Валодзя перажываў за Валю, можа, таму і пайшоў у разведку, каб менш быць побач і не глядзець на гэту жудасную карціну. А Валя ў сваю чаргу думала: «Пайшоў, можа, і ён дзе... бо адно ліха не ходзіць». Не, яна тады не вытрымае, застрэліцца і сама. Вось як раптам да яе прыйшоў адчай.
А нядаўна Валя думала зусім інакш. Уяўляла радасныя і светлыя дні. То яна шукае бацьку сярод мноства савецкіх байцоў і знаходзіць яго. Затым яны з Валодзем студэнты, яна расказвае сяброўкам, як яны ваявалі.
Не, не пра сябе, а больш пра Валодзю...
Валя стаяла і глядзела то на санкі, то на насілкі, зробленыя з шыняля, на якіх ляжала маці.
Раптам Валя пачала таптацца на месцы, крышку ажывілася.
Валодзя вяртаўся з вёскі.
- Таварышы, усё добра. Быў тут адзін паліцай і той з сям'ёю некуды даў драпака. Людзі не пускалі, нават гужы пасеклі на запрэжаным кані паліцая. Кажуць, няхай нашы прыйдуць, тады і паедзе... Так, знайшоў хату, у якой жыве адна толькі старая, але яшчэ даволі моцная жанчына. Дзед Астап ёй па гаспадарцы дапаможа, а яна Галю дагледзіць.
- Я сама ўстану, я буду хадзіць, - глянула на Валодзю і сказала Галя.
- Добра, добра, ніхто табе не пярэчыць, будзеш хадзіць. А нашы прыйдуць, лекары паглядзяць.
Партызаны пайшлі ў вёску. Валодзя не сказаў, што ён папрасіў людзей, каб хуценька зрабілі дамавіну. А ямку на могільніку яны самі выкапаюць.
Як толькі ўвайшлі ў хату, хлопцы, дзе хто мог, прыселі і неўзабаве пачалі кляваць насамі.
У камандзіра таксама падкошваліся ногі, але ён не садзіўся. У хату сабралася многа жанчын, яны трымалі кончыкі хустак бліжэй да вачэй, хрысціліся, усхліпвалі. У іх вёсцы многа хадзіла чутак пра партызан, што яны нядрэнна ўладкаваліся. Сядзяць сабе ў лесе, ядуць кароў, свіней. Яшчэ і дадому носяць пажыткі. Апранаюцца ў што хочуць. А цяпер яны на свае вочы ўбачылі партызанскую сям'ю.
«Божа мой, Божа, маладзенькія ўсе...», «Апрануты хто ў што...», «А калі ж ім давядзецца так зімаваць?..», «Галодныя, напэўна...» - перашэптваліся між сабой жанчыны.
Затым некаторыя з іх выйшлі з хаты і хутка вярнуліся. Прынеслі місы, хлеб, сала.
Валодзя падышоў да жанчын:
- Мы вельмі хочам есці, дзякуем. Але ж спачатку пахаваем маці партызанкі, а потым...
Дзве жанчыны засталіся ў хаце з Галяй, а астатнія пайшлі на могільнік.
Ужо змяркалася. У вёсцы было ціха, толькі з боку шашы даносіўся гул машын.
Жанчыны далі выпіць Галі нейкі супакойваючы настой, дзе быў мак, і яна заснула.
Вярнуліся з пахавання, калі ўжо зусім сцямнела. Вокны ў хаце былі завешаны, на коміне гарэла лучына. Два сталы былі застаўлены місамі, а побач з імі стаялі нават бутэлькі з самагонкай.
- Бачыце, якія шчырыя і добрыя нашы людзі. Кажуць, немец немцу дарэмна закурыць не дасць, а нашы людзі апошні кавалак падзеляць, - расчулена гаварыў Анатоль сваім хлопцам.
Анатоля можна было зразумець. Колькі яго маці карміла, пераапранала палонных, партызанаў. А потым немцы расстралялі яе. Расстралялі толькі за тое, што яна не магла раўнадушна глядзець на галоднага, каб не падзяліцца з ім апошняй крошкай. Не, немцам не зразумець нашых людзей. Не зразумець ім нашай беларускай бескарыслівасці і гасціннасці. А колькі такіх жанчын спалілі, расстралялі толькі ў Альхоўцы, а за што? За тое, што яму, немцу, яйкі, малако давалі, а потым галоднага партызана, свайго сына накармілі... Анатоль расказваў, як у пачатку вайны прыплялася пад іх хлеў нейкая бяздомная сучка і ашчанілася там. Дык яго маці, калі агледзела, колькі туды перанасіла малака. Сучка была злосная, але зразумела чалавека і перабралася ў двор, пад павець, з малымі.
А потым немец зайшоў - малака патрабуе. Маці выліла гладышку і з паўлітра пакінула, кажа, забяліць трэба сабачкам. Немец пайшоў і адразу ж забіў старую і ўсіх шчанят.
З якой мэтай ён гэтак зрабіў, невядома. Няўжо з нізкай рэўнасці, што і сабак трэба было карміць, а яны былі адданы толькі гаспадарам.
Партызаны павячэралі.
Цяпер хлопцы вельмі баяліся, каму з іх выпадзе ісці на варту. Бо стаяць на варце будзе вельмі цяжка, напэўна, заснеш, а гэта можа скончыцца кепска для ўсёй групы. Камандзір усё гэта разумеў і таму палічыў за лепшае папрасіць двух старых жыхароў вёскі, каб яны пастаялі на варце.
Тыя згадзіліся. Хлопцы кінуліся хто дзе і неўзабаве засаплі.
Валодзя нахіліўся да Валі, якая лягла за сталом.
- Пастарайся заснуць, Валечка, і табе лягчэй стане, - шаптаў Валодзя.