Выбрать главу

- Напэўна, сам поп быў. Але я дакладна не магу сказаць, бо распазнаць ясна нельга было. Рост, як у папа, ззаду, на патыліцы, нібы кудлы ці чорная хустка. І недзе ў ваду ўлез, бо ўвесь час пад нагамі цвыркала.

- Мы пераабуем яго сёння, - сказаў камандзір. - Вось бачыце, ён ужо перакананы, што партызаны начуюць тут. Дзядзька Ігнат, мы паедзем, а вы старанна замяціце ўсе нашы сляды. Калі хто заўтра спытае, то скажыце, што ля вашага калодзежа ўзброеныя людзі вечарам паілі коней і кудысьці паехалі.

Ігнат сцягнуў з печы світку і прапанаваў Валі:

- Вазьмі, дзяўчына, ноччу цяплей будзе.

- Дзякую, дзядзечка, - сказала Валя і накінула світку на плечы.

Партызаны выйшлі з хаты. Ужо на калёсах Валодзя жартаваў з Валі, як яна дзякавала старому за рызман. Світка пахла прэлым сенам. Напэўна, Ігнат у ёй многа гадоў даглядаў жывёлу. Адслужыўшы сваё, світка трапіла на плечы партызанкі.

Валодзя расказваў дзяўчыне, як аднойчы такую партызанскую світку захапілі немцы.

- Быў у нашай групе Сашка, баяніст. Ён пасля загінуў. І больш за ўсё ён любіў свой баян вазіць не на калёсах, а толькі вярхом на кані. Раздабылі яму скакуна. А вось сядла нідзе не знайшлі, дык Сашка клаў замест яго на хрыбетнік каню старую, падраную світку, а з путаў рабіў страмёны. І так гарцаваў, нібы кавалерыст. Аднойчы ўдзень пад'язджаем да вёскі, а хтосьці па нас чаргу з аўтамата... Мы хутчэй з коней на зямлю. Было нас трое. Двое коней пабеглі назад, а Сашкаў чамусьці ўперад. Неўзабаве страляніна спынілася, і мы заўважылі, што немцы пакінулі вёску. І вось людзі пасля расказвалі нам, як гітлераўцы акружылі каня і са здзіўленнем разглядалі загадкавае сядло. Доўга яны баяліся нават крануць яго. Рукавы світкі Саша звязаў вузлом, і немцы напэўна думалі, што там міны і што партызаны спецыяльна пусцілі да іх гэтага каня. Прывязалі яны каня да плота, самі ўсе разбегліся, і толькі адзін немец пры дапамозе доўгай жэрдкі сцягнуў сядло. Бачыш, колькі страху было ад той світкі.

- Дык яна ж была на кані, - засмяялася Валя.

- А-а, ты хочаш сказаць, што на табе немцы такой вопраткі не спалохаюцца. Зразумела, яны засмяюцца і скажуць: «Гут паненка».

- Не, я ўжо ў іх руках пабывала. Для іх гут ці не гут, упіхнуць у вагон, які ў нас называецца цялятнік, і дзверы на замок. Хопіць, цяпер я жывой ім не дамся ў рукі.

Мінуўшы поле, партызаны спыніліся. Анатоль, які ехаў уперадзе, прыпыніўся і запытаў у камандзіра, як яны паедуць далей. Валодзя саскочыў з калёс, прайшоў крыху ўбок і прапанаваў ехаць да кар'ера паўз лес.

Група рушыла наперад. Цёмнай сцяной стаяў збоку бор. Павявала халадком.

Ля кар'ера партызаны павярнулі на прасеку. Яна ўжо зарасла невялічкімі асінкамі, беразняком. Валодзя з Валяй саскочылі з калёс і пайшлі пеша. Калёсы тарахцелі па купінах, і камандзір туга нацягваў лейцы, каб конь ішоў цішэй.

Спыніліся дыверсанты на ўскраіне палянкі пад разгалістай сасной. Валодзя расслабіў церассядзельнік і падкінуў каню сена.

- Павел з Валяй застануцца тут з коньмі і будуць чакаць нас, - сказаў Валодзя.

- Чаму я? - здзівіўся Пыліла.

- Ісці па лесе да той дарогі яшчэ вельмі далёка, зразумела?

Ён глянуў на Валю і згадзіўся. Партызаны ўзялі міну і пайшлі. Валя ўхуталася світкай і ўладкавалася на калёсах. Да яе падсеў і Павел. Ён уздыхаў і неўпрыкметку прытуліўся да Валінага пляча.

- Праклятая вайна, не дала пажыць удосталь. Быў бы стары, дык і загінуць не страшна, - сказаў Павел, - а так яшчэ вельмі пажыць хочацца.

- Усім страшна, - адказала Валя. - Праўда, гледзячы як загінуць. Калі гэта неабходна для свайго народа, то можна. А вось калі вораг бярэ цябе і гоніць, як жывёліну, невядома куды, тады страшна і шкада самога сябе.

- Так, усе мы загінем, і дурны той чалавек, які шкадуе сябе.

- Я не разумею, што ты гаворыш?

- Я кажу, колькі таго жыцця, трэба не шкадаваць сябе.

- Не шкадаваць сябе для другога, каб той жыў, так?

- Не. Не шкадаваць сябе для сябе.

- Гэта нейкая незразумелая мне філасофія.

Павел прасунуў руку пад Валіну світку і ўзяў дзяўчыну за локаць.

- Куды ты, куды? - сказала Валя, але рукі не вызваліла.

- Якая ты палахлівая, а яшчэ кажаш - не трэба шкадаваць сябе.

- Гледзячы дзе.