- Я гэтага не дарую, я раскажу ўсім, няхай застрэляць гідоту, - з плачам гаварыла яна.
Пыліла прыкладваў руку да сваіх губ, шалёна глядзеў на дзяўчыну і маўчаў. А Валя лаяла яго, лаяла.
Нарэшце ён ачомаўся і кінуўся дзяўчыне ў ногі.
- Не дарую, не дарую, - крычала Валя.
- Я люблю цябе, люблю, - плакаў Пыліла.
- Бугай, якая ў цябе любоў.
- Я застрэлюся, загіну, калі ты не будзеш любіць мяне.
- Во дурніца, ён не просіць, каб злачынства даравала, а яшчэ любі яго. Ды каб мяне нават звязалі разам з табой, я адразу б памерла.
Пыліла поўз на каленях зноў да Валіных ног, а яна павярнулася, узяла на калёсах вінтоўку і пайшла цераз паляну. Ён яшчэ болей напалохаўся, што дзяўчына не сказала ніводнага слова, з якога можна было б зразумець, што яна пра гэта нікому не скажа. Павел ведаў, што за такія штукі партызанскі суд выносіць самы жорсткі прыгавор, аж да расстрэлу. Але ж ён ёй нічога не зрабіў і будзе гаварыць, што жартаваў. Трэба і яе так пераканаць, што гэта жарт быў. Чаго ён, як зваліўся, адразу не засмяяўся, а прыняў, як і яна, усё ўсур'ёз. Было ўжо відна, і Павел спяшаўся знайсці Валю і сказаць ёй пра гэта. Ён убачыў яе ля высокай сасны непадалёку ад паляны і падышоў. Дзяўчына плакала.
- Чаго ты, я пажартаваў і ўсім так скажу, калі ты разнясеш гэта. Няхай лекар цябе праверыць, будзе сорамна.
- Ідзі адсюль, а то застрэлю, - Валя ўзяла вінтоўку.
Пыліла патаптаўся крыху збоку і пайшоў назад.
Па прасецы да паляны ішлі хлопцы. Яны гучна гаманілі, смяяліся. А ў Паўла было на душы пагана як ніколі. Не былі б разбітыя губы, ніхто б не заглядаў у яго душу і не зразумеў бы, што робіцца ў ёй. А так заўважаць сябры і запытаюць, што здарылася. Паспрабуй скажы, што конь убрыкнуў, - засмяюць.
Камандзір першым падышоў да калёс і крыкнуў Паўлу:
- Дзе Валя, збірайцеся, і хуценька паедзем.
Дзяўчына панура ішла цераз паляну. Але пачула гоман, выцерла слёзы, паправіла валасы і закрочыла хутчэй.
Пыліла ўскочыў на свайго каня і тварам не паварочваўся да хлопцаў.
- Ну, як вы тут з Паўлам, выспаліся? - спытаў Валодзя.
Дзяўчына нічога не адказала і адвязала лейцы ад драбін.
Валодзя падцягнуў церассядзельнік і запытаў у Валі:
- Чаго ты нейкая?..
- Якая?
- Ну, не такая, як была.
- Слава Богу, такая.
- Па дарозе раскажаш? - Валодзя ўскочыў на калёсы: - Валечка, сядай хутчэй, паедзем.
- А як у вас справы?
- Папа няма. Ды гэта ніякі і не поп. Ён прызнаўся, што накіраваў яго начальнік паліцыі ў царкву як сувязнога. Аніякіх адносін да свяшчэннаслужыцеля ён ніколі не меў. «Поп»-паліцай ужо ад'ездзіўся ў Жлобін... А хутка нехта і з яго абаронцаў у паветра ўзляціць.
Загрукаталі калёсы, і партызаны зноў выехалі на светлую ўдалечыні прасеку.
VI
Правільны напрамак у лагер Шаблін трымаў да таго часу, пакуль ззаду чуваць была страляніна. Стала ціха, і здавалася, што ён таксама ідзе прама ўперад. І ён быў упэўнены ў гэтым да таго моманту, пакуль не трапіў у такую багну, зарослую рэдкім сасняком і бярэзнікам, што ні канца ёй ні краю. Забыўся прыкмеціць раней, у якім баку сонца было, а цяпер кідайся, глядзі на яго. Ад чыгункі лагер быў на поўдні, але куды ісці, як трымацца цяпер, лявей ці правей, калі сонца, куды ні павярні, вісіць перад табою. Хаця б не закруціцца ды зноў не натрапіць на немцаў. І Шаблін вырашыў ісці далей на поўдзень: час паказваў, што пара быць у лагеры. А тут яшчэ праклятая падэшва на боце адарвалася да самага абцаса, і нагу трэба на кожным кроку рыўком выносіць уперад, каб не зачапіцца ды не тыцнуцца носам у купіну. Але на гразкім балоце так нагу не выкінеш, і падэшва заламваецца. Адарваць з абцасам і выкінуць - халява палезе ўверх, і нага босая будзе. Абрэзаць бы - дык няма чым: Зіна перад яго ад'ездам забрала складаны ножык. Скінуць зусім боты, трапіш на партызан, засмяюць, што камандзір босы прыбег.
Ды і ботаў шкада, у іх ён прайшоў ад заходняй мяжы. Але чалавек павінен знайсці выйсце, варта толькі добра падумаць. Вунь уперадзе кучаравы вал лазняку. Шаблін накіраваўся туды. Балота, нібы тонкі восеньскі лёд, угінаецца пад нагамі, а спераду ўзнімаецца ўгару. З-за лазовых кустоў узляцела некалькі вялікіх птушак. Шаблін спыніўся і назіраў. Ён думаў, што гэта буслы, і яны паляцяць да свайго гнязда, тады і ён знойдзе лагер. Але не, птушкі выгнулі шыі і, ляніва махаючы крыламі, паплылі да цёмнай паласы высокага лесу. Гэта шэрыя чаплі, здагадаўся Шаблін і пачаў абдзіраць лазу. Тут ён абпляце свой бот і пойдзе далей. Нават партызанам скажа, што ў любым выпадку павінна прысутнічаць у іх салдацкая вынаходлівасць. Шаблін і не заўважыў, што за лазняком плешчацца вялікае возера. Ён каля яго ніколі не быў, але чуў ад партызан, што зімой яны тут біліся з немцамі. Ад лагера яно недзе кіламетраў за сем на захад, значыць, камандзіру трэба трымацца правей. Шаблін падрамантаваў бот, выкруціў анучу, абуўся. Што значыць у вялікім пераходзе абутак! Гэта, бадай, усё, бо ніякі груз не прынясе столькі пакут, колькі можа прынесці дрэнны бот. Цяпер Шаблін пайшоў значна лягчэй. Можа, асноўнай прычынай гэтаму з'явіўся адрамантаваны бот, а можа, - яснае ўсведамленне, дзе ён і куды ідзе.