і ў полі, У тайны прыроды ўнікаючы, я памятаю няўхільна — Яркіх маланак агні і грымотаў працяглыя гукі, Рэху, ўздыханні зямлі, ім адгучную гулка і згодна, І дабрадзейных зямельцы дажджоў, навальніцы і бачу Мудрасць у гэтых праявах, у гэтым суладдзі адвечным.

1925

Пентаметры

Келіхі, сябры, паўней! Асыпаюцца яблыняў кветы, Гіне вясны хараство — бела-ружовы убор, Дзеці ўздыхаюць па ім, але мудрага яснасць няўзрушна; Там, дзе распукваўся квет, к восені выспее плод. Келіхі, сябры, паўней! Час прызначаны кожнай праяве: Моладасць прочкі імкне. Сталасці прыйдзе чарга!

1925

Virelai

Я бачыў сум ваш і жалобу, Ды сэрцу шкода не было. Вачэй былі магутней чары І хараство святлей на твары. Тугу прымаю, як аздобу, Мадонны ўбраўшую чало. Я бачыў сум ваш і жалобу, Ды сэрцу шкода не было.

1925

«Божа, не шмат засталося…»

Божа, не шмат засталося Піць мне з келіху дзён. Восень, як жменю калосся, Скосіць жыцця майго сон.
Скосіць халодна, дазвання, Ў сэрцы насмешлівы здзек: Сумна тваё адцвітанне, Квеце зямлі, чалавек!
Вось і згарэў даастатку Ў вогнішчы горкім жыцця, — Ўсё ж навакола — загадка, Чым жа пацешуся я?
Цёмна светабудова, Мгліста і глуха за мной. Не чуўшы сапраўднага слова, Польнай хілюся травой.

1925

«О, гэта аповесць звычайна й каротка…»

О, гэта аповесць звычайна й каротка Аб долі жахлівага зместу. Спавіла, залюляла салодка І выйшла на места.
Дзіцятка? Хто вінны? — ды згадваць дарэмна, Клясьці — яшчэ марней. На вуліцы ночнай і дрэмнай Спынілася, жджэ пад ліхтарняй.
Ў свядомасці горкай — гарчэйшая згадка, І вочы блішчаць нехароша: Выгналі з фабрыкі матку — Ўбогім кахацца раскоша.
Бяздушны муры, і сірэнаў пагудка, Дражняць убранні багатых. Навошта ж спынілася тутка, Ці не крыўду сваю прынясла ты?
Спяшаюцца людзі, у кожнага дзела. — Чаго ж ты чакаеш, жанчына? — Змяняць сваё цела На хлеб для сябе і для сына…

1925

Вершы спадзявання

I

Ля ног тваіх маўчаць трывогі І думкі маліцвенна-строгі, Як мнішкі белыя гурбой Ў цішы пуціны лесавой, О, соладка ля ног тваіх, У плашч чароўнасці адзеты, Схіляюцца красою кветы. І вецер сіверны заціх.
Бязбурны дзень — вачэй затокі, Яны празрысты і глыбокі, І ясны, як вясны палон, Іх лёгкі, ціхамірны сон. Мне люба сніць (бязбурны дні!) Аб шчасці гэткім квола-крохкім І веславаць лятункам лёгкім Па крышталёвай глыбіні.