- Што ты хочаш? - запытаў камандзір.
- Мікола, мы хочам з'ездзіць у Ніўкі. Дык вось каб ты даў мне каня.
- А на сваім чаго не хочаш?
- Мой спатыкаецца, ды і выгляд не той...
- Гэта да пралетарачкі? Дык яна ж не любіць цябе, - засмяяўся Мікола. - Я і кроку б да такой дзяўчыны не зрабіў. Трэба ж табе мужчынскі гонар мець, хоць яна і прыгажуня.
- Няхай не любіць. Мы паслухаем гітару, спяе нам што-небудзь.
- Спяе. На заводзе ў нас была парачка... а яна была пралетарачка... Сапраўды, голас добры ў яе. А чаму ты думаеш, што я не паеду?
- Па настроі бачу.
- О, чэрці. Глядзіце толькі, пад самы нос да немцаў едзеце. Эх, любоў, любоў... З кім жа я застануся?
- З Пылілам. Назіраць за чыгункай будзе ён. А да вечара мы зноў будзем тут.
Мікола ў іншы момант мог бы і не даць каня, але цяпер ён яшчэ быў узрушаны сваімі ўспамінамі, а таму падумаў і вырашыў, што юным пачуццям трэба садзейнічаць, а не процістаяць, бо тады маладому чалавеку становіцца вельмі горка і крыўдна.
«Тая ж адпрэчыць яго сама, а не дам каня, дык будзе лічыць, што я вінаваты ва ўсім. На яе не пакрыўдзіцца, а на мяне... Няхай пагарцуе там...» - падумаў Мікола і сказаў:
- Бяры! А я пайду адпачываць. Але вазьмі і мой аўтамат з сабой, я з дзесяцізарадкай застануся.
- О, добра, о!..
Мікола паклікаў Паўла і першы палез на вышкі. Ляглі на сене. Хутка тупат капытоў Варанога сціх. У вёсцы не чуваць было ні гуку. Толькі недзе каля царквы пратарахцелі калёсы. Павел адразу ж засоп, а Мікола неяк падсвядома стараўся вызначыць, у які бок аддаляліся калёсы. Грукат станавіўся ўсё цішэйшым і цішэйшым. Мікола заключыў, што нехта паехаў у Жлобін. Ён адкінуўся на спіну і заплюшчыў вочы. Прыемна пахла свежым сенам. Соладка зліпаліся павекі. Хлопец заснуў.
Ён, напэўна, спаў бы доўга, каб не пачуў, што па двары ходзіць гаспадар, кашляе, нечым бразгае. І партызан злез з вышак. Ён заўважыў, што гаспадар прынёс ад суседзяў плужок-абганялку. Мікола адразу ж зразумеў, што стары хоча папрасіць каня, бо яго гнядога забралі немцы.
- Думаеце бульбу абганяць? - запытаў Мікола.
- Так, сынок, хацеў бы пад дожджык. Пырнікам дужа зарастае.
- Дык бярыце любога каня. Праўда, не ведаю, які з іх лепш ходзіць у баразне.
- Нічога, я схаджу па дачку, яна мне паводзіць. Хаця вунь яна сама ўжо ідзе, - усміхнуўся стары.
Жанчына год трыццаці хутка ішла па вуліцы супраць ветру, трымаючыся рукой за ражкі хусткі.
Мікола ніколі не бачыў дачкі гаспадара і таму глядзеў на яе з цікавасцю. Прывітаўшыся, сказаў:
- На лаўца і звер бяжыць. А бацька па вас толькі хацеў ісці.
- Мяне паслалі не да бацькі, а да вас.
- Што вы кажаце? Каму ж я так спатрэбіўся?
- Ведаеце, прыйшло дзевяць немцаў... - жанчына ўсміхнулася, а Мікола спахмурнеў.
Адразу нібы токам ударыла хлопца. Але мільганула думка, ці не дурная гэта жанчына: прыйшлі ў вёску немцы, а яна смяецца.
- Але вы не бойцеся, не бойцеся, немцы прыйшлі здавацца ў палон. Дык вакол іх сабралася многа людзей. Афіцэр просіць, каб правялі іх да партызан.
Падышоў стары, Мікола павярнуўся да яго, каб паглядзець, як ён будзе рэагаваць на паведамленне дачкі. Тая паўтарала, што сапраўды немцы шукаюць партызан, каб перайсці да іх. Тады толькі хлопец паверыў, што жанчына ў поўным розуме.
- Можа, гэта ашуканства якое? - звярнуўся да яе Мікола.
- Хто яго ведае? Спачатку і мы ўсе так думалі. А потым яны кажуць, каб вялі іх у лес. Мы адмаўляліся, што не ведаем, дзе партызаны. А нехта сказаў, што яны вельмі далёка. Дык афіцэр - ён крыху гаворыць па-расейску - просіць, каб усё ж правялі.
- Сапраўды, яны ж бы не адважыліся ісці ў глыб лесу, - выказаў сваю думку Мікола. - А якая ў іх зброя?
- У трох салдат нічога няма, у афіцэра аўтамат і ў пяцярых салдат вінтоўкі.
Жанчына расказала, што ў немцаў з сабою чамаданы, скручаныя палаткі, звязаныя ў клункі посцілкі. Пасля гэтага Мікола канчаткова паверыў, што немцы ідуць здавацца. Але тут яго зацікавіла другое: адкуль жанчына ведае, што партызаны ў яе бацькі, і хлопец запытаў:
- Вы ведалі, што мы тут?
- Так.
- А хто вам сказаў?
Жанчына прыкметна разгубілася ад нечаканага пытання і, не знайшоўшы, што адказаць, патупіла вочы ў зямлю.
Мікола глянуў на старога.
- Не, я не паведамляў, - адказаўся той.
- Нехта ўчора вас бачыў, - нясмела сказала жанчына.
- Бацька, - звярнуўся партызан да старога. - Гэта яе муж лейтэнант Чырвонай Арміі, што вы гаварылі, на вайне?
- Так, так.
- Добра, жанчына, ідзіце і скажыце немцам, няхай ідуць да балацянкі, мы іх будзем на мосціку чакаць.
Жанчына павярнулася і, задаволеная, амаль пабегла. А Мікола пайшоў будзіць Паўла.
- Хопіць спаць, - сказаў ён. - Пакуль хлопцы прыедуць, дык мы ўжо палонных немцаў будзем трымаць.