Выбрать главу
О мармур светлага чала Пад пасмамі глухой завеі! О тонкіх рук, о рук лілеі, Што не чынілі справы зла! О хараство зялёнай пальмы! Ты ўся звініш напевам псальмы, І росных траваў родны пах Кадзіць на твой азурны шлях!
Якая слабасць і спакой, Якая дзіўная суточнасць — У свет нясці адну пяшчотнасць І ўсё змагаць адною ёй. А мне маліць — мая Марыя, Прымі малітвы маладыя І яснасцю душы тваёй Маю пахмурую напой.

II

Яна пяе
Ах, што ведаю я, што змагу, — Чую ў сэрцы вясёлку-дугу; А дзявоцтва гады, як прадвесне, — Як крыніца, звіняць на лугу, Разліваюць вясёлыя песні.
Ах, што ведаю я, што пачну, — Мляўкі пах ап'яняе вясну, — А ў садку маладых летуценняў Усё кветы, куды ні зірну, Усе кветы ў вабоймах праменняў.
Ах, што ведаю я, што ільга, — Гэта сэрца стрымаць немага, Ў ім і кадзіва сноў, і ўздыханні, А ружовая хмарка-туга Росціць любыя ружы кахання.
Ах, што ведаю я, што зраблю, Не схаваць мне таго, што люблю, Не ўтаіць сарамязліва-квола, І хацела б згубіць, не згублю… Сэрца, сэрца, не біся вясёла!

III

Жыццём, жыццём, як хісткай кладкай, Бурліцца, пеніцца вада… Ты нада мною вееш згадкай, Мая ж няроўная хада.
Як месяц, воблік гэны бледы, І жах бязлітасна жане. Куды? Навошта? — скуль мне ведаць? Мой лёс злажылі без мяне.
Пусцілі — йдзі (жыццём, бы кладкай!), Пакутуй гэтта, хоч не хоч. І вось, нядужы над загадкай, Я паклякаю ў цемру, ў ноч.
І каб не сны ў душы прапаснай, Які б ён — сэнс таго быцця, І каб не ты з усмешкай яснай, Усмешна-ясная мая!

IV

Ты спыніла мяне каля дзвераў, Ўзнікшы ў памяці зоркаю вернай. Я ў збавенне маё не паверыў, І спусціўся па сходах таверны.
На абрусах тут брудныя плямы, І сумота ў піяцкім абліччы: Мне не выпаўзці з гэтае ямы, Не паслухаць далёкага клічу.
Ты жыццём, нібы жытняй мяжою, Паступаеш свабодна і пэўна, Я агорнуты снежнай імглою, — На шляху маім вее завеўна.
Над табою блакітнасці келіх, І ў вачах тваіх ціхая яснасць, Я прыношу апошні мой шэлег, Каб заліць гэту злую напаснасць.
Не схаваю свядомасці млоснай Ад цябе, незраўнанага, баю: Раскрыжованы доляю злоснай, Як жа душу маю захаваю?

V

Памятаеш ты помны той вечар? (Я яго захаваў назаўсёды.) На трывогу здзічэла дзьмуў вецер, І крывавілі раны заходу,
Нібы волата сэрца прабіта І крывёй яго неба заліта.
Я казаў аб зямным бытаванні… О, так горкай свядомасці мова! О духота, глухія ўспрыманні! Яно грукае, цяжкае слова,
Як віхура аб шыбы, завейна, Як цвікі да труны, безнадзейна.
Вечар доўгі згараў хварабліва, Доўга падалі словы-каменні, Ты ўважала спакойна й маўкліва І няўзрушна была у цярпенні.
І як сціх я, была бестрывожна, Як шляху свайго пэўны дарожны.
Падышла і схілілася: «Годзе! Супакойся, маё небарача, Гэта толькі тваё ліхагоддзе Усміхнулася дзіка й лядача».
Ціхамірнага часу над намі Спеюць радасці светлымі днямі.

VI

Маіх надзей вясёлых кветы Паталі з горыччу на дне У бурным, як юнацтва леты,
Ў глухім віне.
І вось, здаволены сабою, Здаволіў я маю душу, І ні збавення, ні спакою