Выбрать главу
На могілках ўдыхаю цішу, Адзін жывы паміж крыжоў, А смутак дзіўны сэрца крышыць, Без назвы смутак і без слоў…
І раптам стала зразумелым, Што маладосць прайшла мая, Што я астыў, калісьці смелы, Калісь гарачы, яркі я.
Стаю разважны і халодны, Як сутуняючая даль, І толькі сум сябруе згодна, І толькі жаль, балюча й жаль.
Вось крыж і новыя балясы, Грудок, абложаны дзярмом… Бязлітасная процьма часу, Не я — пад тым крыжом!

1923

Напярэдадні

Ружовая стужка на ўсходзе, Як сцяг пераможнага дня; І мроіць аб светлым прыходзе Пярэдадня змрок-цішыня.
Халодныя, светлыя росы, Спакой, нерухомасць і сон; Здаюцца траве ўжо пракосы І косаў сярэбраны звон.
Ў амшарах, балотах, лагчыне Бялявы, празрысты туман; А неба — глыбока і сіне, А неба — бязмежны дыван.
І лес у чаканні бязмоўным Зялёнай жывою сцяной Стаіць, маліцвеннасці поўны, Ўрачыста, як на мшы святой.
Зацвіркала першая птушка, І ветрык павеяў свяжэй. Ружова-ядвабная стужка Палае ярчэй і ярчэй.

1923

«Ляпей жабрачы лёс…»

Ляпей жабрачы лёс, У рукі кій, за плечы торба; Ляпей страха нябёс, Бясконцы шлях і леры корба;
Ляпей чужыны золь, Сцякаць ад чорнай працы потам; Ляпей, не змогшы боль, Сканаць самотнаму пад плотам, —
Але не лёс раба З бязволля ўласнага й бяссілля; Не гэтая жальба, Не скутыя рабамі крыллі.
Хто волю верна сніць, Працят лятункам аб вялікім, Таго не спакусіць Ні ўладай, ні дабром бязлікім.
І хай прысуд гняце І нікнуць вербалозы ніца, — Душы аб пекнаце Непераможна-думных сніцца.

1923

Смяротны пах

Ёсць боль затоенай тугі У кволым паху звялых кветак, Нібы ў канання час благі Ім родны марыцца палетак.
Нібы шчэ вераць — вось дыхне Паветра хваляю гаючай І з хаты верне іх вясне, І знаюць — згуба немінуча.
Людская жорсткая рука Іх, далікатных, ў поўным квету, Там, дзе прастор, палі, рака, Сабрала рупна да букету.
І на маім стале зямлі Краса, найвысшая аздоба, Яны цвілі і адцвілі — І тайнай іх была жалоба.
Ў самотнасць невясёлых дзён Яны ўвівалі летуценні І згадкі лёгкія, як сон, Аб сонца радасным праменні.
І раніц звонкіх галасы, І чуласць ветру незвычайна, І хараство густой расы Прачыстай валадалі тайнай.
І не дазнаў ніхто б яе, Калі б не гэты пах смяротны, Што дымам кадзіва ўстае, Такі тужлівы і маркотны…

1923

«Я люблю густыя шумы…»

Я люблю густыя шумы, Перагуд высокіх хвой. Ў цень і ціш лясной задумы Я люблю прыйсці вясной.
Спачываючы ад болю, Ад няпраўды і маны, Пазнаваць чужую волю, Дыхаць пахам сасніны.
І, спусціўшыся лагчынай У заросшы дол сыры, Між бяроз, густой ляшчынай Заблудзіцца ў гушчары.
Дзе таёмна, сцішна, змрочна, Дзе вільготны мяккі мох, Дзе ўзіраецца ставочна Збуджаны Перапалох.

1923

«Насоўвае пушча…»

Насоўвае пушча
Магутнай зялёнай сцяной. Ўваходжу у гушчу Высока узняўшыхся хвой.
Павага й зацішша,
Прасветы ў павеці жывой. І вецер калыша Страмкіх верхавін галавой.
Салодка паверыць
Ў разложысты шум над табой І, сцішаным, мераць Пуціну павольнай ступой.
І слухаць бязмоўна