Выбрать главу

Партызаны рассыпаліся і пачалі маскіравацца. Камандзір разведкі пайшоў наперад, каб паглядзець, ці далёка гітлераўцы. Абоз быў ужо метраў за чатырыста. Верабейчык хутка вярнуўся, прайшоў па размяшчэнні партызан і паведаміў, што сілы гітлераўцаў на чыгунцы зусім малыя, а гэта насцярожвае, што частка іх магла ісці ў абход.

Шаблін з сувязным былі ў лесе метраў на дзвесце ззаду роты. Камандзір роты непакоіўся, што не вызначыў пэўнага арыенціру, да якога павінна дайсці першая павозка, і толькі тады можна пачаць абстрэл. Ён цяпер прыблізна падлічваў, на якую адлегласць расцягнуцца дваццаць фурманак. Пакуль ён займаўся падлікамі, прыкідваў інтэрвалы паміж фурманкамі, з-за кустоў паказалася першая пара коней.

- Юра, бяжы да камандзіра трэцяга ўзвода Бізунка і скажы, што адкрываць агонь можна толькі тады, калі першая фурманка будзе вунь ля той, з сухой вершалінай сасонкі. Толькі трымайся кустоў.

Юнак з абрэзам у руках хутка пабег. І прыкладна прабег паўдарогі, як там, толькі крыху глыбей у лесе, грымнуў стрэл.

Шаблін захваляваўся: «Вось, чорт, пашлі дурнога, а ўслед другога. Што ён, заблудзіўся?» Камандзір ірвануў каня і хуткім крокам паехаў сам. Толькі выехаў на прасеку, як справа ад яго зноў пачуўся стрэл. Мільганула думка, што страляе Юра, але конь прысеў і мордай тыцнуўся ў зямлю. Шаблін імгненна пераваліўся на левы бок каня, ледзьве паспеў выхапіць нагу са стрэмя і папоўз назад. У кустах падхапіўся і з усіх ног кінуўся бегчы.

Камандзіраў узводаў насцярожылі стрэлы, якія пачуліся ў іх за спіной. І асабліва таму, што немцы на павозках амаль на іх не рэагавалі. Значыць, яны ў надзеі, што гэта страляюць нямецкія салдаты. Потым некаторыя партызаны заўважылі гітлераўцаў, якія, сагнуўшыся, беглі па кустах да месца выстралаў. Нехта з камандзіраў даў доўгую чаргу з аўтамата. Партызаны вырашылі, што гэта сігнал, і адкрылі ўраганны агонь па павозках. Дыбіліся коні, кідаліся пад адхон чыгункі гітлераўцы.

Бізунок колькі было сілы крыкнуў:

- Ззаду ў нас немцы!

Некаторыя партызаны пачулі яго голас адразу і пачалі страляць у другі бок. Адтуль зараз жа засвісталі кулі і нават паляцелі гранаты. Па агні Бізунок зразумеў, што назад шлях адсечаны. Ён сагнуўся і пабег на павозкі з крыкам:

- Уперад! За мной! Ура-а!

Гітлераўцы пакінулі свае павозкі і ўжо схаваліся недзе ў кустах. Ззаду партызан прыкрываў усё той жа ражок хмызняку. Але ім трэба было перабегчы чыгуначны насып, каб апынуцца ў лесе на другім баку. Бізунок першы ўскочыў на насып і залёг. Рой куль пасыпаўся ўслед за ім. Камандзір адстрэльваўся і крычаў:

- Кулямёты, агонь!

Гітлераўцы кінуліся ў атаку. Але загаманілі партызанскія кулямёты, і яны заляглі.

- За мной! За мной! - крычаў Бізунок і пасылаў аўтаматныя чэргі ў бок немцаў.

Партызаны дружна перабеглі цераз насып. Некалькі чалавек упала.

- Не пакідаць забітых!

Пад прыкрыццём кулямётаў і аўтаматаў партызаны сцягнулі з чыгуначнага насыпу забітых і параненых. За насыпам застаўся толькі адзін камсамолец Алесь Раманчык. Ён, паранены, пакаціўся назад і, каб не трапіць жывым у рукі гітлераўцаў, узарваў на сваім рэмені гранату.

Ідучы па лесе, партызаны пыталіся ў камандзіраў, як маглі ў іх ззаду з'явіцца немцы?

- Тут няма ніякай загадкі. Звычайна, рухаючыся па лясной партызанскай зоне, яны пасылаюць моцны абход. Вось і напароліся на нашу засаду. Я думаю і нават веру, што першыя два выстралы былі зроблены па нашаму камандзіру і таму юнаку, - адказаў Бізунок.

Панурыя, ішлі партызаны па мокрым густым хмызняку. У другой палове дня яны ўвайшлі ў густы лес. Ля дарогі на ўзгорку пад белай акацыяй выкапалі магілу і пахавалі там сваіх чатырох баявых сяброў. Маўкліва, як і партызаны, стаяў стары лес. Крышку загудзеў, калі грымнулі над пясчанай магілаю стрэлы, і зноў сціх.

V

Раніца была светлая, цёплая. Як матылькі вакол кветак, трапяталі лісточкі асінак, ледзь чутна шапацелі маладыя бярозкі, а высокія сосны нібы супакоўвалі іх: «ціш-ш-ш, ціш-ш-ш» і, нарэшце, махаючы вялікімі лапамі, пачалі сварыцца між сабой. Лес абудзіўся. На небе з'явіліся шматкі хмар. І пабеглі цені па полі, па лесе. З узгорка было відаць, як пад гэтымі ценямі хмурнелі дубы, хавалі золата стройныя сосны. Каля плёсу віхор падхапіў шматкі сухога сена, падняў іх угару і развеяў. Сена, кружачыся, паволі апускалася ўніз: павісла на кустах, ляцела на маршчыністую паверхню вады і разам з сярэбранай плынню імкліва бегла да берага.

Група партызан ехала па пясчанай дарозе. Валодзя акідваў вачыма ландшафт родных мясцін. Ён улоўліваў змены, што адбыліся за час яго адсутнасці, і прыгадваў, дзе стаяў вятрак, дзе ўзвышалася труба крухмальнага завода, дзе стаяла перад вайной адбудаваная прыгожая вёска. Цяпер нічога гэтага не было. Валодзя падумаў: «Як лёгка і хутка можна знішчыць мноства збудаванняў, і як потым цяжка і марудна людзям аднавіць усё гэта».