Выбрать главу
Шпаркі і смелы ў захопленні, Лёгка праскочыў праз плот, Штось зашумеў між каноплямі, Борзда мінуў агарод.
Там жа, дзе жыта з пшаніцаю Спеляць свае каласы, Блытаў, віхрыўся дурніцаю І перабег на аўсы.
Лесу пабачыўшы цёмнага Хмура-задумны аблік, Быццам спужаўся таёмнага, Сцішыўся, зменшыўся, знік…

1922

Туман

Навіс пасцілкаю туман, З імглы сатканы густа-густа, Заслаў лес, поле і курган, Паўзе да хат, як смоўж той тлусты.
І, быццам цяжкі грэх жыцця, На сэрца шэрай лёг жудою, І яснасць дум і пачуцця Прыкрыў, халодны, ён сабою.

1922

«Толькі той, чый вольны дух…»

Толькі той, чый вольны дух Застаецца ў бойках квол, Толькі той, хто творыць рух Беларускіх мест і сёл,
Толькі той, хто вера ў цуд — Лепшу долю курных хат, Толькі той, хто любіць люд, Толькі той — мой любы брат.
Брат — бо думкі ў нас адны І адзін злучае лёс, Бо для роднай стараны Долі хочама без слёз.
Мы мацнеем што ні раз, Чуюць моц чужы і свой. Жджэм: надыдзе грозны час — Будзе радасць, будзе бой.
Пагалоска здзівіць свет, Заварожыць песняў тахт, — Бо значон дзядоўскі след І вядзе у далі шлях.
А мо спыніць які кат? Мо спужаемся чагосць? Калі трэба, ўмерці нат Нам не страх, а шчасце ёсць.

1922

Раніцаю

Бывайце! Ізноў мне ўсміхаюцца далі, І сонца ў крыві і пястуе валоссе. Забыўся я дома нудоту і жалі, І ў свеце — мне сніцца — ліхое звялося. Чароўнасцю веюць хмурынак румянцы, І з цішаю звонкасць цалуюцца ў губы. О ветрыку свежы, скажы там каханцы, Які гэты свет — і салодкі і любы! Іду я па росным зялёным каберцы, І песня ад шчасця ў знямозе нямее, І сэрца, як сонца, і сонца, як сэрца, Сусветнае сэрца гарыць, палымнее!

1922

«Ізноў пытанні…»

Ізноў пытанні… З глуму, З бяды ўстаюць ў кляцьбе. І не магу не думаць, Край родны, аб Табе.
Дазнаў кахання й мушу Дзяліці лёс благі, І знак кладуць на душу Твае мне ланцугі.
Я звону іх цяжкому Склаў песню не адну — І не аддам нікому За ўсякую цану.
Выходжу з хаты рана, Каб стаць за азярод І першаму з туману Пабачыць сонца ўсход.
Каб на ўзрунелых рытвах Усцешыцца цяплу І раннія малітвы Паслаць яму — Святлу:
«Спалі, калі так трэба, І пожні, і пале, Пашлі грымоты з неба, Віхор пашлі, але
Хай пройдзем праз напасці, І дачакаю хай — Убачыць ў новым шчасці Мужычы Край».

1922

«Тваё пісьмо…»

Л.С.

Тваё пісьмо… Пасля даўгіх гадоў Расстання, сноў благіх, надзей абманных. З трывогаю ў радкі ўглядаю слоў, Рукою пісаных каханай.
Абуджаны дзіўныя пачуцці, Узрушаная мысль ўяўляе жвава, І абразы, што зніклі ў забыцці, Ўстаюць у памяці яскрава;
І твой аблік ласкавы, мілы, Пастаць і пасмы светлыя валос, І к перамогам з новай клічаш сілай Мяне, знямогшага ад слёз;
І радасць светлая з радкоў цячэ І абнаўлення чары ў сэрца сее… Нібы не ўсё загублена яшчэ, Нібы магчымы йшчэ надзеі…

1923

«Нікне ў імгле старана…»

Все поют и поют вдалеке…

А. Блок
Нікне ў імгле старана… Пільна сачу праз туман… Нечая песня чутна, Нечы зыбаецца стан…
Лёс даручыў палашу, Моўчкі, даўно сцерагу… Песня трывожыць душу, Слоў зразумець не магу…