Выбрать главу

- Ну, што вы там вырашылі? - запытаў Валодзя ў Верабейчыка, калі той выйшаў ад камандзіра.

- Відаць, браце, што вайсковы чалавек. Вызначае кожнаму месца ў баі, хто будзе на сувязі з ім, хто ў прыкрыцці.

- Дык і ён сам пойдзе?

- А як жа.

- На тым катлаване ноччу сядзяць трое немцаў з кулямётам, а ўдзень ён ахоўваецца двума пуцявымі абходчыкамі. Я, напрыклад, так бы не дзейнічаў, як камандзір надумаў, але што ж я... Калі той невялікі катлаван такі каштоўны, як эшалон, дык я з двума хлопцамі ўзарву яго днём. З бясшумкі здыму абходчыкаў і падкладу міну. А так пойдзе рота, а тыя ўсляпую адкрыюць агонь, могуць быць ахвяры. Бяздарнасць!.. - плюнуў Валодзя.

- Ты гэтага нікому не кажы, а то даведаецца, дык жыўцом з'есць.

- Я так магу і яму самому сказаць. Сяргееву я не такое гаварыў. Іншы раз ён, праўда, смяяўся з мяне, а іншы раз і слухаў.

- Дык не ўсе ж такія, як наш камісар, то ж душа...

- Так, душа... Трэба ісці да яго, папрасіць, каб забраў мяне адсюль.

- Што ты, Валодзя, можа, і Шаблін неблагі чалавек, ён яшчэ навічок.

- А-а, навічком і Сяргееў некалі быў, - Валодзя махнуў рукой, адышоў і сеў на купіну, зарослую мохам.

Драмалі на сонцы маладыя буслы, звесіўшы над галінкамі гнязда свае доўгія дзюбы, недзе ў старым асінніку хуткаў удод, крычалі сіваваронкі. Лес стаяў нібы ў забыцці.

Стары лес заўсёды такі: хоць сам маўклівы, затое спрыяе ў пералётах птушкам і ў блуканнях звярам. І не толькі спрыяе, ён навучае ўсіх асцярожнасці, арыентацыі. Сам адкрыты, але ўсё жывое хавае: скіне адмёршую сівую галінку - пад ёй знойдзе сабе непрыкметны для іншых вачэй прытулак цяцерка, вытыркне ўбок сучча, глядзі - каля іх замаскіраваўся рагаты лось, падніме карэнні - дасць сховішча ваўку, нават у спарахнелае нутро пускае дзятла, саву, вавёрку... Здаецца, не было б лесу, не было б і такога цікавага жыцця.

Валодзя так задумаўся, што нават не заўважыў, як з'явіўся перад ім камандзір. Шаблін кінуў да ног хлопца рэчавы мяшок і з ухмылкай сказаў:

- Маёй жонцы не трэба рабіць такія падарункі. Яна іх усё роўна не ацэніць. Сказала: «Нясі і аддай, на чорта мне яго боты». Я яе спрабаваў пераканаць, што, маўляў, падарунак няёмка вяртаць назад, але яна настаяла на сваім. Ведаеш, жанчыны - гэта капрызныя істоты.

- Як вам не сорамна, таварыш камандзір?

- Бач ты, які нотны... Ну, добра, гэта ўсё дробязь. Зараз жа мы ідзём на адну аперацыю. Хочаш з намі?

- Вы ж мне сказалі быць у разведцы.

- Разведка там ужо была.

Шаблін крута павярнуўся і пайшоў. Валодзя ўстаў, закінуў за плячо рэчавы мяшок і накіраваўся да свайго будана. Строілася рота. Хлопец спыніўся і здалёк аглядаў партызан. Сярод мужчын стаяла і Валя.

«Яна ж у гаспадарчым аддзяленні, а чаму з баявымі ўзводамі ідзе? А Зіну сваю не ўзяў, - падумаў Валодзя. - Рота будзе на заданні не менш сутак. Трэба скарыстаць выпадак і схадзіць заўтра да Сяргеева».

Ад адной гэтай думкі хлопец так павесялеў, што нават сам сабе ўсміхнуўся. Ён радасна праводзіў вачамі роту, наперадзе якой вярхом на кані гарцаваў камандзір. Партызан кінуў у будан рэчавы мяшок і пайшоў да Верабейчыка.

- Слухайце, - звярнуўся да яго Валодзя, - я думаю заўтра ранічкай адлучыцца ў штаб брыгады. Вы мне скажаце пароль?

- Шаблін загадаў нікому не даваць пароля, апрача тых, хто ідзе на заданне.

- Дык я пайду ў разведку.

- Камандзір мне нічога не гаварыў наконт цябе, і я не маю права гэтага зрабіць.

Некаторыя партызаны маглі днямі спакойна сядзець у лесе, а Валодзя не вытрымліваў і гадзіны. Але больш ён сам для сябе ствараў такія невыносныя абставіны: то не знаходзіў месца, дзе лепш сесці, то не ведаў, з кім размаўляць. Нарэшце ён узяў планшэтку і пайшоў пад рабіну, дзе ў першы дзень размаўляў з Зінай.

Ці заўсёды было так, ці толькі цяпер, калі вярнуўся Валодзя, але Зіна рэдка калі выходзіла з зямлянкі. На гэты ж раз яна, калі заўважыла Валодзю, выйшла. Хлопец ужо ляжаў на траве і гартаў свой спеўнік. Убачыўшы Зіну, ён кінуўся ніц, тварам на рукі. Хлопец чуў, як Зіна села побач і пачала ціхенька выцягваць з-пад рук тоўсты сшытак...

Валодзя ўзняў галаву:

- Вазьмі пачытай, якія песні...

- Я хацела... пачала збірацца, і ён заўважыў у гэты час боты, дык нібы звар'яцеў... Ён іх табе аддаў?

- Уручыў... Ды яшчэ з якой прамовай. Маўляў, Зіна сказала - на чорта яны ёй.

- Няпраўда! Я вінавата толькі ў тым, што многа пра цябе яму расказвала, хваліла. Цяпер ён як убачыў цябе, дык і да мяне стаў зверам.

- Бач, колькі я непрыемнасцей табе прынёс.

- Не, гэта я табе.

Валодзя хацеў яшчэ нешта сказаць, але, заўважыўшы, што Зіна ўпілася вачамі ў спеўнік, зноў паклаў галаву на рукі. А яна хутка перагортвала адзін ліст за адным, і гэтак жа хутка мяняўся яе твар. Валодзя па вачах, па выразу яе твару разумеў, якую песню яна чытае. Разам з ёю ён успрымаў цёмную ноч, варожыя засады, свіст куль, а перагорне Зіна лісток, і яны зноў разам то ў холадзе туманнай раніцы, то на спякотнай пыльнай дарозе. Вось Зіна нібы праглынула тэкст песні «Девушка, помни меня, милая, помни меня...», а з ім і слёзы. Яна дастала з рукава сукенкі насоўку і прыклала яе да вачэй, зноў чытала далей.