Шаблін ужо ведаў, што перад ім дыверсант Байкач. І добра ведаў з расказаў аб яго характары. Вось ён і хацеў адразу ашаламіць хлопца. Але тут атрымалася асечка, і ён сам крыху разгубіўся і падышоў да Валодзі.
- А-а, гэта навічок.
- Як бачыце, без барады, - спакойна адказаў хлопец, гледзячы ўбок.
Шаблін моўчкі стаяў над ім, глядзеў на аўтамат і гімнасцёрку, пілотку з зорачкай і рабіў такі выгляд, быццам ён нічога пра гэтага хлопца не ведае.
- Дык адкуль вы прыйшлі?
- Таварыш камандзір, - устаў Валодзя, узяў гімнасцёрку і пачаў апранацца. - Я думаю, што вы ведаеце, адкуль я і хто.
- Калі б ведаў, дык не пытаўся б, - не здаваўся камандзір.
- Я тут доўга да вас ваяваў, а потым паранены быў, лячыўся.
- А-а, дык гэта ты Байкач, адзін з лепшых нашых дыверсантаў. Мне толькі што Сяргееў пра цябе расказваў.
Валодзя нервова зашпіляў гузікі гімнасцёркі, а Шаблін ужо ляпаў яго па плячах, аглядаючы з ног да галавы. Відаць, ацэньваў Валодзю, але не як баявога таварыша, а больш як саперніка. Валодзя гэта адчуваў, і яму было няёмка.
Дзеравяка таксама ўстаў і пайшоў.
- Дык куды ты збіраешся? - запытаў Шаблін. - Сядзем, раскажы, як там, за фронтам.
- Хачу ў цянёк адысці. А то ў вас тут новыя парадкі: на сонцы сядзець няможна.
- Дысцыпліна, дысцыпліна, таварыш, патрэбна ўсюды, - шматзначна заўважыў Шаблін.
- У партызана павінна быць уласная вялікая ўнутраная дысцыпліна. Бо партызан у ваенны час - гэта чалавек, які можа быць адначасова і пракурорам, і следчым, і адвакатам, і выканаўцам вынесенага ім жа прыгавору. Няма такога статута, які б даваў партызану рэцэпт на кожны выпадак яго жыцця. Партызан сам павінен добра арыентавацца ў пэўных абставінах і прымаць правільныя рашэнні. У шпіталі на гэтыя тэмы вялося шмат размоў. Прытым, там разважалі сталыя і вопытныя камандзіры. І я з імі згодзен.
- Добра, не будзем пра гэта, сядай. Ты лепш скажы, таварыш, чым бы ты хацеў цяпер займацца?
- Я не разумею вашага запытання. Як гэта - чым? Тым, чым і раней - дыверсіямі.
- Сяргееў мне гаварыў пра гэта, але я дарогай падумаў, падумаў і вырашыў, што не зусім добра атрымаецца з Міколам, яго тады прыйдзецца вызваляць ад абавязкаў камандзіра.
- А навошта гэта? Што, вам не патрэбны больш дыверсійныя групы? Прытым, мне вядома, што вы ўзяліся тут рыхтаваць дыверсантаў як знаўца падрыўной справы.
- Не, але ж Сяргееў гаварыў, што ты хочаш іменна сваю групу. - Шаблін хітра паглядзеў Валодзю ў вочы. - Хаця... табе цяпер усё роўна.
- Чаму?
- Там дзяўчат няма.
- Дык я вазьму.
- Ведаеш, я лічу, што табе лепш пакуль пабыць у разведцы. У нас разведчыкаў мала, ды і тыя без вопыту. Сядзім вось тут, капаемся, нібы краты, а дзе што робіцца, нічога не ведаем.
- Скажыце, калі ласка, за што такая няміласць? Я вайну пачынаў разведчыкам. А потым дыверсійную справу вывучыў і лічу яе больш каштоўнай і важнай. Дыверсант адначасова з'яўляецца і разведчыкам.
- Ты на мяне не крыўдуй. Пажывём, прыгледзімся да хлопцаў і сарганізуем табе групу.
- Я не крыўдую, але заяўляю, што я вярнуўся назад, каб ваяваць. І прыглядацца мне тут ні да кога не трэба. Я добра ведаю больш паловы людзей.
- Ты, напэўна, галодны. Зараз загадаю, каб пячоначкі падсмажылі, там для мяне крыху прывезлі.
Шаблін з Валодзем падняліся і пайшлі да кухні.
«Што значыць новы камандзір! Усё тут стала па-іншаму. «Пячоначкі, пячоначкі»... Хочаш быць на пярэднім рубяжы, ён замінае. Ці я яго не разумею, ці ён не разумее ні д'ябла», - ідучы побач з камандзірам, думаў Валодзя.
Шаблін быў вышэй за Валодзю ростам, кучаравыя, светла-русыя валасы спадалі на скронь, прамы з гарбінкай нос. Верхняя губа яго шчыльна прыціскалася да ніжняй, выдавалася крыху ўперад і была на адным узроўні з крута заламанай барадой. Усё гэта надавала яго твару суровую мужнасць. Толькі невялічкія карыя вочы з-пад прыпухлых павек глядзелі затоена-хітра і нібы свідравалі субяседніка.
Мінула некалькі дзён, а Шаблін і не думаў даваць Валодзю дыверсійную групу. Чаму - невядома. Можа, таму, што Байкач - не яго школы выхаванец. Але пры сустрэчы з Валодзем Шаблін быў штучна ветлівы. А Байкач усё хадзіў сумны, чакаў, калі вернецца дыверсійная група і надыдзе момант, калі ён зможа схадзіць у штаб брыгады.
Камандзір жа, наадварот, не хацеў, каб Валодзя сустрэўся з Сяргеевым або Ядлоўцам. Шаблін рыхтаваў аперацыю, якую павінна была ажыццявіць яго рота. Заключалася яна ў тым, каб узарваць катлаван на чыгунцы. Гэтай аперацыі ён надаваў велізарнае значэнне. Ён збіраў усіх камандзіраў з роты, садзіўся з імі за столік, разгортваў перад сабой карту і гаварыў толькі сам. Камандзір аддзялення разведкі Верабейчык, даўні знаёмы Валодзі, таксама быў на нарадзе.