Выбрать главу

XI

Ў прыродзе так светлы Змярканне й рассвіт, Так просты, так ветлы Спатканне й развіт.
А нам з табой смутна Ў каханні сваім, І радасць магутна Не ўзлеціць над ім.
Палючы і хмуры Агонь нас апёк, І палкасць натуры Хавае наш зрок.
«Умерці» — мы тоім Ў глыбі нашых воч. «Умерці абоім У гэтую ноч».
І моцы жадання Асіліць не нам; Ахвяру змярканню Людскую аддам.
Хоць спуджаным будзе Крык з вуснаў тваіх, Як любае грудзі Прытуліць жаніх.
Зашэпча прастача Шаўкоў тваіх бель, І будзе гарачай І душнай пасцель.
А белая рожа У пасмах валос Самоты не зможа І звяне без слёз.

1924–1925

Да Персі Шэлі

I

Сваё жыццё паклаў на шалі, А будучыня — цёмны лес. Згадаўся думцы кволы Шэлі, Ягоны светласпеўны лёс…
Іду няроўным, хібкім крокам, За мной пануры іншых рад, І боль на сэрцы крука крыкам, І фарбіць горкім смехам рот.
Пажарам спаленыя далі, І над мінулым чадны дым… Хто ж верыць шчэ кахання долі? Хто ж захаваў з нас яснасць дум?
Яго ж праз век нязменны белі, Ён для народаў ясны сон. І я ім палагоджваў болі, Я — год жахліва-шалых сын…
Дзіцяча-мудры, кволы Шэлі, Дажджом блакіту сэрца злі, Майго жыцця гайдае шалі, Рагочучы і мсціва-злы.

II

Як магло бы дзяўчо без люстэрка Кволых вёснаў пазнаць хараство? Што было б к параўнанню ёй мерка І прыбрацца было б якаво?
Ці Нарцыс ганарыўся б з уроды, Ці дазнаўся б ўладарства свайго, Каб не светлыя ціхія воды, Што адбілі ў глыбінях яго?
І струна, каб не роднае рэха, Каб не гэты ўзрушаючы гук, Ці дрыжала б салодкай уцехай, Ці гаіла б нястрыманасць мук?
І ад багны, ад рудага зрэб'я Ці лілея б цягнулася ўвыш, Каб не сонца прыветнае ў небе, Не святло яго ў зяблую ціш?
І куды б мае думкі ляцелі, І над ставам схілялісь якім? Што пазнаў бы ў нябесным касцеле, Каб не ўверыўся песням тваім?
О, чароўнасць! О, сонца! О, Шэлі! О, ні з кім не зраўнаны, ні з кім!

1923–1925

Альбігоец

Прыйшоў ка мне той, раскрыжованы, здань, Што сном несмяротнасці мучыць стагоддзі, Быў твар яго ясны, як летняя рань, І йшоў ён, як дзень светлакосы прыходзе.
Пастукаў: «Каханнем сваім надары!» Ды толькі стрывожыў у сэрцы дакуку. Штурхнуў я праклёнам яго па твары І высыпаў лаянку ў руку.
«Ізноў ты гукаеш? Манюка, ізноў?! Ды маем тваіх абяцанак даволі. Збавенне суліў ты, збавенне людзёў, А ў нас, як адвеку, пакута і болі.
Пакінь, не дратуй мяне! Ў чорнай душы Нянавісці келіх хвалюе няўпынны. Ты зло — дабрадзейнасць маю — не глушы! Хвалюся — я дрэнны, я злосны, злачынны!
Высокае праўды й збавення твайго Дарожай зямля мне з грахом і аблудай. І шчасней ад раю і ўцехаў яго Мне ночы з апошняй паскудай.
Мой востры за працай не хібіць штылет, І, славай крывавай, разбойствам вядомы, Я ўсенькае нішчу, дзе толькі твой след, І чыну свайго я свядомы!
Паслухай! Святое у справах тваіх Даводзіць мой сум, маё гора к адчаю. Дарэмныя ружы ад ранаў святых, Дарэмны твой шлях крыжавы — пагарджаю!
Якая пацеха — другое жыццё? Пацеха нябескай заплатай даброты?.. Як смерць, неадлучна мае пачуццё, Мой рогат з авечае цноты.
Не хочу нябёсаў!.. Людскога ты — кат! Ў цябе мая ярасць і злосці каменні, Я — багна, смурод; я поўзаю — гад, — Цябе ж праклінаю ў маім паніжэнні!