Выбрать главу

- Прайдзіце вунь туды, - паказала рукой жанчына ў бок вішнёвага садка, з-за якога прасвечваліся два камянкі. - Там застаўся адзін стары, Астапам завецца. У яго, здаецца, захаваўся човенчык, бо рыбу ловіць.

Валодзя нацянькі пайшоў да садка. З Бярэзіны павяваў свежы ветрык. Прабягаючы, ён варушыў попел, разносіў пахі гарэлага пер'я, поўсці, вопраткі. Ад гэтых пахаў рабілася яшчэ гарчэй на душы.

Стары часаў невялікае бервяно. Але як толькі ўбачыў Валодзю, нібы пільны ястраб, хутка разагнуўся і неяк напружыўся. Здавалася, адно імгненне - і ён з сякерай кінецца на ўзброенага чалавека. Але, напэўна, зорачка на Валодзевай пілотцы супакоіла. Бо толькі глянуў стары на яе, адразу ж працёр вочы, зашморгаў носам, нібы малое дзіця, уторкнуў у палена сякеру і загаварыў:

- Гэта ж, сынок, хачу да зімы якую-небудзь хатку зляпіць.

- Так, дзядуля, трэба.

- Ох, горачка наша. Няхай бы вёскі палілі, а навошта людзей... Яны ж патрэбны жыццю.

- Нічога ўжо не вернеш, так здарылася. Мы за вас адпомсцім.

- А чаго ж вы тут адзін?

- Просьба да вас, дзядуля. Перавязіце, калі ласка, мяне на той бок.

- А хто ж вы будзеце?

- Свой, дзядуля, свой я!

- Я-то адразу пазнаю чалавека... гм... пойдзем.

З захаду сонечныя праменні ляглі на Бярэзіну. Вада блішчэла жывым срэбрам і сляпіла вочы. Стары выцягнуў з лазовага куста човенчык і піхнуў яго на прыбярэжныя хвалі.

- Наўрад ці пераедзем, - усумніўся партызан. - Вельмі ж ён маленькі.

- Пераедзем, - запэўніў дзядуля.

Калі Валодзя сеў, стары адпіхнуў вяслом ад берага човен. Імклівыя воды ракі падхапілі яго і шпарка панеслі ўніз па цячэнні. Човен загойдаўся, а партызан сядзеў на кукішках і стараўся не страціць раўнавагу. Вясло ў руках старога, нібы перына, пералятала з аднаго боку на другі. Хутка човен узяў патрэбны напрамак. Валодзя назіраў за спрытнымі рухамі Астапа і не разумеў, чаго ён так спяшаецца. І толькі калі човен тыцнуўся носам у бераг, стары рыбак сказаў:

- Паўз бераг не ідзіце. Я дагэтуль нічога не гаварыў, каб вы не хваляваліся, бо тады чалавек дрэнна трымае сябе на вадзе. Хутка павінен з Шацілак нямецкі вартавы катэр прайсці. Як толькі сонца сядзе вунь на той сасняк, дык ён тут як тут. Я думаю, што яшчэ паспею дабрацца дадому. А вы будзьце асцярожны. Шчаслівай дарогі, сынок!

Стары шпарка пагнаў човен назад, а Валодзя прысеў на лугавую траву ў маладым ракітніку, каб паглядзець на нямецкі катэр. Сонца яшчэ не села на сасняк, і партызан рашыў крыху прылегчы.

«Вёска Святое - нават такая назва не магла спыніць фашысцкіх карнікаў, якія падносілі ў падстрэшшы сялянскіх хат палаючыя факелы», - думаў Валодзя. Ён усё намагаўся асэнсаваць сказаныя дзядулем словы: «людзі ж патрэбны жыццю» і прыходзіў да вываду, што гэта глыбей сказана, чым «жыццё патрэбна людзям». Стары бачыў і разумеў жорсткасць і бязлітаснасць фашыстаў да нашага народа. Напэўна таму ён і выказаў такія словы партызану.

Аднатонна плёскала вада аб круты глеісты бераг, луг быў напоўнены шчабятаннем птушак. Чуваць былі галасы саракапутаў, плісак, а з алешніку лілася задуменная песня аўсянкі.

Раптам данёсся нарастаючы гул матора. І хутка ён нібы праглынуў усе навакольныя гукі. Валодзя ўстаў і, прыгнуўшыся, забег за лазовы куст, адкуль пачаў назіраць. Катэр ішоў хутка. На палубе стаялі гітлераўцы. Яны круцілі галовамі, кідаючы позіркі то на адзін, то на другі бераг. Фашыстаў нішто не здзіўляла: ні бязлюдны травяністы луг, ні пачарнелыя сады, бо гэта была частка тых салдат, якія самі палілі прыбярэзінскія вёскі.

Прайшоў катэр і пацягнуў за сабою па плыні клін з уздыбленых хваляў.

«Хутка я вярнуся сюды, да цябе, Бярэзіна. Тады ў твае грудзі фашысты не будуць забіваць кліны. Няўжо партызаны не ведаюць, што тут кожны дзень снуе гэты катэр?» - падумаў Валодзя і пайшоў па звілістай карычневай сцяжынцы ў бок лесу. Па дарозе ён меркаваў, як на вадзе паставіць міну. І вырашыў, што трэба зрабіць з сітніку два пучкі, звязаць іх і затым пасярэдзіне пакласці снарад, так, каб ён хаваўся пад вадой. У адтуліне снарада, дзе галоўка, воскам замацаваць узрывальнік. Міну паставіць на своеасаблівы якар, а ад узрывальніка працягнуць кабель на бераг. Як толькі катэр узыдзе на плаваючую траву, шмаргануць кабель, а затым абстрэлам не даць ні аднаму гітлераўцу выбрацца на бераг. Валодзя ўжо ясна ўяўляў знішчэнне катэра і, не чуючы ног пад сабой, амаль бег. І толькі калі гімнасцёрка пачала прыліпаць да спіны, ён сцішыў крок. Падышоўшы да лесу, знайшоў нізкі пянёк, сеў. Скінуў рэчавы мяшок. Дастаў адтуль хлеб і бляшанку свіной тушонкі, якую далі яму ў шпіталі. Потым выцягнуў хромавыя боты. Расправіў іх, абцёр, выняў з халявы кавалачак духмянага мыла і паклаў усё гэта перад сабой. «Зіна і не сніла, што я ёй прывязу. Хаця яна, напэўна, не чакае, што я сам вярнуся», - падумаў Валодзя. Ён адкрыў кансерву, адрэзаў лусту хлеба і з апетытам пачаў есці, не зводзячы вачэй з ботаў. Прыпамінаў, які ў Зіны быў дрэнны абутак, колькі мазоляў яна, бядачка, нацерла. «Хоць усе грошы аддаў, але ж падарунак што трэба. - Валодзя ўзяў брусок мыла, панюхаў і ўсміхнуўся: - Ці мылася яна калі такім?»