Выбрать главу

1927

Курка-Рабка

З народнага
Жылі дзедка з бабкай. Мелі курку Рабку Слаўнага заводу, Важную на ўроду. Баю-байкай байка: Знесла курка яйка Не абы якое, Але залатое.
Выняўшы з падпечка Дзіўнае яечка, Кажа бабцы дзедка: — Гэта штука рэдка! Трэба нам, канешне, Зласаваць яешню! Бабка не пярэча, Тупае ля печы: Радая, вядома, Дагадзіць старому.
Вогнік на камінку Развяла ў часінку, Ўстанавіла спраўна Дзве цаглінкі слаўных, Зверху ж скавародку. Узяла са сподку Лыжку масла жыва, Каб была пажыва.
Біць яечка стала, Ды бяда спаткала, Біла яго, біла, Ніяк не разбіла. Біў і дзедка ладна — Няма рады жаднай. Сталі — разважаюць, Што рабіць, не знаюць.
Ў часе гэтых гадак Здарыўся прыпадак. Мышка — Доўгі Хвосцік, Бегла шпарка штосьці, Мо па важнай справе, Просценька па лаве. Ды нібы праз зводы, Нарабіла шкоды. Паспяшала трошку, Паслізнула ножка, Хвосцікам махнула, Яйка паштаўхнула, Незнарок скаціла Вобземлю й разбіла.
Дзедку з бабкай страта: Плачуць на ўсю хату, Як дзіця якое, Слёзы льюць абое: — Гэткая прыгода! — Вось яечка шкода!
Курачка ж кудахча: — От старым няўдача! Ды й бяды ўжо тое — Плачуць, як малое. Я ж знясу другое, Хоць не залатое!
Гэту казку спатайку У дзіцячым нейк садку Прачытаў я, як на грэх, Двум сябрам-кастрычаняткам, І дастаў ад іх парадкам, Паднялі мяне на смех:
— Тут павінна быць памылка, Ці зманіў нам дзядзька Жылка. Бо, як кажа нам навука, Немагчыма гэта штука, Хоць шукай у дзень са свечкай, Курка каб знясла яечка Не прастое, залатое, Ды і моцнае такое, Што і дзед, і бабка білі, Білі-білі — не разбілі І на лаву палажылі, Мышцы страху нарабілі. Гэткай рэчы з нас усяк Не паверыць аніяк.
Гэтак мне сказаў Рыгорка, Падтакнуў яму Зыдорка: — Але знаем мы даўно, Што з яечка, хоць прастога, Для дзяцей пасілку многа, Тым каштоўнае яно. І таму вось залатое І для дзетак дарагое!
І на гэты іхні сказ Мой такі быў ім адказ: — Ад пачатку да канца Вы, браткі, казалі трапна. Не што іншае, як вапна — Лушпавінка ад яйца. А ў яйцы спажытку шмат, Таму кожны з'есці рад.
Дык прашу вас, калі ласка, Прыгадаць, што гэта казка І пра дзедку, і пра бабку, І пра курку Рабку.

1928

«Млынар заставіў застаўкі…»

Млынар заставіў застаўкі, І ледзь плюскочацца рака. Стралой крыла чыркаюць ластаўкі Люстранасць ясную стаўка.
Блакітнаплашчы з захаду Дзень хіліць русу галаву І ў спрат ссыпае скарбы-знахады — Залатапромені ў ставу.
І вее яснавокаю, Шыракакрылай цішынёй, І ціш, як неба, безаблокая, І ясна на душы маёй.
І ў душу палі знахады (Залатапромені ў ставу). Адрынь, пясняр, згрызоты, захады, Ўзнясіся песняй к хараству.

1928

«Каханню нічога не трэба…»

Р. М.

Каханню нічога не трэба, Каханне нічога не просе, — Так радуе сіняе неба, Так цешыць валошка ў калоссі. Каханне, як песні пра зоры, Лятункам заўсёды высока, І шчасцем у свет, у прасторы Каханкі расквітвае вока. І нат у затоенай скрусе Тваіх нераздзеленых пешчаў К жалобе ніхто не прымусе Надзею, што зрушана плешча. Каханая, любая, квеце! Ў палоне вясёлае долі Ёсць песняй аб кім летуцеці, І сэрцу даволі, даволі. І сэрца бясхмарнае ясней Схіляецца постаццю спелай, Хоць сэрца яшчэ было б шчасней, Каб дбаці аб кім яно мела.