I
Летняя ноч кароткая: не паспее згусціцца вячэрні змрок, як на ўсходзе ўжо загараецца зарава новага дня. Святлее неба. Яно як быццам апускае на зямлю прахалоду. На траўцы збіраецца ў буйныя кроплі раса, цераз верх запаўняюцца лугавыя плёсы туманам. Здаецца, што вецер не дыхае, але стройныя асіны ўсё роўна трапечуць лісточкамі, нібы сніцца ім учарашні спякотны дзень, і яны патрабуюць больш прахалоды. Напэўна, у такі час з зайздрасцю глядзяць на іх з пясчаных узгоркаў сосны. Іх цёмна-зялёны кажух трымае яшчэ ўчарашняе, нагрэтае сонцам паветра, ды і ў падножжы на жоўтым пясочку не хоча расці трава, якая хоць бы раніцай прыпала расою і прахалоджвала б вільгаццю сасну. Валяюцца там толькі леташнія разяўленыя шышкі ды ігліца. Але не, сасна не памяняе сваё жыццё ні на якое іншае. Неўзабаве асіна стане голай і за зіму прамерзне наскрозь. А сасна будзе ўсё гэтак жа стаяць, адзетая ў прыгожае цёмна-зялёнае ўбранне.
Вось цьмяна заблішчалі ў зараве ўспыхнуўшых на вялікай паляне кастроў медныя ствалы сосен, і верхавіны іх загулі, зашумелі: гэта пранеслася над імі сталёвая птушка. Зрабіўшы над палянай круг, яна спусцілася ніжэй, бліснула белым бокам, чырканулася коламі па зямлі і пакацілася па партызанскім аэрадроме.
З густога сасняку выйшлі ўзброеныя людзі і пакрочылі да самалёта. Насустрач ім з кабіны выскачыў Валодзя Байкач, а за ім і лётчык. Валодзя не ведаў, хто сустрэне яго, і яму было неяк няёмка, калі ўбачыў шмат незнаёмых партызан, што прыйшлі яго сустракаць, нібы якога героя. Калі пасля ўзаемных прывітанняў завязалася размова паміж лётчыкам і партызанамі, Валодзя адышоў ад іх крыху ўбок. Глянуў на цёмны лес, раскінуў шырока рукі і ўдыхнуў на поўныя грудзі свежае лясное паветра. У вачах зрабілася цёмна, і ён ледзь не ўпаў. «О, што гэта са мной?» - падумаў Валодзя і зноў падаўся да самалёта. З лесу паказалася параконка. Яна ішла па груз. Валодзю карцела запытаць у каго-небудзь, дзе цяпер стаіць іх атрад «Будзёнавец», але не паспеў ён крануць за плячо партызана, як той загаварыў сам:
- Нам сёння пашанцавала. Толькі перад вамі скінулі груз на парашутах, а тут і вы падвезлі.
Раптам у небе над палянай зароў яшчэ самалёт. Кастры ўжо ледзь свяціліся.
Хтосьці крыкнуў:
- Гасі агонь, не наш!
У розныя бакі з паляны разбегліся партызаны. Валодзя нават не заўважыў, куды знік і яго субяседнік. Нехта выказаў меркаванне, што гэта нямецкая «рама». Але лётчык прыслухаўся і ўсумніўся. Пакуль ля самалёта разважалі, на аэрадром вярхом на кані прымчаў партызан. Ён загадаў як мага хутчэй паліць кастры. Але яго каманду ніхто не паспеў выканаць. Нібы сто перуноў адразу ўдарыла па ўскраіне аэрадрома. Бліснуў вогненны шар. Партызан нібы ветрам здзьмула. Зашчоўкалі затворы вінтовак і аўтаматаў. Валодзя лёг на траву і пачаў углядацца ў зорнае неба. Яму чамусьці здавалася, што зараз жа павінен спускацца варожы дэсант. Але данесліся словы верхавога, што разбіўся наш самалёт.
Хутка на аэрадроме зноў з'явілася многа партызан. Яны былі з рыдлёўкамі, сякерамі, вёдрамі...
Па дарозе ў штаб партызанскага злучэння ўсе толькі і гаварылі аб гэтым здарэнні. Адзін Валодзя ішоў моўчкі. Усё тое прыемнае, што прынесла яму прызямленне ў родным краі, нібы хто вырваў з яго душы... Ён прыслухоўваўся да разважанняў суседзяў, дапаўняў іх уласнымі думкамі: «Гэта ж загінулі тры лётчыкі, вось такія арлы, як гэты, што прывёз мяне».
Транспартны самалёт атрымаў пашкоджанне, калі пералятаў лінію фронту. Але заданне ён выканаў і павярнуў назад. За Гомелем каманда зразумела, што за лінію фронту іх машына не дацягне. І вось яны вырашылі пасадзіць самалёт на партызанскі аэрадром. Па рацыі звязаліся з партызанскім штабам. Ды позна...
- Што ты, з такой радасцю ляцеў, а цяпер, як прызямліўся, дык нос павесіў. Мы ж з табой добра фронт прайшлі, - звярнуўся да Валодзі лётчык.
- Па нас таксама білі. Бачыў, як вогненныя стрэлы ляцелі. Шкада лётчыкаў...
- Так, шкада... Пагэтаму ты і засумаваў. Наш брат кожны дзень гарыць у агні... Ты гаварыў, дзяўчына ў цябе тут?
- Ды я нават не ведаю, дзе наш атрад цяпер. І ці жывая яна...
- А мы куды ідзём? - запытаў лётчык.
- Гэта другі атрад, не мой.
- Не сумуй, пабудзем і ў тваім.
Ужо было зусім відна, калі партызаны прыйшлі ў размяшчэнне атрада, які знаходзіўся пры штабе злучэння.
Валодзя быў апрануты ў вайсковую форму, і маладыя партызаны з зайздрасцю паглядалі на яго і шапталі адзін аднаму: «Дэсантнік...» А калі ён запытаў, дзе можна крыху адпачыць, кожны наперабой запрашаў да сябе ў будан. Але Валодзя рашыў адпачыць на свежым паветры. Ён лёг на траву, расшпіліў каўнер гімнасцёркі, паклаў побач з сабою аўтамат і зараз жа заснуў.