Выбрать главу

Уперадзе з-за прыгорка паказаўся крыж, а за ім, нібы пасінелая на жывым целе скула, купал царквы.

- Залессе? - павярнуўся на калёсах Валодзя.

- Так, - адказала Валя.

- Быў я шмат разоў у гэтай вёсцы і ніколі не падумаў бы, што знойдзе тут сваю смерць мой лепшы сябра, - уздыхнуў партызан. - У такіх пераплётах Мікола быў - і заўсёды ўсё канчалася добра. А тут?.. Іншая справа, калі б наткнуўся на засаду ля чыгункі ці быў дзе ў жорсткім баі... Вось што значыць наша неасцярожнасць. Хаця... хто можа ведаць, дзе каго стрэне куля.

- Напрыклад, я сядзела дома, і то немцы схапілі.

- Што, і схавацца нельга было?

- Дзе? Гэта ж у час блакады. Прыгналі нас у Жлобін - і ў цягнік. Як мы хацелі, каб дзе на дарозе наш эшалон партызаны падарвалі. Але я не дачакалася гэтага і выскачыла на хаду.

- Ведаеш, мы не імкнёмся падрываць тыя цягнікі, што ідуць з боку фронту. А іншы раз, відаць, трэба. Падарваць на пад'ёме каля лесу, крушэння вялікага не здарыцца, і палонныя разбягуцца. Да нас прыйдуць.

- Прыйдуць... Вось я прыйшла, а яшчэ ніякай карысці партызанам не прынесла.

- Ты хочаш, каб адразу і карысць прынесці. Карысць ужо тая, што ты на немцаў не працуеш.

Мерна тупалі коні. Спераду падводы, на якой былі Валодзя з Валяй, ехалі верхавыя. Раптам пярэднія спыніліся.

- Таварыш камандзір, разведку ў вёску пашлём? - запытаў Анатоль.

- Праскоч да Ігната, ты ж на ліхім кані.

Анатоль памчаўся. Заклубіўся пыл на дарозе і нібы дымам засланіў ад вёскі групу партызан. Усе спыніліся. Валя саскочыла з калёс на ўзбочыну дарогі, адарвала некалькі лістоў конскага шчаўя і выцерла ім боты. Валодзя глядзеў на дзяўчыну, а думаў пра Зіну і ўяўляў яе чачоткай у клетцы.

- Чаго ты так задумаўся? - запытала Валя.

- Ат, думаў, вярнуся з Вялікай зямлі і буду ў сваім лесе спяваць песні пад баян. А тут усё змяшалася, усё стала інакшым. Загінуў сябра, і... - Валодзя задумаўся.

- Што і... Зіна замужам, - усміхнулася Валя.

- І... баян забралі ў другую роту.

- Баяніст ужо быў у групе, а потым Шаблін сказаў, што ваяваць трэба, а не музыкай займацца.

- Жывы буду, баян вярну.

Вярнуўся Анатоль. Конь расшыранымі ноздрамі дыхнуў Валодзю ў твар.

- У вёсцы нікога няма: ні нашых, ні немцаў, - далажыў Анатоль.

- Добра, тады паехалі.

Валодзя ўспомніў пра старога Ігната з Залесся. З яго, толькі з яго трэба пачаць расследаванне. Трэба даведацца, адкуль вядома яго дачцэ, што ў бацькі стаяць партызаны. Тым больш што іх у вёсцы даўно не было.

Супраць Ігнатавага двара партызаны спыніліся. Валодзя саскочыў з калёс і першым пайшоў у двор. Ля павеці таптаўся стары чалавек. Валодзя пазнаў Ігната. А той адразу глянуў на яго і ўсміхнуўся, а потым раптам схамянуўся і са здзіўленнем глядзеў у твар партызану.

- Чаго, бацька, здзівіўся?

- Так, нічога! - Убачыўшы ў двары Анатоля, стары засмяяўся і дадаў: - Я незнаёмых узброеных людзей усмешкай не сустракаю. Мала з якім ён намерам да мяне, а ты яму зубы скаль. А вось цяпер бачу - гэта свае.

- Зойдзем, дзядзька Ігнат, у хату, - прапанаваў Валодзя, - размова ёсць.

У пярэднім пакоі было цемнавата. Адно невялічкае акно прапускала мала святла. Здавалася, што больш бляску ў пакоі ад цыраты, якой пакрыты стол. Пад прыпечкам з нейкага чарапка кошка сёрбала малако, а збоку да яе паўзло яшчэ зусім маленькае кацяня. Хтосьці з партызан прыгнуўся, каб узяць яго, але кошка спрытна схапіла зубамі кацяня за хіб і шмыганула пад печку. Усе засмяяліся.

Валодзя прайшоў і першы сеў ля стала на ўслон.

- Вось так, бацька, трэба ратаваць дзяцей, - сказаў хлопец.

Ігнат прысеў з другога боку стала і ўважліва глядзеў на Валодзю. Вайсковая форма вылучала хлопца сярод іншых партызан, і стары, відаць, меркаваў, што гэта новы камандзір. Ігнат чакаў нейкага запытання ад яго.

- Што ў вас чуваць, дзядзька?

- Нічога, - паціснуў плячамі Ігнат.

- А як загінуў Мікола, што людзі гавораць?

- Кажуць, глупства зрабіў.

- Якое?

- Што застрэліўся. Як толькі Мікола паслаў сабе кулю, немцы сагнуліся і пабеглі назад. Напэўна, думалі, што ён залёг і абараняецца. Няхай бы ён так і зрабіў, а то трэба ж, абойму з пісталета выняў і адкінуў убок, пакінуў адзін патрон і ім... - зморшчыўся стары.

- Абойму адкінуў, каб немцам у камплекце пісталет не застаўся.