- Якіх немцаў? - павярнуўся і пазяхнуў Павел.
- Аднекуль з часці ўцяклі, шукаюць партызан.
- Што мы будзем з імі рабіць, на чорта яны нам. Няхай ідуць ды самі свой эшалон скінуць пад адхон. А так бачаць, што наша перамога, дык яны ў кусты, каб толькі жраць. У нас сваіх едакоў хоць адбаўляй.
- Што ты трызніш, уставай!
Павел ляніва стаў на калені і пасунуўся да лесвіцы.
- Хутчэй, хутчэй, - падганяў Мікола - Пойдзем на балацянку.
- Няхай у лес ідуць, лепш там сустрэнемся.
- Ты б, можа, хацеў, каб яны самі і ў атрад прыйшлі?
- На чорта яны. Я схадзіў бы лепш да дзевак пагуляў, а тут з імі важдайся. Гэта ж ворагі, возьмем, дык пасвіць трэба.
- Хопіць табе...
Мікола абгледзеў Анатолеву вінтоўку, пашчоўкаў затворам, уставіў магазінную каробку з патронамі і пайшоў са двара.
Следам за ім моўчкі ішоў Павел.
Стары чамусьці хваляваўся. Ён забег у хату, хутка надзеў палатняны пінжачок і выйшаў за вароты, нешта прабубнеў сам сабе, перахрысціўся і паціху пайшоў услед за хлопцамі. У канцы вуліцы ён стаў ля плота і глядзеў то на партызан, якія ўжо набліжаліся да мастка, то на поле, то азіраўся на вуліцу.
Вёска была сумная. Не чулася людскіх галасоў. Вецер шматаў галіны дрэў. Нізка, амаль дастаючы купал царквы, плылі шэрыя хмары. Мікола таптаўся на грэбельцы, а Павел сеў на масток, звесіў ногі і кідаў дубчыкі ў паўнаводны ручай.
Раптам на вуліцы паказаліся немцы.
- Павел, устань, - гукнуў камандзір, не зводзячы вачэй з салдат.
Тыя ішлі адзін за адным па ўзбочыне дарогі, ціснучыся да платоў. У руках яны неслі чамаданы, клункі. Толькі высокі афіцэр ішоў уперадзе і быў падобны больш на бандыта, чым на чалавека, які палічыў сябе пераможаным.
У правай руцэ ствалом уніз ён трымаў аўтамат, а левай размахваў, нібы ў страі. Але як толькі мінуў апошні двор і заўважыў партызан, суцішыў крок, павярнуўся да сваіх, нешта гучна сказаў па-нямецку. Салдаты адразу ж пачалі адставаць, а затым спыніліся, паставіўшы ля ног свае ношы, але вінтовак з плячэй не знялі. Афіцэр яшчэ раз азірнуўся. Мікола хуценька адшпіліў кабуру пісталета, у канал вінтоўкі даслаў патрон. Афіцэр хутчэй пачуў, чым убачыў гэта, і стаў. Мікола жэстамі паказваў, каб немцы клалі зброю і паднімалі рукі ўгору. Афіцэр падняў адну руку, а ў другой па-ранейшаму трымаў аўтамат. Услед за ім паднялі рукі салдаты, але вінтоўкі заставаліся вісець у іх на плячах.
Мікола занепакоіўся. Ён зноў паўтарыў тыя ж жэсты. Але немцы нібы ўкапаныя працягвалі стаяць з паднятымі рукамі. Мікола крыху адступіў з грэбелькі да кустоў, сышоў з мастка і Павел.
Тады афіцэр паклаў перад сабой аўтамат, узняў рукі і крыкнуў:
- Ком гер!
- Коммен зі гер! - адказаў Мікола.
Афіцэр павярнуўся і нешта сказаў салдатам. Тыя з паднятымі рукамі пачалі набліжацца, стараючыся рассыпацца па ўсёй дарозе.
Мікола яшчэ крыху падаўся да кустоў. Афіцэр узяў аўтамат, падняў яго над галавой, дэманструючы, што ён трымае рукі ўгору, і пайшоў прама на партызан.
Мікола з Паўлам па кустах пачалі адыходзіць, а немцы крочылі за імі, і афіцэр усё паўтараў:
- Ком гер! Ком гер!
- Як гэта па-нямецку будзе: «Кладзі зброю»? - запытаў Мікола ў Паўла.
- Чорт яго ведае. Яны разумеюць, што мы ад іх патрабуем, але ж не выконваюць.
Мікола глянуў паміж кустоў - немцы па-ранейшаму ішлі за імі з паднятымі рукамі. Ён яшчэ раз паказаў, каб клалі зброю, але афіцэр паўтараў сваё «ком гер» і ішоў першым. Хлопцы прыбавілі кроку. Шпарчэй пайшлі і немцы. Вось ужо блізка поле. Партызаны па рэдкім хмызняку кінуліся бегчы, каб крыху адарвацца ад гітлераўцаў і схавацца ў жыце. Але афіцэр раптам апусціў аўтамат і даў чаргу. Міколу здалося, быццам калом хтосьці ўдарыў пад калена. Ён скокнуў некалькі разоў на адной назе, а затым упаў.
Партызан аберуч схапіўся за падвернутую нагу. Ён разадраў мокрую ад крыві калашыну і глянуў на белую чашачку, якая вылузнулася з калена. Побач пачуліся стрэлы. Ён не памятаў, у які бок упаў галавой, і не зразумеў, хто страляе. Здалося, што цяпер толькі адчуў, што з неймавернай сілай круціцца зямля, а з ёю і час. На двары стаіць маці, а ўперадзе па сцяжынцы сярод жыта ідзе Ліда. І вось тупат нечых ног. Мікола выхапіў з кабуры пісталет. Зямны шар шчоўкнуў і спыніўся.
Павел схіліўся над камандзірам і разгублена глядзеў яму ў твар.
III
Партызанская рота размясцілася на сухім месцы, у цэнтры якога ўзвышаўся вялізны разгалісты дуб. На верхавіне яго, напэўна, здавён-даўна было вялізнае гняздо. Відаць, не адно пакаленне буслоў рамантавала яго, падбудоўвала, і не адна пара даўгадзюбых веліканаў узлятала з гэтай пляцоўкі і лунала ў блакіце нябёс. Вось і цяпер чацвёра маладых буслянят спрабуюць моц сваіх крылаў, па чарзе падпырхваюць над гняздом, рыхтуюцца да самастойных палётаў. Кажуць, што старыя буслы, калі вяртаюцца з выраю, то пакідаюць сваё гняздо дзецям, а сабе шукаюць новае жыллё. Магчыма і так, бо бацькі, відаць, яшчэ маладыя і не прывыклі, як вясковыя буслы, да людзей. Яны асцярожна пралятаюць некалькі разоў над дзецьмі, прыглядаюцца і толькі тады выцягваюць уперад свае доўгія ногі, тармозяць крыламі і садзяцца на гняздо.