Вершаліны вялізных сосен добра маскіравалі партызанскія буданы. Нават дым, што паласкаўся празрыстымі блакітнымі хусцінкамі над кухняй, высока не ўзнімаўся, а рассейваўся ў зялёных шатах дрэў. І зверху цяжка было заўважыць лагер. Толькі сонечныя праменні кідалі кволых зайчыкаў на сцяжынкі, буданы, ствалы дрэў.
Валодзя не ведаў, доўга спаў ён ці не, бо прачнуўся толькі тады, калі пачуў, як прыпякло сонца ногі праз халявы ботаў. Ён хуценька ўстаў, абцягнуў гімнасцёрку, паправіў пілотку, закінуў на плячо аўтамат і пайшоў у штабную зямлянку.
Камандзір злучэння ўжо ведаў, што дыверсант Байкач гэтай ноччу прыляцеў з Вялікай зямлі. Ён хацеў сустрэць Валодзю і падзякаваць за тое, што ўдала выканаў яго заданне - узарваў вадакачку ў Жлобіне.
Валодзя яшчэ здалёк заўважыў ля зямлянкі групу партызан і сярод іх пазнаў камандзіра злучэння. Ён падышоў і па-салдацку прывітаўся. Але камандзір працягнуў руку і з усмешкай сказаў:
- У-у-у! Ты як вырас! Калі я яго першы раз бачыў, ён быў зусім яшчэ хлапчуком, - звярнуўся да таварышаў камандзір.
- Так, таварыш камандзір, немцы хацелі мяне крыху ўкараціць, але ж не ўдалося ім гэта. Я назло ім яшчэ больш выцягнуўся і трывалей цяпер на зямлі стаю.
- Малайчына, пойдзем разам снедаць.
Валодзю не хацелася доўга заседжвацца ў чужым атрадзе. Ён цярпліва слухаў за сталом доўгія размовы, а думкамі і душою ўжо быў сярод сяброў. Хутчэй хацелася ўбачыць сваю дзяўчыну, баявых паплечнікаў, а праз які тыдзень пабываць у маці. Ён толькі цяпер даведаўся з размовы камандзіраў, што з «Будзёнаўца» сфармавана брыгада, у якую ўваходзяць тры атрады, і стаяць яны ў лесе за чыгункай Жлобін - Калінкавічы.
- Дык я пайду, - сказаў нарэшце Валодзя і пачаў развітвацца з камандзірамі, з лётчыкам.
Камандзір злучэння прапанаваў яму суправаджаючых да Бярэзіны, але Валодзя адмовіўся:
- Я сам ведаю тут усе сцяжынкі. Дайце мне толькі пароль.
Пасля шпітальнай палаты ў лесе дыхалася надзвычай лёгка. Не адчуваліся за плячамі ні рэчавы мяшок, ні аўтамат, ні запасныя дыскі. Толькі крыху замінала планшэтная сумка, якую падарыў Валодзю лётчык. Яна вісела на доўгім рэмені і блыталася ў нагах. Але ў ёй быў цяпер самы дарагі скарб. Партызан з рэчавага мяшка пераклаў туды тоўсты сшытак з сучаснымі ваеннымі песнямі. А якія гэта песні! Упершыню Валодзя пачуў іх у шпіталі ад параненых байцоў.
Спачатку ён не вытрымліваў: нацягваў неўзаметку коўдру на галаву і мачыў падушку слязьмі. А потым прывык і сам пачаў разам спяваць.
«Цёмная ноч!..» Ці ёсць дзе на свеце лепшая песня. Хіба можа ў фрыцаў нарадзіцца такая? Тут патрэбна шырокая вольная душа. Алавяным салдатам гэтага не зразумець. Вось ён вернецца ў атрад і праспявае песню Зіне, хлопцам...
Падыходзячы да знаёмай прыбярэзінскай вёскі Святое, Валодзя пачаў прыкідваць, каго можна папрасіць, каб перавёз цераз раку. Але як толькі ўзышоў на пясчаны ўзгорак, у здранцвенні стаў: на месцы былой вёскі тырчалі чорныя дрэвы і аблупленыя коміны печаў. Балюча сціснулася хлапечае сэрца ад крыўды, а ногі падламваліся, нібы стаіць ён тут ужо даўно. Ён збочыў і сеў на голы корань прыдарожнай сасны. Быў поўдзень. Па гарачым пяску поўзалі чорныя жучкі-шчаўкункі, даўганосікі, вусачы. Раптам каля бота з'явіўся чорны прадаўгаваты жук. «Германскі магільшчык», - падумаў Валодзя. Раструшчыў яго абцасам, падняўся і пайшоў.
Ён прайшоў міма многіх разбураных печаў, пакуль нарэшце напаткаў жывую душу. Панурая жанчына сядзела на абгарэлым палене і абірала дробную бульбу. Убачыўшы ўзброенага чалавека, яна нават не схамянулася. Толькі тады, калі Валодзя прыпыніўся, жанчына падняла галаву. Запалыя вочы ледзь свяціліся на цёмным, худым твары. Позірк яе выражаў абыякавасць да ўсяго і нібы гаварыў: «Што табе трэба? Страляй...» Яна ўздыхнула і паклала на падол рукі.
- Цётачка, - звярнуўся Валодзя да жанчыны, - можа, тут дзе лодка ёсць?
Жанчына з балючай крыўдай паглядзела на яго і глухім голасам запытала:
- А хто вы такі?
- Навошта вам гэта?
- Калі вы былі разам з немцамі, дык павінны ведаць, дзе нашы людзі, дзе мае дзеці, дзе ўсё... - Яна кінула позірк у бок спаленай хаты.
- Цётачка, я свой, партызан.
Пачуўшы такі адказ, жанчына зморшчылася і ў адчаі пачала расказваць, што перад пажарам у вёску на конях прыехала вялікая група ўзброеных людзей. Многія з іх нават былі з істужкамі на шапках. Яны называлі сябе партызанамі, увайшлі ў давер'е жыхароў. Тут іх частавалі, пракліналі немцаў, здраднікаў. А праз які час сюды прыехала некалькі машын з гітлераўскімі карнікамі. Тады толькі людзі зразумелі, якія гэта былі партызаны, калі тыя разам з гітлераўцамі пачалі паліць вёску, забіваць усё жывое. З усіх жыхароў засталіся толькі тыя, што былі ў полі або ў ягадах. І ў яе таксама забілі дваіх дзяцей і спалілі ўсё дашчэнту. Цяпер той, хто застаўся ў жывых, не баіцца ўжо нічога і нікога.