Выбрать главу

Сонца хутка садзілася. Валодзя ўклаў рэчы назад і, не спяшаючыся, пакрочыў па лесе. Тут яму ўжо ўсе знаёмыя дарогі, сцяжынкі. Тое месца, дзе размяшчалася брыгада, ён помніў добра і таму рашыў ісці наўпрасткі. Небяспека пагражала толькі з боку чыгункі, але ж яе блакавалі партызаны, і ён ведаў, што цягнікі пакуль што па ёй не ходзяць. У лесе стаяла цішыня. Толькі ўгары над высокай бярозаю рабіў колы ястраб-цецеравятнік і крычаў: «Піць, піць, піць...» Можа, пагэтаму не варкаталі горліцы і маўчалі іншыя дробныя птушкі. Пралезшы праз гушчар, Валодзя выйшаў на невялікую палянку, залітую праменнямі заходзячага сонца, і адразу заўважыў, што хтосьці рухаецца. Ён спыніўся і сціснуў аўтамат. А потым сам сабе ўсміхнуўся і насцярожана глядзеў. На суцрацьлеглым баку палянкі стаяла ласіха. Яна ківала бязрогай галавой і нібы зжынала верхавінкі маладога малінніку. А ззаду каля ласіхі мітусілася цыбатае ласянё і мордай тоўхала яе ў пахвіну. «О прыгажуня, ужо не адну блакаду перажыла і фашыстам не трапіла на вочы...» - толькі падумаў Валодзя, як ласіха неяк напружылася, патапталася заднімі нагамі і, бокам адпіхваючы дзіця, скокнула. Пярэдняя нага яе матлялася.

Партызан адразу ж спахмурнеў. Валодзя прыстрэліў бы яе, каб не пакутавала, але ж малое збоку. Без маці яно загіне.

У партызанаў існаваў няпісаны закон - ласёў не забіваць. А вось гітлераўцы ў апошнія гады вайны былі злосныя, яны не толькі знішчалі лес, але імкнуліся загубіць у ім усё жывое.

«Не схаваліся, не схаваліся і вы ад іх, праклятых», - гледзячы на ласянё, думаў Валодзя.

А яно ціха мыкала, тапталася каля маці, трымцела, тоўхала са злосцю яе. Напэўна не хапала малака для малога ў параненай ласіхі. А яно не разумела, што маці сцякла крывёю і пераносіць страшэнны боль. Яму дай есці - і ўсё. Вось яно яшчэ мацней замыкала, выцягнула шыю, забегла да морды маці. Тая кінула есці маліннік і пачала пяшчотна лізаць малога. Ласянё вінавата сагнулася, падставіла бачок і тулілася да перабітай нагі ласіхі. Яна крыху адскочыла ўбок, павярнулася і па-ранейшаму працягвала лізаць шыю, даўгавухую галаву свайго дзіцяці.

Партызан ціхенька пачаў адступаць назад, каб абысці паляну і не парушыць той горкі і радасны момант ляснога жыцця. Ён доўга яшчэ ішоў, асцерагаючыся, каб не наступіць на сухую галінку і не нарабіць шуму. «Думаў, вярнуся на сваю родную зямлю - спяваць буду. А тут на кожным кроку сэрца да болю сціскаецца. А як там Дубовая Града, мая маці?..» - разважаў партызан, ідучы па лясной сцяжынцы на захад.

А вось і мёртвая паласа абапал чыгункі. Раней Валодзя тут быў і бачыў свежапаваленыя вялізныя сосны, елкі, бярозы. Цяпер яны ляжаць абпаленыя і толькі тырчаць угару чорныя разгалістыя лапы. Дзе-нідзе з зямлі нясмела паказваюцца знакамі пытальнікаў парасткі папаратніку.

Хаця навокал і стаяла цішыня, але Валодзя асцярожна ўзыходзіў на раскоўзаны насып чыгункі. Заўважыўшы пагнутыя рэйкі на шпалах, ён пасмялеў і нават спыніўся. «Дарма лес знішчылі фрыцы, усё роўна не дадзім адрамантаваць чыгунку», - падумаў Валодзя і пабег з насыпу. На тым баку чыгункі пачынаўся Алёс. І як ты добра ні ведаеш гэты лес, але арыентавацца ў ім на змярканні ўсё ж цяжка.

Па травяністай паляне партызан пакрочыў на поўнач, каб трапіць на прасеку, адкуль добра ісці ў напрамку да Вароняга лугу, дзе базіравалася іх брыгада. Магчыма, што тут паблізу дзе-небудзь і партызанскія сакрэтныя дазоры. Аднаго чалавека яны прапусцяць і паведамляць сёння не пойдуць. Магчыма, адзін з дазорных будзе праследаваць незнаёмага ўзброенага чалавека, а можа, і не. Падумаюць, што супраць ночы няхай ідзе, пакуль не трапіць на пост. А там падымуць трывогу, і незнаёмец нідзе не дзенецца. Валодзя паста не баяўся, бо пароль у яго быў на двое сутак уперад. І партызан чым далей ішоў, тым больш чакаў вокрыку вартавога. Нарэшце ўперадзе, каля елкі, шчоўкнуў затвор вінтоўкі, і пачуўся няўпэўнены вокліч, яшчэ, відаць, неабстралянага хлопца:

- Стой! Хто ідзе! Пароль!

Валодзя выкрыкнуў пароль і, не патрабуючы адказу, накіраваўся да вартавога. Той усё яшчэ не выходзіў з-за елкі. Параўняўшыся з ім, Валодзя спыніўся. Да яго падышоў сапраўды малады незнаёмы хлопец у цёмным пінжачку.