Выбрать главу

Камандзіра цяпер непакоілі іншыя думкі. Ён лічыў, што яму зусім не шанцуе. Першую аперацыю, якая прайшла больш паспяхова, змазала Валя. Трэба ж было тады яму так схібіць, што давялося на зваротным шляху ісці моўчкі і потым не ўспамінаць пра бой на чыгунцы. А цяпер - на табе, блукае камандзір без войска. Няўжо ў яго няма здольнасцей камандзіра? Але ж ён усё разумее, нават людзей бачыць, хто чым дыхае. Хіба, можа, не так? Быў перакананы на сто працэнтаў, што сённяшняя засада прадумана ім вельмі дэталёва і павінна прайсці ўдала. Падпарадкоўвацца ва ўсім было Верабейчыку, хоць ён і вопытны партызан, дык яго ж, камандзіраў, аўтарытэт паляціць да ўсіх чарцей. А прапанова Верабейчыка наконт засады, трэба сказаць, была больш разумнай. Шаблін усведамляе гэта, але яму ніяк нельга адкрыта згаджацца. Трэба заўсёды стаяць на сваім. Правільныя твае рашэнні ці не, але калі ты прыняў іх, прымусіў людзей ажыццяўляць, не адступай. Толькі тады будзе дысцыпліна, а разам з дысцыплінай і аўтарытэт. Шабліну трэба вызначыцца толькі ў баі, а потым калі і выявяцца няправільныя дзеянні або якія-небудзь грашкі, дык яны ўжо не будуць так прыкоўваць да сябе ўвагу. А жыве ён яшчэ пакуль што толькі той баявой славай, якую надае яму ордэн на грудзях. Баявы ордэн, ён і Зіну асляпіў сваім бляскам. І яна не раз прызнавалася мужу, што любіць больш за ўсё мужных і храбрых людзей. А вось навошта на вачах ва ўсіх партызан Шаблін звязаўся з Зінай, ён на кожным кроку сябе дакарае. А дзіця... Колькі гаварыў ёй, што не трэба яго, а Зіна не слухае. Амаль кожны дзень у роту прыходзяць усё новыя і новыя дзяўчаты. А Шаблін камандзір. Глядзяць яны светлымі, чыстымі вачамі і радуюцца, што трапілі ў падначаленне да такога чалавека. А што ён можа? Зіна звязала яго па руках і нагах. Вось і Валя не горш за яе, а ўжо ўпусціў. Не, ён не дазволіць ёй быць у групе Байкача. Але ісці на адкрыты канфлікт з Байкачом нельга будзе, тым больш што так няўдала праведзена аперацыя. Загінулі б дыверсанты - Шабліну начальства не даравала б. Мог бы і з пасады камандзіра зляцець. Добра, што яны не вярнуліся назад. Цяпер ён забудзе пра тое, а закруціць гайку Валодзю знойдзе на чым.

Усе гэтыя разважанні Шабліна працягваліся да таго часу, пакуль ён не ўбачыў буданы лагера. Так, ён не ўязджае, як звычайна, у размяшчэнне свайго атрада, а ідзе пеша.

Па пояс мокры, запырсканы граззю, ён не пайшоў па сцежцы, а палез праз гушчар, каб непрыкметна юркнуць у свой прыстанак. Ля дзвярэй зямлянкі нікога не было, Шаблін піхнуў іх і нібы нырнуў унутр. Зіна ляжала на ложку і ціха ўсхліпвала, а побач з ёй сядзела жанчына, якая працавала на партызанскай кухні. На стале ляжаў хлеб, побач стаяў кацялок, з якога клубілася пара.

- Чаго яна хныкае? - грозна спытаў Шаблін і падышоў да стала.

Зіна падняла галаву, саскочыла з ложка і абхапіла за шыю мужа.

- Мне ж сказалі, што цябе няма, - плакала яна.

- У такім становішчы ёй нельга хвалявацца, супакойце яе. Супакойся, Зіна, - сказала жанчына.

- Мяне не так лёгка ўзяць, дрэнна ты ведаеш свайго камандзіра, дурная. Ну, хопіць раўці.

Жанчыне не спадабаліся гэтыя словы Шабліна, ды яна заўважыла, што ён незадаволены і яе прысутнасцю. Партызанка ўстала і пайшла з зямлянкі.

- Хто табе сказаў, што мяне забілі?

- Прыйшлі ж усе: Пінчук, Бізунок... Яны не ведаюць, жывы ты ці не, але я думала... Усіх разведчыкаў паслалі на месца бою камандзіра шукаць.

Шаблін слухаў і думаў, што лепш бы яго дзе драпнула куля. Было б нейкае апраўданне перад усімі: камандзір паранены. А сёння што ён скажа камандзірам узводаў, дзе да гэтага часу быў. Яму не трэба апраўдвацца ні перад кім, але ж каб думка ў партызан не закралася, што Шаблін баязлівец. Ды ёсць і такія, што дай толькі ім падставу, дык яны зробяць з мухі слана і пачнуць анекдоцікі прыдумваць ды весяліць байцоў. Але камандзір не надта баіцца гэтага, ён здолее пакласці канец усмешачкам за плячамі. А вось як? Шаблін пакуль яшчэ не знайшоў формы і метаду пакарання. Ну, дыверсанта можна перавесці ў гаспадарчае аддзяленне, разведчыка таксама, а радавога партызана? Шкада, што гаўптвахты няма. А яму трэба неяк жалезную дысцыпліну трымаць, як у вайсковай часці была.