Выбрать главу
Няўтульны мой пакой, бы з дошчак Непагаблёваных труна. Застылым поглядам — нябожчык — Дзіўлюся ў шчыліну акна.
Там душыць ноч, як камень муру, Але тугі мацней цяжар. А маладзік — плывец у буру — Кіруе човен свой між хмар.
Мне ўсё часцей радзіма сніцца… Там рух і песні аб вясне, Там працы творчая крыніца, Там мо знайшлося б месца й мне?
Дый там патрэбна маладое, Ў кім гарту, палкасці не брак, Нашто ж прыдамся, на якое, Спарожнены, разбіты гляк?
Убогі стаў я, й страх за тое, Што ўбогасць бачыць госць не госць, І перад рэчамі ў пакоі Сутулюся, дрыжу чагосць,
Нібы і ім вядомы страты, І бачаць, глянуўшы ў душу, Якой назолай я працяты, Якія думы я нашу.
І нават месяц бледна-срэбны Смяецца рогам за акном: — Ты больш нікому не патрэбны, І сам сабе ты цяжаром!

1926

«Летунковасць, нерашучасць…»

Летунковасць, нерашучасць, Мая вясна, твае удаласці Дзён плывучых немінучасць Змяняе ў лета пэўнай сталасці.
Сёння я не той, калішні, З вачыма- ціхімі заранкамі; Вусны ўжо не тыя вішні, Як некалі вясны світанкамі.
Юнаку было прынадна Раскідваць звонка і не лічачы. Сэрца мудрае ашчадна Збірае, дробкамі вялічачы.
Дзе кахаў нацяк, павеўнасць, Сугучнай збежнасці магутнасці, Дзе шукаў адно напеўнасць, — Шукаю сёння іншай сутнасці.
І дзе біўся, плакаў моўча, Дарма вымольваў з малітоўнікам, Там з мячом іду станоўча Я — пераможны — заваёўнікам.
Думны з натаўпам на пляцы Мой пруткі крок на стромасці, Час упартай, жніўнай працы, Вітаю час мае свядомасці.
А калі пяшчот прынадства Мне блісне ў будняў сцюжнасці, — Гэта васілёк юнацтва На слуцкім пасе кутай мужнасці.

1926

Перайманне («Запытаў я морскі хвалі…»)

Запытаў я морскі хвалі: — Дзе пазбыцца думак хмурых? І ў прыбой яны сказалі — Радасць — толькі ў бурах!
Запытаў я ветра ў полі: — Адкажы мне, калі можаш, Як пазбыць жыцця нядолі? І пачуў: «Змагайся — зможаш!»
Запытаў я ў небе Сонца: — Як рассеяць змрок імглісты? Не прамовіла мне Сонца, Ўчула ж сэрца: «Будзь агністы!»

1926

«Каму жыццё — атруты келіх…»

Каму жыццё — атруты келіх. Хто спанявераны, як я, Хто ўжо не сніць аб далях, белях Пад ветру свіст і шум былля;
Каму спакой душы няшчаснай Нездавальнення точыць крот; Каму дакучыў жонкі ўласнай На ўласным ложку пешчаў мёд.
Каму распачна ноч пустую Спакусным смехам цешыць сук; Каму ўсё роўна, бы якую Сціскаць пярсцёнкам млявых рук;
Хто сэрца — поўную амфору — Нясці стараўся й не данёс: Хто патаёмных мукаў хвору Гаіў расою ночных слёз;
Хто душу чорную, як вугаль, Злачынствам цешыў і крывёй; Хто п'яніца, разбой, зладзюга З мізэрнай, дробнаю душой;
Каму распусты жах прынадны, Хто гора топіць у віне, — Маім абдоймам тыя жадны, Прыходзяць тыя да мяне.
Я ўсіх вітаю ветла, рада, — Хто б ён ні быў, хто ён ні ёсць, — Мае жаночыя прынады За плату мае ўсякі госць.
Я імітую ім каханне, Ім не суджонае праз лёс, Нясмелыя дзяцей спатканні І палкасці глухі наркоз.
Змушаю верыць мімаволі І жар збуджаю малады, Сама няўзрушная ніколі, Сама халодная заўжды.
Ў душы адзін, адзін лятунак, Глыбока схованы на дне, — Далёкі, любы мой пястунак, — Той, хто кахаў калісь мяне.
Які не смеў, не смеў ні разу Свае мне пешчы дараваць, Якога мела за абразу Ў дзявочых думках цалаваць.