Выбрать главу

1928

«Будзь бласлаўлёна, мая маладосць!..»

Будзь бласлаўлёна, мая маладосць! Кроў неслухмяная, цьмяная млосць!
Радасці дужыя крылы Кануць у сіні нябёс; Песні ласкавае мілай, Песні мае незабылай, Поўныя снення і кроз. Вецер разводдзем паводкі, Як яе вусны, салодкі, Вецер вясняны прынёс. Сэрца ад млосці без сілы Светлае штосьці прысніла, Хоча і смеху і слёз. Ў гэтым узрушаным сненні, Ў сонечным гэтым праменні Песень яе маладых — Шчасны я шчасцем-маленнем І, ад жыцця ў захапленні, Хочу і паху й каджэння Кветаў уцешных зямных, Сцежкам паверыць вясеннім І заблудзіцца на іх.
Будзь бласлаўлёна, мая маладосць! Кроў неслухмяная, цьмяная млосць!

1928

Развітанне

Пара! Не моўкне хваль гамонка, Спявае вецер свежа, гонка І ветразь плешча — адплывай! Цалуй ў апошні моцна, звонка — Мой сум, як золата пярсцёнка, На сэрца лёг і цісне ўкрай. Але трывог не ўбачаць вонках, Хоць вочы — светлая палонка, — У іх адно, адно чытай. Насупраць мне з імглы пялёнкай Паўстане бур атхлань — прадонка І бура выпесціць адчай. Але хай машта квіліць тонка, І ўспамінаецца старонка, І мора пеніцца няхай, — Затым, што мужны буду, жонка, Вярнуся я, а ты ў ваконка Цікуй і цноту ткліва дбай. З далёкіх падарож, мая сасонка, Я прывязу суровых вод звычай, І сэрца вернае, і ў тронках Вось гэтых — гэты нож… Бывай!

1928

Над калыскаю

Маё дзіця, маленькі мой… Якое шчасце — маці ты Сцяблінкі кволай і слабой І воч нябеснай яснаты. Заводзіць, зводзіць пачуццё, І летуценні завялі, Нялёгка жыць, гняце жыццё, Гняце і хіліць да зямлі. Згрызотамі аб чорны хлеб І працай чорнай смычуць дні, І на абліччы смутку крэп Без глыбіні, без вышыні. А я усцяж пяю — дармо, Па-за дзвярыма сэрца — жах! І ў паўнаце душы такая моц, Мой сын — і зброя мне, і сцяг! І хай не раз, нібы штылет, Пратне душу ці злосць, ці ноч, — Збавенне мне ласкавы свет Дзіцячых ціхіх, ясных воч! Надзей няздзейсненых з вякоў, Усмешлівых маіх часін, Ўсіх уздыханняў, гордых слоў Вясёлы, гучны бераг — сын!

1928

Верш развітання

Феліксу Купцэвічу,

сэрцу, раздзертаму

болем па Бацькаўшчыне,

прысвячаю

О, мой Край, — раздарожжы з крыжамі, І разоры разворвае жудзь!.. Люты боль працінае нажамі, Што мне песень тваіх не пачуць.
О, мой Край, ў яснавейнае ранне, Калі твой пахапляў я намер, Быў ты першым, дзіцячым каханнем, Мне й апошнім застанься цяпер.
Думаў я, што не будзе выбоін, Не наважацца стрымваць хады, Што мінуўшчыны крыўды загоім Буйнай хваляй вясновай вады.
Але не… хмуры твар майго люду Кажа зноў аб нядобрай сяўбе. І мяне, як злачынцу-прыблуду, Павядуць сумаваць без цябе.
Не спытаю, чаму і завошта Адрываюць ад бацькаўскіх ніў — Я юнацтва і радасцяў коштам За каханне сваё заплаціў.
Што зраблю я вось з гэтакім сэрцам, Яно зранена дзідай завей, Мо затым, каб не быў спраняверцам, Мо затым, каб любіў я мацней!
Мо затым, каб навек непарушна, Каб навек зліўся з Краем мой дух, Маё вернае сэрца, ты слушна Закавана ў пакуты ланцуг!
О, мой Край, злога ветру пагудкам Не заліць твайго шчасця зару! Гэты верш развітання і смутку Ты згадай ў залатую пару!