Выбрать главу
Я не прашу.
Няхай для іншых сны аб шчасці, Няхай збаўляюцца, чым хоч, Віно — мне ўцехай у няшчасці
І маткай — ноч.
Нашто ж хадой прыйшла ўрачыстай, Нашто ты, светлая, прыйшла Ў сваёй апратцы снежна-чыстай
Ў прытулак зла?
Ты ззяеш яснасцю і светам, Тваё няўхільна хараство. Нашто ж табе піяк адпеты
І гэткі во?
Нашто хвалюеш і трывожыш? Нашто заве пагляд святы? Ў жаноцкай кволасці што можаш,
Што можаш ты?
Нашто спяваеш так высока? Аб недасяжным спеў нашто? Перад прысуду страшным вокам
Ці ўстоіў хто?
Нашто спынілася на шляху Маіх трывог, маіх завей? Зямных загуб, зямнога жаху
Ці ты дужэй?

VII

Ледзь знаёмы пачуецца гук, І туга, і хаўтурнае змоўкне галошанне. О лілеі пяшчотныя рук, Мая радасць і дзень уваскрошання!
Спадзяваннем апошнім ты так неспадзевана Зазіяла ў маёй цішыні. А я думаў, што ўсё пераспевана І даспеваны гэтыя дні.
Варажы ж, варажы невымоўнае бачанне! Мне звінець і звінеці мацней. Будзе ноч немінучая — страчанне Тваіх рук незраўнаных лілей!

VIII

Няма збавення Апроч пекнаты. Ў маім маленні Адзіная ты.
Адной між дзеваў І верных жанок Высокіх спеваў Адвечны зарок!
Прамень світання І сонечны госць, Людзей вітання Ты вартая ёсць!
О, будзь хвалёна, Вялічана будзь! — Табой збавёны Не вызнае жудзь.
Малю й гукаю Ў няўхільную сінь: — З тугой адчаю Мяне не пакінь!
Ў баі жыццёвым Адвагі прыдай, Надзеі словам Мяне прывітай.
Пакліч павеўна І радасць разлі, Дазволь мне пэўна Ступаць па зямлі.

IX

Калі змрочнасць ахутвае цьмяная Ціхавейнаю хусткай утомы І рука яе, ў суцень прыбраная, Зацірае ўсе рысы й зломы;
І калі цішыня нерухомая Заплятае на сон свае косы І на кветках красой невядомаю Заблішчаць пераліўныя росы, —
Я хачу вам сказаць далікатнае, Што, як вашы лятунні, - люботна Уздыхнуць і згадаць невыдатнае, Што гучыць без тугі, бесклапотна.
Як дзяцінства гады незваротныя, Тыя гукі, што родзяцца ў цішы; Як вады плюскатанні пяшчотныя, Чараванне тых слоў закалыша.
І ушчэнт закаханасці поўныя І таго, што не выкажаш мовай, Мы пяройдзем мяжу ў невымоўнае, За рубеж чалавечага слова.
Блізасць гэткая шчэ не запісана, Хоць для сэрца ад веку радзіма. Немагчымасцю сэрца ўкалысана, Немагчымае блізка й магчыма;
Калі росы, як пэрлы срабрыстыя, На лістках і на травах так густа; Калі змрочнасці ціхай празрыстая, Легкавейная, кволая хуста;
Калі мяккасцю фарб незвычайнаю Задрамала лагоднасць над светам; Калі сувяззю вечара тайнаю Ноч суточана з днём яснакветым.

X

Апошнія косы, Халодны — «бывай!» Пасеялі росы І зніклі за гай.
Як сум без імені, Па твары зямлі Пабеглі паўцені І смугай ляглі.
А ноч, чараўніца, За днём па сляду, Далёкай зарніцай Мільгнула — «іду».
Ад сонца цалункаў Зямелька п'яна, І змрок падарункам Прыняла яна.
І радая ночы, Што паліць агні, Ледзь чутна шапоча: «Вазьмі, палані!»
І тайнасць прасторы Завесіць імглой, І дальнія зоры Засвецяць над ёй…