Выбрать главу
Чароўнасць трывожнай душой, Грудзямі да поўна Ўдыхаці стыхіі спакой.

1923

«Векавечны хмуры бор…»

Векавечны хмуры бор Горда ўзносіцца высокі. Моцна пахне хвояў смоль Ад пякучай ліпня спёкі.
Сонцам спалены чабор І густыя смягнуць травы, Гарачынню з блізкіх поль Тхне ў паветры нерухавым.
Ў небе яснасць і прастор, Даль празрыста і бясхмара; Мляўкасць, парнасць і бязволь, Думкі вялыя ад жару…
Ах, знайсці б між дрэў ля гор Ручаінкі бег самотны, Супыніць бы смагі боль І спачыць на ймху вільготным.

1923

Зімовае

Снег, завея; вецер вее,
Круціць, дзьме. Віхар гонкі, гучны, звонкі Ў белай цьме.
Комам ліпка, снегам сыпка
Сее сеў. Носіць тайны, спеў адчайны, Смерці спеў.
Я трывожны… ў бездарожжы,
Ў беспуцці Воля-вехаць. Як даехаць? Як дайсці?
Сівер злосны, вее млосна,
Міма ймкне. Дзе прыпынак, дзе спачынак? Блукаць мне.
Холад, сцюжа… Сцежка вужай
І размах. Стыне сэрца ў паняверцы, Множыць жах…
Гнецца ніжай, к долу бліжай
Галава… Лёс нямілы: крыж пахілы І жарства!

1923

Марта

Апратка проста і будзённа, Сабраны ў косу валасы, Снуе задума звольна, сонна Убор звычайнае красы.
Нібы ў гадзінніку пясковым, Плыве цурок драбніц-клапот, Жаданні цюцькаю вартовым Не адбягуцца ад варот.
Бяздум'е броваў непрывабна, І на твары спакой цяжкі, Пастава пруткая нязграбна, Нязграбны рух яе рухі.
Імя, як ноч, глухое — Марта Не зачаруе чулы слух, Пагляд прыцішаны, упарты Лятункамі не ўскрыліць дух.
Вось гэткую, Хрысце, ў Бетане Ты знаў, як я, ў сваю пару, Марыі, ўзвышанай каханнем, Затурбаваную сястру.
І Ты, калі ад воч Марыі На Марце супыняў свой зрок, Ты сілы знаў яе зямныя, Няўдалы, цяжкі бачыў крок.
І Ты пад лёгкаю тканінай Грудзей заўважваючы спель, Ты чуў, як кроў стае няўпыннай, Як захмяляе цела бель.
І дума здрадная самоты Ўзнікала іскрай між другіх: Ці гэткім аддаюць пяшчоты? Ці льга кахаць такіх брыдкіх?..
Прайшлі вякі… Яна ж адвечна Ўсё тою ж буднасцю цвіце, І я на думцы недарэчнай Лаўлю сябе, як Ты, Хрысце.

1923

«Крыху ўзрушаны і рады…»

Крыху ўзрушаны і рады, Спатыкаюся з табой, І цвітуць твае пагляды І ўва мне і нада мной…
Ты варожыш, ты чаруеш, О чароўная, бы світ, Абяцала — падаруеш Губ вясёлых аксаміт.
І вясною веюць пасмы Хмелю светлага валос; Уступаем ў светлы пас мы, — З намі, з намі светлы лёс.
З намі кволасць, з намі казкі, Летуценняў лёгкі лёт. Пацалункаў плюскат, ласкі — Ўсё ў адзіны карагод.
Толькі мовіць мне нясмела Ўсё пабожна, што таю, Толькі ўзяць рукой знямелай Руку дробную тваю…
Ды, халодны і стрыманы, Не скажу патрэбных слоў, Адыду ў мае туманы, Ў неазначнасць белых сноў.
І адтуль, як сказ балады, Сутуняючай парой Будуць згадвацца пагляды, Дараваныя табой.

1923

«Зацвілі твае вочы між тлуму…»

Зацвілі твае вочы між тлуму, І, здаецца, твой стан мільгануў, Перарваліся ніткаю думы, Даўны смутак ціхутка крануў.
Быццам ветрык, збудзіліся згадкі, Ў жыце ветрык драмаўшы між хваль; Закружыліся лёгка, без звадкі, І памкнулі ў блакітную даль.