Цяпер і ён такі ж прапашчы,
Ланцуг жыцця цягае ледзь;
Ніхто, ніхто яго не лашчыць, —
Лёс прысудзіў яму гібець.
Цяпер, як кожны ён, як кожны —
Будынак знішчаны, пусты;
Час папаліў усё, што можна,
З кута прыбраў абраз святы.
Ды сэрца сніць пад шум асенні,
І сну мне не мінуць таго,
Ў маім найбольшым паніжэнні
Сустрэну незнарок яго.
У сэрцы будзе боль і горыч,
І мы два целы, дзве труны,
Мы рукі сціснем, ляжам поруч.
І аб мінулым будуць сны.
Як вербалозы нікнуць веццем,
Так нізка схіліцца ўспамін
Над нашым страшным ліхалеццем
І над капцом далёкіх днін.
1926
«Не складаць мне болей песняў…»
Не складаць мне болей песняў,
Не будзіць у пушчы рэх,
Перад сонцам напрадвесні
Не рассыплю срэбрам смех.
Стала госця ля парогу,
Белым вабіць рукавом:
— Выйдзі, любы, у дарогу,
Новы дам начлег і дом.
Пашкадую дарагога,
Суніму ягоны боль,
Толькі слухацца дазволь,
Ледзь схіліцца мне дазволь.
Што ж, спакойны і гатовы,
Я й адклікнуўся на кліч,
Адчыню дзвярэй засовы
Я без радасці, без мук.
Ў невядомую пуціну
Немаведамы парог
Перайду…
Без клапот і без трывог.
Толькі, госця, няма веры,
Не мані, не абяцай:
Я зямныя бачыў меры
І зямны я ведаў рай.
1926
Цяжэй ланцугоў
Цяжэй ланцугоў летуценні,
Іх знішчыць мне сіл не прымець.
Як вязень у доўгім вязенні,
Ўтаміўся я песняй звінець,
Як горыч атруты пякучай,
Як тонкая злая страла,
Так горкая радасць сугуччаў
Смяротна мяне працяла.
І вось ужо блытана споведзь
Заўсёды хвалюе ў грудзях,
І нельга няшчыра прамовіць
У верша нязвязных радках.
І вось ужо ў дзеях, і чынах,
І справах будзённых, людскіх
Я ўзрушаным сэрцам няўпынна
Шукаць хараства не прыціх.
І сэрцу не ймецца, што трэба
Хаваць аб высокім тугу,
І родныя кветы і неба
Ніяк раскахаць не магу.
І блізкае гэтак далёка,
Са мной не па сіле цяжар, —
Як вецер дыхлівы, жарстока
Смяецца мне розум у твар.
1927
Максім Багдановіч
Так зайздрасна: насіць вянок паэты
І мець імя задумнае Максім,
Кахаць зямлю з яе жыццём глухім
І песняй перавіць юнацтва леты;
Ад хараства не ведаць іншай мэты
І адшукаць, што горда поўны ім,
І родны люд у руху маладым,
І зачарованых палеткаў кветы.
Ды тым цяжэй ў краі чужым заўжды
Счыняць павекі й ведаць, што сюды
Не даляціць зязюлі голас летам,
Ні песня беларуская ў жніво,
І прыгадаць няраз, што мо і ў гэтым
Трагічнае схавана хараство.
1927
Хвораму
У змаганні дзікім змогся ты
І выпляваў дарэшты грудзі.
Надзей няма ў цябе й не будзе,
І ў сэрцы холад пустаты.
Ляжыш худы — сухая жэрдзь, —
І шчокі — яркія півоні.
І вось у галавах на ўслоне
Яна — збаўляючая смерць.
Запамятаць ты быў бы рад
На ўсё, што сэрцу гэтак міла,
На ўсё, чым сэрца гэтта сніла,
На ўсё, што цешыла пагляд.
Ды памяці снавацьме ніць,
І розум яснасць не пакіне,
І караблямі ў далі сіняй
Ўспаміны будуць плыць і плыць.
Згадаеш цёплы сум начэй,
І светлы дзень, і дзень твой чорны,
І гэты свет наш непаўторны
Прынадней здасца і мілей.
Наўкола ж будзе той жа рух —
І слёзы, й смех жыцця зямнога,
І думка, што табе нічога
Не трэба болей, сцісне дух.
І зразумееш ты суздром,
Што ні адна людская немач
Не ззяе гэткай мукай немай,
Жахлівым гэткім хараством.
Таму ў апошні час цяжкі,
Ў тваю апошнюю часіну
Прысніш ты слодыч адпачыну
І пешчы добрае рукі.
1927