А цяпер, калі шукаю
Праўды, шчасця для людцоў,
Ці не тое ж дзіцяня я,
Што лавіла матылёў?
1920
«Мы любім даўнія паданні…»
Мы любім даўнія паданні,
Быліцы сівых песняроў.
Няхітры іх апавяданні
Аб справах мінулых часоў.
Нам даспадобы чэрпаць веду
Гісторыі з пажоўклых кніг;
З рукопісаў пра быт прадзедаў
Даведацца, што сведчыць мніх.
Прыемна нам дзядоў надзеі,
Іх тайны думы адзначаць,
Вялікія ў мінулым дзеі,
Дзе й як змагалась наша раць.
Шануем мы бацькоў імёны:
Навука й прыклад нам яны;
І помнім мы і веча звоны,
І вольнасць роднай стараны;
І нат мамэнты заняпаду —
Ў далёкім сумныя лісты —
Распазнаваць нас вучаць здраду
І родзяць помсты гнеў святы.
Але нам будуць ўсё ж мілейшы
Часы, калі з нізін, балот
З надзеяй ў шчаснасць дзён святлейшых
Устане ўзбуджаны народ.
Не відна йшчэ у завірусе,
Куды ляжыць ягоны шлях,
Але дух творчы ў Беларусі
Жыве й змагае долі жах.
І, можа, толькі той збаіцца
Падзей вялікіх нашых дзён,
У кім жыцця не б'е крыніца,
Хто спіць і здолець недуж сон.
1921
Замчышча
Наўкола роў, травой паросшы і шырокі,
За ім астача сцен зруйнованых замковых…
Тут князь калісьці жыў багаты, ганаровы,
І слава-чутка йшла аб ім у свет далёкі.
Цяпер жа сумна мур глядзіцца адзінокі,
Ў праходах вецер рве, здзьмухае пыл вяковы,
Ўначы стагнаннямі і плачам страшаць совы,
І кажаны лятуць на дзень ў цвілыя лёхі.
А ў вёсцы блізкай дзед старэнькі бае, сівы,
Пра страхі розныя, што там таяцца, й дзівы
Начніц, што пацеркі нанізваюць з расы
І на шляху снуюць і сеюць спеў жуды;
Ды аб княжне дзіўной, нябачанай красы,
Ў замковай вежы век згубіўшай малады.
1921
«Вельмі шаноўны пан Рэдактар!..»
Вельмі шаноўны пан Рэдактар!
Дару Вас крэйзаннем сваім.
А гэта досі важны фактар —
Павінны вы згадзіцца з тым, —
Каб не пісаць звычайнай прозай,
А ўціснуць думку ў гучны «мэтр»,
Хоць розум кажа мне з пагрозай —
Ад дурня я на сантыметр.
Ды ўсё ж хацеў бы мець надзею
(Мо шчырасць гэтка пану ўперш),
Што добрым будзе пан суддзею
І не асудзіць гэты верш.
А прачытаўшы ўважна тыя,
Што я пры гэтым дадаю,
І прысудзіўшы: «не благія»,
Ў газету змесціць іх сваю.
Калі ж і ў мілы панскі кошык
Перападзе якая рэч, —
Не будзе крыўдна ні на грошык,
Хоць стоража шкадую плеч.
А нумар з творам маім першым
Сюды дайшоў — прыемны яў.
Але пара мне кончыць з вершам.
Калі ж што лішняе сказаў,
Хай мне даруецца абмылка.
Затым з пашанай застаюсь
Ўладзімір, сын Адамаў, Жылка,
Па волі лёсу беларус.
1921
«Люблю, не знаючы пуціны…»
Люблю, не знаючы пуціны,
Ісці праз лес, балота, гаць,
Мінаць квяцістыя нізіны,
Пад грушай ў полі спачываць;
Спаткаць між жыта крыж пахілы
І старца з хлопчыкам малым,
Звычай шануючы мне мілы:
«Дабрыдзень!» — прывітацца з ім;
Прайсці ўздоўж вёскі беднай, шэрай
З панурым радам сумных хат,
І думаць: як ты тут ні мерай,
А ў беднаце гаруе брат;
І напаткаць руіны ў полі,
Дзе мох на рэшце сцен узрос,
І занудзіцца мімаволі,
Згадаць замчышча сумны лёс;
Не зразумець, чаму руіны
Ў сабе таёмны тояць жах,
І ці не светлы для Краіны
Відаць наперадзе ўжо шлях?
1921
Каханне
З'явілася, і чую сіл крыніцу,
І думы незвычайныя мае, —
То боль жыцця, то лёгкасць смерці сніцца,
І сэрца незнаёмае пяе.
Яна ж красой варожыць, чараўніца:
Як гады, віснуць косы з плеч яе,
А вочы з-пад павек — з-за хмар зарніца,
І тайнасць складак вопраткі заве.