Выбрать главу

Валодзю было вельмі цяжка, але ён стараўся быць спакойным і ўважліва слухаў. А яна расказвала і расказвала. Раптам ён падняўся і, нічога не кажучы, кінуў ёй пад ногі рэчавы мяшок, а сам накіраваўся ў размяшчэнне роты. Валодзя ведаў, што наконт яго Сяргееў абавязкова пагаворыць з Шабліным. І ён з нецярпеннем чакаў сустрэчы з новым камандзірам. А Шаблін яшчэ раней пераканаў Зіну, што Валодзя з Вялікай зямлі назад ужо не вернецца, а хутчэй за ўсё пойдзе, канешне, на фронт. А там застанецца жывы ці не... І Зіна паверыла...

Пачуўшы такое з вуснаў камандзіра, не толькі Зіна, а і многія маладыя людзі, якія яшчэ мала знаёмы з сапраўдным жыццём і свет уяўляюць па напісаным і пачутым, маглі б гэтыя чужыя довады прыняць за ісціну.

Вядома, і Зіна, дзіця палёў, чалавек чыстага сумлення, не магла не паверыць доказам, што Шаблін, з якім яна сустрэлася, страціў сям'ю. Можа, і ўсё б жыццё яна пражыла з такім перакананнем, каб не заўважыла ў апошні час адзін непрыемны факт: амаль у тым жа месцы, ля крыніцы, дзе Шаблін раней прызнаваўся ў каханні ёй, Зіне, ён падпільнаваў і Валю Голуб. Зіна тады падслухала іх размову. Яна нічым не адрознівалася ад той, якую раней давялося выслухаць ёй. Шаблін казаў, што ён будзе ездзіць з Валяй у разведку, браў яе за руку, абдымаў за талію, глыбока ўздыхаў і шкадаваў, што Валя не прыйшла ў атрад раней.

Але пра гэта Зіна Валодзю не расказала. У яе былі раздвоеныя думкі. І яна імкнулася зразумець Шабліна не толькі як свайго мужа, а наогул як чалавека, якім ён ёсць. Яна пачала больш пільна ўнікаць у жыццё.

У лагеры было душна. Партызаны займаліся хто чым: некаторыя часалі бярвенні, некаторыя насілі на кухню ваду, а Валодзя, скінуўшы з сябе гімнасцёрку і сарочку, падставіў белыя плечы сонцу. Дзеравяка сеў побач. Ён расказваў хлопцу аб усіх прыгодах партызанскага жыцця. Між іншым, параіў Валодзю быць далей ад Зіны, асабліва не паказваць камандзіру, што добра знаёмы з Валяй. Валодзя аж раззлаваўся і даказваў, што хоць Дзеравяка і быў яго настаўнікам, але ж разважае няправільна.

- Ты ўбачыш камандзіра і сам гэта зразумееш, - сцвярджаў Дзеравяка. - Відаць, што ён смелы, але надта суровы. Хоць такія людзі і павінны быць у час вайны. Але я пад сакрэтам табе скажу, што ўсім не падабаюцца яго заляцанні да маладзенькіх дзяўчат. Ты паслухаеш, што Мікола скажа, як прыйдзе.

Пачуўся тупат конскіх капытоў. Па сцяжынцы ў лагер ехаў камандзір. Ён адразу заўважыў Валодзю, рэзка павярнуўся, тузануў каня за павадок і паміж яго вушэй глянуў уперад.

Валодзя таксама правёў вачамі камандзіра аж да самай зямлянкі, дзе той саскочыў з каня і перадаў повад у рукі вусатаму партызану.

- Так, прыгожы мужчына, - зазначыў Валодзя, не адрываючы вачэй ад Шабліна.

Дзеравяка спачувальна паглядзеў на свайго юнага сябра і заўважыў, як па яго твары прабег цень.

Валодзя ў атрадзе быў нібы чужы, і не таму, што да яго адносіліся неяк па-асабліваму, а ў такое становішча ён ставіў сябе сам. З нецярпеннем чакаў хлопец сустрэчы з камандзірам, але ж сам першы ісці да яго не хацеў і таму працягваў сядзець, нібы ў засадзе перад боем.

Шаблін абцягнуў гімнасцёрку і пайшоў у зямлянку да Зіны.

- А як ён, культурны чалавек? - запытаў у Дзеравякі Валодзя.

- Вось два палітрукі, але да Сяргеева яму яшчэ далёка. Я чуў аднойчы, як ён лаяў Зіну, дык, Божа мой, вушы вялі.

- А за што?

- Хто яго ведае. Яна ж яго баіцца, як служанка гаспадара. Я здзівіўся, як гэта яна адважылася з табой пагаварыць.

- А як ён з партызанамі?

- Не ведаю, але хлопцы, якія хадзілі з ім кораньскую паліцыю граміць, расказвалі, што лаецца, як шавец.

- Ціха, вунь ён выйшаў... Ідзе да нас.

Крокаў за дваццаць да партызан Шаблін стаў і крыкнуў:

- Баец! Што гэта ты - на пляжы?!

Валодзя ўмомант пабялеў, павярнуўся да свайго сябра і ціхенька сказаў:

- Во, маць яго... думаў, вярнуся са шпіталя, дык на сваёй роднай зямлі хоць на сонцы пагрэюся, а тут...

- Ты чуеш?

- Так. А хто вы такі, што на сонцы не дазваляеце пагрэцца?

Дзеравяка ўсміхнуўся, хоць, відаць, і баяўся, каб камандзір яго не абвінаваціў, што не сказаў да гэтага, хто ён. Але ў той жа час быў задаволены трапным запытаннем хлопца. Сапраўды, яны яшчэ незнаёмыя, і навошта Валодзю выцягвацца перад ім.