Выбрать главу
Дык бывай жа здаровы, каханы, Зацвітай і красуй у вякох! Скажуць людзі: як ліст адарваны, Па табе я ў чужыне засох.

1931

Гімн беларускіх паўстанцаў

Час, Беларусы, ўжо час — Маці-Краіна нас кліча. Устанема дружна, ураз — Сіл нашых вораг не зліча.
Рушыма ў бой Усёй грамадой — За люд працоўны, За волю і роўнасць!
Грозны надходзіць мамэнт, Бой пачынаем рашучы: Скрышым старое ушчэнт, К волі змагарна ідучы.
Рушыма ў бой Усёй грамадой — За люд працоўны, За волю і роўнасць!
У песнях бязудзерж таім; Вецер штандарамі вее. Прысягу складаема ім Родных не здрадзіць надзеі.
Рушыма ў бой Усёй грамадой — За люд працоўны, За волю і роўнасць!
Бурны нас радуе дзень, Кліч агалошвае полі, Сонца вітайце прамень Праўды мужыцкай і волі.
Рушыма ў бой Усёй грамадой — За люд працоўны, За волю і роўнасць!
Дружная моц — грамада І перамозе зарука, Больш нас не чэпіць бяда, Годзе напасцяў, прынукаў!
Рушыма ў бой Усёй грамадой — За люд працоўны, За волю і роўнасць!
Край абаронім грудзьмі Ад панавання палацаў. Вольнай, працоўнай сям'і Ўспор красаваціме праца!
Рушыма ў бой Усёй грамадой — За люд працоўны, За волю і роўнасць!

Каваль

Горан мехам раздзьмухаю, Палажу на горан сталь. Што рабіць, я знаю, знаю, Нездарма куе каваль!
Падзялілі чужаніцы, У няволі старана. Не скую у плуг паліцы — Не прыдасца мне яна.
Закаваны люд мой, волат, Крыўд нязлічаных цяжар. Вышай, вышай, верны молат, Нестрыманы ў сэрцы жар…
Хлопцы, хлопцы, — на змаганне! Гэй, крыўдзіцель, вораг, — прэч! Нездарма каваў я зрання, Недарма навостран меч.

«У сэрцы нязрадна туга аб адной…»

У сэрцы нязрадна туга аб адной, Нязнанай, адзінай, вяльможнай, А колькі было іх у далі маёй, І сэрца ўзрушалася кожнай.

«І ў сэрцы (Божа, якаво!)…»

І ў сэрцы (Божа, якаво!) — Якія спевы і маленні. О, як ні раніць хараство — Яго туга, яго баленні, Нібы празрыстых тайн пітво, — Не весць хаўтур, а знак збавення.

«Ясната, пекната…»

Ясната, пекната, Неба сінь — любата, Вось дзянёк! Цёмны гай, неўнарай, Быццам казачны рай, Вабіць нас у цянёк. Згода, ціш, не ляціш Вольнай думкаю ўвыш Ад зямлі. Добра тут. Верыш ў цуд. Свет, цяпло — родны кут Спавілі.

Безнадзейнасць

Ноч стушыла агні, пад акно Падступіла й цікуе жахліва. Што пачну выглядаць? Не відно, Не відно — за акнамі маўкліва.
Без зары, без агню немага, Немага, калі ноч — як магіла. І чаго спадзявацца ільга, Калі змроку крыло атуліла?
На душы пустата, немата, Не ўзрушае ні песня, ні дзейнасць. Толькі сум, як увосень слата, І спакой, і спакой — безнадзейнасць.

«Падарожным, Божанька…»

Падарожным, Божанька, Ды не легка йсці. Не відаць дарожанька — Цяжка ў беспуцці.
З тропу, сцежкі роднае Збіліся дзяды, І гады нягодныя Замялі сляды.
А душа мужычая І да гэтых пор Па старому звычаю Моліцца да зор.
Нашы сёстры, мацеркі Сэрцам у жальбе, Пацеры у пацеркі Ніжуць да Цябе.
Над мінучай славаю, Гучнаю, як звон, Над вялікай справаю, Кінутай ў палон.