Выбрать главу
Існасць не ўнятна праяў: Загадкай дрэмле разлог, Тайнасці лёс захаваў, Далі сцяною аблёг…
Буры пара б нагадаць Шэрасць дакучлівых хмар. Сэрца прыстала жадаць, Гасне паволі пажар.
Сны на павеках маіх: Згіну без сіл, небарак… Толькі вось спеў не заціх — Словаў не ўцямлю ніяк.

1922

«Дарма, што значны раны…»

Дарма, што значны раны, Праз небагаты ўбор І тужны, праз туманы Відаць вачэй дакор, —
Яе аблічча светла, Узорны — тканы пас, І летуценні ветлы Аб недалёкі час.
Між пушч Яе сяліба, Дзе хіліцца асець, І там, дзе цьмяна скіба, Прыходзіць песні пець;
І там, дзе над балотам Кудлачыцца туман, К густым рачным чаротам Мільгае лёгкі стан;
І дзе над даўным сумна У неба крыж ўстае, Падгледзеў я задумнай, Маркотнаю Яе.
Аддана, кім — не знаю, Душа ў Яе палон, Але няма адчаю Ў марудным бегу дзён.
Надзеюся і веру Патайнаму сляду, — Нясе ў самотнасць шэру Яна маю гвязду.
Малюся Ёй, упарты, Палону тайна рад: — Хай, верны, буду варты Тваіх жабрачых лат.
Дазволь з Табою разам Спаткаць нядзельны час, Каб новай песні сказам Хваліці Твой абраз!

1922

«Устае туман бялявы…»

Устае туман бялявы Над балотным імшаром, Дагарэўшы, дзень ласкавы Змрок ахінвае крылом.
На заходзе ў шэрых клубах Дагарае светлы пас. Я цябе чакаю, люба, Ў гэты ціхі змрочны час.
Я чакаю, я гатовы, Слоў нанізываю ніць, Каб істужкай брыльянтовай Пасмы светлыя абвіць.

1922

«Нібы вялізны чорны птах…»

Нібы вялізны чорны птах, Заслала хмара зорны шлях; Ды не пасвежала прырода, Не пала ў полі прахалода.
Ў паветры мляўка пасля спекі, І душна, і трывожна ноч… Вось хтось магутны ўзняў павекі — І свет мільгнуў агніста з воч.
Ўрачыста-грозным, гулкім смехам Загрукатаў пярун ў адказ, І загукала згодна рэха, Грымотны зразумеўшы сказ…
І змоўкла ўсё, на час знямела, Прыціхла ноч і жджэ нясмела… Ша! хтось застукацеў аб дах, Нібы ў бяссіллі чорны птах.

1922

Дзіця

Са смехам па пожні так жвава Бяжыць, матылька даганяе І топча і кветкі, і травы Дзяўчынка, нябога малая.
Дзіця, супыніся часіну! Ў жыцці без патолі і ласкі, Як злыдні й нягоды ахінуць, Ці ўспомніш стаптаныя краскі?
Пад сонцам вясняным і шчасным, Ў вясеннюю светлую пору Стаптаныя, ссохнуць заўчасна Яны без тугі і дакору…
. . . . . . . . . . . . . . . .
Дзіця, супыніся і далей Бяжы па зялёнаму долу… Такія блакітныя далі, Так проста і ясна наўкола!

1922

На ростані

На ростані дарогаў многа, А лучнасць іх — пахілы крыж. І вецер лёгкі на разлогах, І неба яснасць, шыр і выш.
Ранейшай працы дасяганні, Наўкол — зялёныя жыта; І свежасць росаў светлых рання, І траў высокіх любата.
І так прывабны далі, далі Ў задуме вечнай і смузе, За той смугою думкі ў жалі, Нязрадна, вечна у тузе.
І торба вось, і кій дарожны: Пара ў пуціну мне даўно… А я — нясмелы і трывожны, А я — на ростані адно.

1923

«Бясспынна, глуха процьма часу…»

Бясспынна, глуха процьма часу Глытае хараство і моц. Заход бяздушным, светлым пасам Адзначыў свежае дзярмо.