Выбрать главу

Валодзя Байкач некалі бываў каля гэтага дуба і цяпер трапіў сюды нібы па компасе. Знаёмыя таварышы кінуліся да Валодзі, віталіся, а тыя, што прыйшлі ў партызаны пазней і не ведалі яго, стаялі збоку і глядзелі ўжо не як на партызана, а як на чырвонаармейца-дэсантніка. Многія маладыя хлопцы відавочна зайздросцілі яму, і гэта зразумела, бо кожны з іх, канешне, хацеў бы мець аўтамат і ваенную форму.

- А дзе ж хлопцы з маёй групы? - запытаў Валодзя ў Дзеравякі.

- На заданні.

- А камандзір?

- А хіба ты не сустрэў? Ён жа толькі што ў штаб брыгады паехаў. Вунь пад дубам яго зямлянка.

Валодзя аглядаў партызан, якія стаялі побач, і яго позірк спыніўся на чарнавокай, стройнай дзяўчыне. Тая не вытрымала яго позірку і адступіла за плечы суседа. «Валя Голуб са Слабады, - падумаў Валодзя. - Як змянілася, вырасла!» Ён зрабіў некалькі крокаў да яе.

- Дык што ж ты не вітаешся? - працягнуў руку Валодзя. - Што, не пазнала?

- Я думала, ты сапраўды на фронце. Мне неяк Зіна сказала, і я паверыла.

Яны адышлі ад партызан і селі на лавачку ля стала. Хлопец зняў з плячэй рэчавы мяшок. Яны доўга размаўлялі, успаміналі школу. Раптам Валодзя заўважыў каля дзвярэй камандзірскай зямлянкі дзяўчыну, вельмі падобную на Зіну. Яна стаяла і глядзела на яго. «Не, калі б гэта была Зіна, яна б у-у-у як бы кінулася да мяне...» - падумаў партызан і, абапёршыся на стол, зажмурыў вочы.

- Чаго ты? - запыталася Валя. - Баліць што?

- Ды не, нейкая дзяўчына ля зямлянкі стаяла, і я падумаў, што гэта Зіна.

- Дык гэта ж і была Зіна.

Валодзя схапіў рэчавы мяшок і пабег да зямлянкі. Зіна стаяла, прыпёршыся плячамі да нізкіх дзвярэй. Хлопец кінуўся да яе і пацалаваў. Дзяўчына адпіхнула яго, а ў самой на вочы навярнуліся слёзы.

- Зіна, Зіначка, чаго ты?

Ён глянуў на яе. Твар дзяўчыны напомніў вясенні снег. На носе віднеліся карычневыя плямкі.

- Ты хворая?

- Не, Валодзя, не. Пойдзем куды-небудзь, я табе ўсё раскажу.

Яны адышліся ўбок і селі на траву пад рабінай. Валодзя адразу ж дастаў з рэчавага мяшка боты, мыла.

- Гэта я табе, Зіначка.

У Зіны зноў пакаціліся слёзы. О, калі б можна было ў такі час разгледзець душу чалавека. Адкуль і чаму ў яе пранікае боль: цісне горла, цісне сэрца, аднімае мову, звініць у галаве.

- Я не думала... нізашто не думала, што ты вернешся, - апусціўшы галаву, прастагнала Зіна.

- Чаго ты плачаш? Хіба не верыш, што я жывы і здаровы?

- Яшчэ не ведаюць ні бацька, ні маці... Калі ж ён адразу мяне з групы забраў.

- Хто? - Валодзя, нібы ястраб, павярнуў галаву і пачаў углядацца ў яе стомленыя вочы.

- Ты не глядзі так, бо мне страшна.

- Хто? - перапытаў ён.

- Шаблін... Цяперашні камандзір нашай роты. Толькі ты зразумей мяне. Бо я сама не ведаю, як гэта ўсё атрымалася. Прыкладна дзён праз пяць пасля таго, як ты паляцеў на Вялікую зямлю, да нас у атрад прыйшоў Шаблін. Наша група якраз была на месцы. Мікола паглядзеў на новага партызана і кажа: «Вось бы нам гэтага героя!» На грудзях у яго ордэн Чырвонага Сцяга, вясёлы, смелы хло... мужчына. Не ведаю, размаўляў з ім Мікола ці не. А назаўтра, калі я ішла да крыніцы мыцца, то пачула, што нехта даганяе мяне. Я аглянулася: бяжыць навічок. Мне стала няёмка, бо была напаўапранутая, і я саступіла са сцежкі за елку. Ён параўняўся са мной, стаў і пытае:

- Вы сёння ідзяце на заданне?

- Так, - адказала я.

- Мяне завуць Пётр.

Я толькі ўсміхнулася і нічога яму не адказала. Ён доўга мяне не адпускаў. Гаварыў, што пойдзе разам з групай на дыверсію, але толькі ў ролі камандзіра. Я слухала яго і думала сама сабе, што ён занадта ўжо шпаркі. А Шаблін сцвярджаў, што калі ўсё так будзе, як ён думае, дык хутка і мяне не пусціць з групай. Я паглядзела на яго, як на дзівака, павярнулася і пабегла да крыніцы.

- Ты ўсё гэта не расказвай, - перабіў Валодзя. - Значыць, ты ўжо замужам?

- Так.

- Ён малады?

- М-малады.

- А чаму ты назвала яго мужчынам?

- Яму дваццаць сем гадоў... Валодзя, я табе прызнаюся, толькі ты нікому не расказвай. Добра? Аднойчы я тайком узяла ў яго ключык і адкрыла сакваяжык, у якім ён хавае каштоўныя паперы. У дакументах прачытала, што ў яго ёсць жонка Настасся і сын Ігар. Знайшла там яе пісьмо з раз'езда Зарабінка Гомельскай вобласці. Гэты ліст быў пасланы яшчэ тады, калі Шаблін стаяў на граніцы ля Ломжы. Доўга цішком плакала. Спачатку я думала, што звар'яцею. Потым не вытрымала і запытала ў яго пра жонку. Ён мне адказаў, што іх ужо даўно няма на свеце. Немцы забілі пад Менскам. Яна якраз ехала да яго ў часць у суправаджэнні чырвонаармейца. І той знайшоў яго і паведаміў аб такім няшчасці. Цяпер я ўжо звыклася з гэтым...