IV
Раніца была ціхая, і з зямлі паміж дрэў паднімаўся рэдзенькі туман. Валодзя вылез з будана, глянуў навокал: яшчэ ніхто не хадзіў па лагеры, толькі чуваць было, як недзе стогне паранены партызан. Валодзя скінуў сарочку, павесіў яе на галінку дрэва і пайшоў да крыніцы мыцца. Сцяжынка была пераплецена росным павуціннем. Хлопец разарваў голымі грудзьмі адну павучыную заставу, а каля другой спыніўся. «Разумная істота, - падумаў ён. - Хто без прылад хутчэй за яго вытча такі ўзор. Звечара тут ніводнай не было, а за якіх пяць гадзін столькі сетак». Павучкі добра ведаюць звычкі сваіх ахвяр. На сцяжынцы заўсёды бываюць пахі: то ад згубленых крошак, то ад партызанскіх кацялкоў, якія носяць сюды мыць. Мухі здалёк чуюць гэтыя пахі і ляцяць на сцяжынку, вось тут для іх павукі і робяць пасткі.
Валодзя стаяў і ціха напяваў:
Знать не можешь доли своей,
Может, крылья сложишь посреди степей...
Ён не чуў, як да яго ззаду падышла Валя, і нават крыху спалохаўся, калі яна запытала:
- Каму ты такую калыханку спяваеш?
- Гэта не калыханка, а цудоўная песня.
- Сапраўды, я чую ўпершыню.
- Дык дзе ж ты магла чуць - дома на печы?
Валодзя гэтым хацеў больш падкрэсліць, што хоць ён і аднагодак з Валяй, але ўжо бывалы баец. Атрымалася ж так, што і сябе не ўзняў і дзяўчыну пакрыўдзіў.
- Чаму ж так, на печы?.. - сціснула пухлыя губы, праглынула сліну і дадала: - Мяне немцы схапілі ў Жлобіне і пасадзілі ў турму, а потым везлі невядома куды, і я праз акенца вагона выціснулася і ўпала на хаду цягніка...
Валодзя губляўся, калі заўважаў, што ён незнарок пакрыўдзіў чалавека. Хлопец імгненна ставіў сябе ў становішча субяседніка і тады цяжка перажываў за яго. А здаралася так у яго нярэдка. Ці па маладосці, ці таму, што фармаванне характару прыйшлося на віхуру вайны, дзе думка звычайна спрацоўвае маланкава і на глыбокія разважанні не хапае часу. Вось ён і робіць іншы раз заключэнні, з якімі тут жа і сам не згаджаецца.
- Даруй мне, Валя, я захапіўся гэтым карункам і нават не заўважыў, калі ты падышла... Я вось думаў, як несвядомыя павукі міны разумна ставяць, а мы, людзі - і не заўсёды ўмеем так тонка зрабіць. Глядзі, учора вось гэтых мін тут не было, а колькі ўжо ў іх уплецена сягоння мух і камароў. Усё таму, што ведаюць, дзе сетку расцягнуць, хоць і такія малыя істоты, а? - Валодзя засмяяўся.
Валя павесялела, нахілілася і разглядала росную павуціну.
- А чаго ты так рана ўстала? Табе ж на дыверсію не ісці? Ведаеш, я дык ледзь світання дачакаўся. Гэта пасля такога перапынку я зноў іду па сваёй зямлі! Не сказаў ні Сяргееву, ні Шабліну, дзе буду. Я разбяруся, як загінуў Мікола, бо там нешта ёсць таямнічае, сам схаджу ў Жлобін, увогуле прайдуся па ўсіх вузлах і, можа, давядзецца разблытаць іх. Зразумела?..
- Я таксама не спала і думала, што буду прасіцца да цябе ў групу. І вось заўважыла, што ты пайшоў...
- Табе камандзір не дазволіць ісці са мной.
- Адкуль ты ведаеш? - здзіўлена паглядзела Валя.
- Пойдзем туды, да крыніцы, а то тут яшчэ хто падслухае нашу размову.
Яны ціха пайшлі па сцяжынцы. Саскочыў бусел з гнязда і залунаў над вершалінамі дрэў. Лес неяк раптам ажыў: зашчоўкалі, зашчабяталі невыразнымі галасамі птушкі. Звычайна так бывае ў пару, калі старыя ўжо не спяваюць, а жаўтаротая моладзь радуецца навакольнаму свету і дзярэ на ўсе лады, блытае мелодыі песень бацькоў і думае, што ўсё вельмі добра. А старыя рады і гэтаму, няхай спяваюць, абы есці не прасілі. Але радасць у іх бывае нядоўгая. Дзеці прагаладаюцца і, гледзячы бацькам у рот, пішчаць, трапечуць крыльцамі. Зробяцца такімі лагоднымі, жаласнымі, што тым нельга ўседзець на галінцы, каб адпачыць, і яны ўздымаюцца на крыло і знікаюць у пошуках ежы. А дзеці, больш дысцыплінаваныя, садзяцца ў радок, нават не штурхаюць адно аднаго і пільна сочаць за кожным рухам у лесе. Яны здалёк, па лёту пазнаюць сваіх бацькоў. Варта толькі тым паказацца, як у іх, нібы па камандзе, шырока адкрываюцца дзюбы.
Валодзя мыўся сцюдзёнай вадой, а Валя сядзела побач на пяньку і гаварыла, што ёй трэба хоць на хвілінку заскочыць дадому і ўзяць неабходныя рэчы. Яна саромелася прызнацца хлопцу, што ёй даводзіцца хадзіць да рэчкі мыць сукенку і чакаць там, пакуль яна высахне, бо ніякай змены ў Валі няма. Абяцаў камандзір, што хутка пусціць яе наведаць маці, але пасля таго, калі Валя схадзіла з ім на баявое заданне, ён перамяніў сваё рашэнне.
- Я разумею, Валечка, як гэта надакучліва маладому чалавеку быць ля кухні, ведаю, што табе трэба схадзіць да маці, але ж Шаблін цябе не пусціць, тым больш са мной. Бачыла б ты, як ён крывіўся, калі камісар брыгады Сяргееў даваў мне заданне, не дапускаючы нават думкі, што Шаблін супраць таго, каб я быў камандзірам групы. Сяргееў рабіў хітра, бо ён заўважыў, што камандзір роты хацеў мяне прытрымаць у разведцы, а з якой прычыны, камісар так і не ведае.