- Дык ты ж са мной не загінеш.
- Я і ў партызаны пайшла, каб жыць.
- А што ты разумееш пад жыццём?
- Тое, што і ўсе.
- Калі няма надзеі на жыццё, дык жыць трэба поўна.
- Як гэта - поўна?
- Ну, хоць бы як наш камандзір роты.
Валя ўсміхнулася і замоўкла. Прыгадала тую ноч у лесе, калі яна была таксама па-за лагерам. Размова Паўла нагадвае нечым размову Шабліна. Дзяўчыне стала нават страшна. Была б яна тады так з камандзірам адзін на адзін, што б здарылася, невядома.
Пыліла і да гэтага паглядаў на Валю, але ў яго галаве ніякіх канкрэтных думак не з'яўлялася. А цяпер што з ім робіцца? Раптам нібы ап'янеў. Думкамі затарможвае сябе, а пачуцці вясновым патокам наступаюць, рушаць у галаве ўсё. Ён ужо не чуў, як грызуць коні траву, як грукоча на чыгунцы цягнік. Хацелася нешта сказаць, але баяўся, каб Валя не адпіхнула яго і не саскочыла з калёс. Тады не будзеш бегаць за ёю па паляне, калі разамкнеш гэты першы кантакт. Ён пачаў тварам церціся аб падраную світку. Не, не цвілым сенам пахла ад яе, і не была яна бруднай, а здавалася прыгожай кветкай, якую нюхаеш, і хаця паху няма, але ад твару не аднясеш.
Пыліла баяўся брацца вышэй локця за Валіну руку, а пускаў у разведку толькі ўказальны палец: казытаў ім і гладзіў. Валя не рэагавала. Тады ён прасунуў сваю руку вышэй. Дзяўчына выпрамілася і пачала адсоўвацца. Павел сціснуў Валіну руку, а другой схапіў яе за калена.
- Што гэта? Пусці! - пачала вызваляцца дзяўчына.
- Колькі таго жыцця! - скрыпнуў зубамі Павел. Затым абхапіў дзяўчыну за шыю і паваліў на калёсы. Накінуўся на яе ўсім целам і тварам лез да шчакі.
Яна схапіла рукой Пылілу за падбародак і колькі было сілы старалася спіхнуць. Павел упёрся каленямі ў драбіны і ціснуўся да яе. Але раптам калені яго саскочылі, і ён грымнуўся пад калёсы. Валя саскочыла следам і глядзела, як ён нязграбна паднімаўся. Ёй было неяк сорамна, нават шкада Пылілу. Яна пачала дапамагаць яму ўстаць.
- От дурная, ледзь не забіла.
- Сам ты дурны, чаго лезеш.
- Дык я... я ж бы ажаніўся.
- Сам гаварыў, што куля ажэніць.
- Хоць да смерці пажыць.
- Вайна скончыцца, тады, - засмяялася Валя.
- Ты на мяне не злуеш?
- Яшчэ няма за што. Я вось не спала, а ты не даеш. Паглядзеў бы лепш коней, а я прылягла б.
- Добра, лажыся адпачываць, а я пайду на той бок паляны.
Валя зноў узлезла на калёсы.
Павел глянуў на яе і пайшоў.
«Гэта была разведка... другая б крыку нарабіла, а яна не. Напэўна, яна толькі сама сябе баіцца, што не дазволіла нават пацалаваць. Такія дзеўкі - агонь», - думаў Пыліла. Ён паглядзеў на коней і сеў на пянёк. Зноў думкі паплылі ў ранейшым напрамку, зноў яго вабілі калёсы. Такога моманту можа больш і не быць. Не запытаў ён у Валодзі, ці Валя прыйшла ў групу назаўсёды, ці толькі каб дадому з'ездзіць. Здаецца, Валодзя да яе нічога не мае, ён сумуе па Зіне. Напэўна, Валя першы і апошні раз з імі. А там будзе з партызанамі і злюбіцца з некім. Як яна, такая прыгожая дзяўчына, яшчэ не звязалася ні з кім. А можа, там хто і ёсць, ды Павел не ведае. А наогул, будуць смяяцца з яго, сталага хлопца, што ноч правёў у лесе ўдваіх з дзяўчынай і яна не закахалася ў яго. Толькі крыху карацейшая адна нага, а так ён прыгожы хлопец, і яна магла б кахаць. Ды і ў баях Павел сябе баязліўцам не лічыў. Праўда, Мікола мог бы яго ўжо пакінуць у лагеры, але гэта ўсё адышло на задні план. Цяпер, каб з Валяй ён зблізіўся, дык і не шкадаваў бы пакінуць групу. Пайшоў бы назад у гаспадарчы ўзвод. А якія ў Валі ногі, а фігура. Колькі ў Паўла было знаёмых дзяўчат і жанчын, Валя лепшая за ўсіх.
Па ўсім целе прабегла асалода, і Пыліла ўстаў. «Не, яна павінна дастацца мне», - падумаў ён і пайшоў. Чым бліжэй падыходзіў да калёс, тым больш здаровая нага трымцела, падламвалася, і ўвесь корпус падаў на хворую, карацейшую, якая ад думак рэагавала не так успрымальна. Грудзі расшырыліся, і сэрца білася, нібы птушка ў пустым корабе.
Ужо бралася на зорку, пасвятлела на ўсходзе неба. Павел не хацеў, каб развіднела. Але падышоў да калёс і быў задаволены, што стала святлей. Валя ляжала ўздоўж калёс дагары, галавой да каня, а світку нацягнула на твар. Плацце падцягнулася вышэй каленяў, а стройныя Валіны ножкі ў ботах ляжалі адна на адной. Павел доўга стаяў ля задка калёс, а потым прайшоў, прыслухаўся, ці спіць Валя. Яна роўна і глыбока дыхала. Ён зноў вярнуўся на сваё месца, працягваў галаву ўперад і не ведаў, што рабіць. Прылегчы да яе, зноў скіне і ўжо не толькі так не ляжа, але і не сядзе на калёсы.
І стукнула ў Пылілавай галаве думка, якая заканчвалася калясьмі, дзяўчынай і тым момантам. Ён і не ўяўляў, што будзе потым. Нібы злодзей, Павел ціхенька ўзлез на калёсы і наваліўся на Валю. Валя спрасонку рванулася, але ўстаць не змагла. Ёй здалося, што яна трапіла ў нейкі мяшок. Пачала задыхацца і раптам зразумела, пад кім яна. Дзяўчына крутанулася і лягла ніц, біла Паўла ботамі і паўзла назад. Так Павел з'ехаў і зваліўся з калёс, на гэты раз ужо разам з Валяй. Цяпер яна яму не дапамагала ўстаць, а рвала за валасы і ўдарыла ў твар ботам.