Выбрать главу

Антону Навіне

Так шукальнікі новых прастораў, І знаходцы краёў невядомых, З безжахліваю, мужнаю думкай І нязломнай, сталёваю воляй;
Падарожныя ў тайнасці ведаў, Неспакойны чый розум, як шруба, Што без нехаці ў несыці вечнай Зашрубоўвае ўдаль і глыбіні;
Заваёўнікі мечам і духам, Для якіх у запале адвагі, Падбіваючы сэрцы й дзяржавы, Не існуе ні меж, ні запынаў.
Песняры, мастакі і музыкі, Хараства і сугучнасці слугі, Закаханыя ў буру і громы І з душой, як збаночкі лілеяў;
Будаўнічыя вежаў і гмахаў, Падпіраючых неба і неба; Ўсе, хто прыйдуць па нас і за намі, Каб тварыць, дасягаць і імкнуцца, —
Ўсе яны мімаволь пазайздросцяць Нам, абветраным воляй прадвесня У напоеным поўняй паводкай, Крышталёвай вызвольнага руху,
Бо у кроку паўстаўшых працоўных Свецяць новыя творчыя далі І цвітуць невядомыя скарбы У душы беларускага свету.
І музыкі не чулі матываў, Задумёней і чулей ад нашых, І збудованы чорнаю косцю Непаўторны наш храм адраджэння.
Ды і кожны, паверыўшы казцы І гартуючы сэрца да чыну, Нагадае і нашу сучаснасць, Уздыхне аб часах прамінулых.
І імя аднаго не забудуць, Хто маяк быў і бераг далёкі — Узрушаючай весткаю будзе, Будзе вабіць заўжды Навіна.

1927

Песня дзесятых угодкаў

Спявайце, браты мае, нашае Ўчора: У ім Рэвалюцыі полымя, ў ім мы Спалілі азырклае, чорнае гора, У працы свабоднай прапелі мы гімны.
Ніколі тых дзён не забыцца вялікіх, І помнім: на зломе крывавым стагоддзяў Як вецер туліў нас прарэзліва-дзікі, Як золь рагатала: «Аслеплыя, годзе!
Куды вы?» І скаліўся голад пагана: «Паноў ім не трэба, дык буду іх панам!» А нас не стрымаў ані штык, ані холад, Ішлі мы напорна і кожны быў волат.
Ўзняліся магутна ў віхрах непрыветных, Каб скінуць вяковыя рабскія ёрмы. Нянавісцю горкай, каханнем сусветным, Запалам мяцежным сягалі да зор мы
І ў бойках дужэлі, хмялелі без хмелю І гэткім агнём непаўторным гарэлі. Спявайце, браты мае, нашае Сёння: Ў ім творчыя высілкі, творчыя будні,
Вялікае спее ў ягоным узлонні! Хоць крок наш павольней, хоць крок і марудней, Ды пэўны і сталы, і поўны надзеі — Хто змог руйнаваць — будавацца умее.
Будуем няўпынна і працу вялічым, І ўсе мы і кожны — тварэц-будаўнічы. Спявайце, браты мае, годы паўстання, І працы пчалінай, плановай вітанне!
Радзіма нам — буры ўчарайшай паводка, І сённяшнім трудным мы поўны да краю. Але гэта песня дзесятых угодкаў Няхай будучыні красу прывітае,
Няхай наша Заўтра вітае ўрачыста, Дзе ззяе маяк перамогі агністай. Бо веру ўсёй шчырасцю словаў паэты, Ўсёй вольнасцю думкі пяснярскае веру:
За труднымі днямі — канцовая мэта І бераг абецаны, родны наш бераг. І там справядлівасцю сэрцы напоўнім, Там сонца і кветы Камуны працоўных.

1927

«Свядомасці горач мацней алкаголю…»

Свядомасці горач мацней алкаголю, Ўжо чарка распутала дзікую волю, Ўжо мэрам бурштыны у чарцы налітай, Няякавасць гіне, і гора пазбыта. Свабодны — і згадкі няма аб ўстрыманні Бяссорамней рухі, крыклівей жаданні, І штосьці язык недарэчнае плешча, — Чужая ж кватэра і куплены пешчы. І хочаш апошнія сцерці румянцы, Часцей і няпэўней схіляешся к шклянцы. А памяць, знібеючай горычы поўна, Заўважвае ўсенька, халодна й пунктоўна, — І рух мой найменшы, і кожнае слова, І голас сяброўкі мае прыпадковай, І гэту бяздушнасць на згамтаных тварах, І холад абоймаў разлічана-скнарых, І наша ганебнае ложка супроці, Як скрыню грахоў, уздыхаўшых па цноце. І сэрца заныла смяротнаю ранай, І крыкнуў я, крыкнуў у роспачы п'янай: — Паслухай! Я слухаў аб дужым і мужным, Я чуў аб цвярозым і думна-натужным, І песні былі з незабыўнай адною, Што песняй ўладала і доляй маёю. Паслухай! Дык як жа? Дык як жа, калішні… . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Спыніла каротка — ты выпіў залішне! Пад чаркай усе вы героі ды палкі! — Падай мне, вунь там — цыгарэты й запалкі.