Выбрать главу
Але народны дух, разбіўшы мур турмы, Здалеў вяковы бруд паганы змесці. І з дзіўнай любасцю чытаем тое мы, Што захавалася на палімпсесце.

1921

Віхор

Гасцём і мараю трывожнаю Зляцеў да нас з-пад самых зор. Краінай любаю разложнаю Імкне, гудзе, шуміць віхор.
І не, не злы, але бушуючы, Ў шалёным імпэце ўвесь ён, Ваду азёр і рэк хвалюючы, Пусціў па пушчах песню-звон.
Грыміць, гудзе ўсё недарэчнае, Штораз віхор гучней, прудчэй. Услухайся, паймі адвечнае — І гімны вырвуцца з грудзей.
Пара, пара дазнацца, зверыцца Сваіх магутных сонных сіл! Адважны хто спыніць намерыцца Размах жыцця і творчы пыл?..
Дзе йдзем? І дзе капцы канцовыя? Дзе ходу нашаму мяжа?.. Ў адказ віхор пяе ўсё новае, І лязіво блішчыць нажа!

1921

«Душа мая тужлівая…»

Душа мая тужлівая — Лілея між балот. Яна ўзрасла, маўклівая, Між багны сонных вод.
Ёй сніцца неба сіняе, Дзе сонечна вясна, І песняй салаўінаю Атручана яна.
І нешта патаёмнае Шапоча родна ціш, І ў ночы цёмна-цёмныя Чаруе зорна выш.
Наўкол жа ціна брудная, І плесня, й гідкі пах, Чыесь уздыхі трудныя, Нуда і нейкі жах.
І штось незразумелае Шуміць-пяе чарот, Чаго не пойме белая Лілея між балот.

1921

Сёмуха

Начыста змецены і вуліца й двары, Ля ганка і варот паўбітыя бярозкі — Сягоння Сёмуха, сягоння свята вёскі, І весялейшае не знойдзецца пары.
Пагодны, ясны дзень. У полі і ў бары Паветра хмельны пах, смяюцца сонца коскі, А ў хаце бел абрус, падходны блін — дар Боскі І шчасцем свецяцца мужычыя твары.
І веру радасна я болей, чым калі, Ў вялікі лёс і шлях Радзімае зямлі: Абуджаны народ быліц дазнае сказ —
Узрушыць як адзін пры свеце бліскавіцы. Прыйдзі хутчэй! Я жду цябе, жаданы час. Дай думам сёмушным і казкам дай здзяйсніцца.

1921

«Як ўсё ў жыцці…»

Як ўсё ў жыцці, яшчэ вясна Мінула ў вечнасць назаўсёды. Памножыла тугу й нягоды, Як ўсё ў жыцці, яшчэ вясна… Душы ж як бы чагосьці шкода, А думка за адной адна: Ў тваім жыцці яшчэ вясна Мінула ў вечнасць назаўсёды.

1921

Прадчуццё

Неба пахмурае… ймгліць невясёлае… Нібы ў бяздоллі сумуе… Нечым стрывожана сэрцайка кволае. Чым? — адказаць не магу я.
Можа быць, гэтая даль непагожая Крые у хмарах няшчасці? Можа, збіраецца сіла варожая Новы наслаці напасці?

1921

Вечарам

Вось і паў ужо змрок, Ды заціх дзённы рух, А агонь ў аблакох Дагарэў і патух.
На лістох, на траве Заблішчала раса, І ўзышла, і жыве Ў небе зораў краса.
Ціха ночка брыдзе — Поўна чараў і сноў; Смех чутны ў грамадзе, Што вяртае з палёў.
Пасля працы цяжкой, Дзень правёўшы ў касьбе, Песняй сумнай такой Нехта цешыць сябе.
І плыве яна ўдаль Над разлогам палёў, Чуцен гора ў ёй жаль І надзея без слоў.
А ў адказ на яе То цішэй, то мацней Пяе песні свае У гаі салавей.
Іх пачуеш, і ўраз Дзіўны сум агарне, І згадаеш ў той час Аб сваёй ты вясне.

1921

Вецер

Вецер ўварваўся праз весніцы, Пыл на дварэ крутануў. «Вер, што жаданае здзейсніцца» Ласцячы вуха, шапнуў.