Выбрать главу
Стала дзіўна, што годы так шпарка Прашумелі, бы ўвосень лісты, Жоўтым лісцем алеямі парку І ляглі, як смуга, на кусты.
Нагадалася даўняя казка… Збаіў нехта дарэшты яе. Але з попелу дзён кволай ласкай Памяць даўняга міла ўстае.
Нібы сонцам зямля пасля буры, Я асвечан маім пачуццём, Нікне хмарнасць на твары панурым, І вясёлкай я звязан з жыццём.
Як вясенняе ранне без суму, Далікатны настрой агарнуў… А ўсяго: твае вочы між тлуму І твой стан, мне здалося, мільгнуў.

1923

«Не трывож мае самоты…»

Не трывож мае самоты, Не збуджай пазбытых мук: Не адкрыю я вароты На твой позні, слабы стук.
Не скажу: «Ўвайдзі» — як раней, Як даўней, калісь даўней, Сэрца голас твой не кране, Не абудзіць больш надзей.
Я забыўся слоў-любошчаў, Далікатных кволых слоў, Там, дзе вецер свішча, хвошча, Я аселішча знайшоў.
Там, дзе ў горах снежных, стромых Толькі песні завірух, Дзе шляхі адно свядомых, Там мацнее мужны дух.
І даведайся: салодка Закаханасці палон Замяніць на бур паводку, На віхур свавольны звон.

1923

Хараство

Няясны і трывожны сны людства, І блудны цёмныя яго дарогі, Але па-над будзённыя трывогі Узносіць нас туга да хараства.
Так дробная вясковая дзятва З-пад курных стрэх (прытулак іх убогі) Да рэчкі бег кіруе на разлогі, Дзе яснасць вод і золата жарства.
І верым мы, што злучны дух і маса, Гармонія ў жыцці і сэнс-акраса; Прытулак ёсць, дзе адпачьць ільга,
Дзе дасканаласці чаруе ўсмешка. Ды дзіўна неяк: хістка сцежка І да яго вядзе людство туга.

1923

«Да Пятра зязюленька…»

Да Пятра зязюленька Ў лесе кукавала; Да шлюбу Гануленька Весела спявала.
Ды гуляла, цешылась, Не хапала ночы, Ой, вячоркі-веселасць, Ой, гады дзявочы!
Мінула зязюленькі Ў лузе жыраванне. Сцішала Гануленькі Пры бацьках спяванне;
Не цвіці ты, зеллейка — Рута-мята ў садзе; Ўбралі Ганну ў беллейка, Садзяць на пасадзе.
— Ой, каханы татачка, Нашто ж рыеш яму — Выдаеш дзіцятачка За нялюба замуж?
— Ой, матуля родная, Чым табе не міла, Ці была нягодная, Ці не дагадзіла?
Чула сэрца чулае, Не паможаш просьбай… Выдаюць патулае Татка з мамкай грозьбай.
Пойдзе кветка польная Ў свет чужы за светы Праклінаць бяздольныя Маладыя леты.

1923

«Я — грамнічная свечка прад Богам…»

Я — грамнічная свечка прад Богам. Ціхай, ціхай згараю малітвай За блакітную к небу дарогу, За ўзрунелыя зелена рытвы.
Ўсемагутны! Вось сэрца паэты — За народ Твой Крывіцкі ахвяра! Дым кадзільны — жар вершаў — прад светам Узнашу да Цябе па-над хмары.
Мы абвеяны злой сухавеяй, І балот душыць ліпкая плесня, І дарма зацвіталі надзеяй, І дарма снілі сны напрадвесні.
Ў бездарожжы зблудзілі глыбока, Пацямнеў цёмны шлях наш цярновы… Не адмоў нам паслаці прарока З цвёрдай верай і словам агнёвым!
Цішу досвіткаў цьмяных Абуджаю жальбою вялікай: Расчашы ты сівізну туману, Празіяй жыватворным Аблікам!
Да Цябе уздыхаюць са мною Капытом здратаваныя нівы, На аблогах — бадыльнік з лазою І чарот па-над ставам шумлівы;
Уздыхае кароўка-худоба, І авечка на голым папары, А каняка схіляе з жалобай Галаву пад нязмерным цяжарам.
Узгляніся!.. Злітуйся над ніцым!.. Маё гора усёды, усёды: Мае слёзы — ў дажджах навальніцы, Мае енкі — у стогне народу.