Чаму гэту вёску немцы не спалілі, розныя былі меркаванні. Старыя гаварылі, што абараніла царква, якая ўзвышалася над хатамі і глядзела ў неба гнілой цыбулінай. Маладзейшыя лічылі, што іх вёску немцы пакінулі з нейкай іншай мэтай, бо гітлераўцам добра было вядома, што ў Залессе партызаны наведваліся часцей, чым у тыя вёскі, якія ўжо былі спалены. У час блакады яны акружылі Залессе і толькі чакалі каманды, каб расправіцца з вёскай. Але са Жлобіна на машыне разам з гестапаўскім афіцэрам прыехаў поп. Афіцэр у яго прысутнасці загадаў зняць блакаду. Гэты факт і паслужыў падставай для розных разважанняў.
Першай пасля зняцця блакады ў Залессе прыехала на конях дыверсійная група на чале з Міколам Верасавым. Яна размясцілася ў знаёмага селяніна. Мікола доўга не затрымліваўся ў хаце. Напіўся вады і адразу ж знік. Ён перайшоў балацянку і пакрочыў за царкву на могілкі, адкуль добра была відаць чыгунка. Там узлез на разгалісты дуб і доўга назіраў у бінокль. Мікола меркаваў, што пасля блакады немцы аслабяць ахову чыгункі. І сапраўды, на кіламетровым адрэзку снавала ўсяго двое гітлераўцаў. Праўда, на даху цаглянага будынка, які стаяў ля пераезда, была зроблена своеасаблівая клетка, у якой сядзеў назіральнік. «Сцямнее, дык там яму няма чаго рабіць, злезе. Абходчыкі да будынка не даходзяць метраў на трыста і паварочваюць назад. Калі ж у іх такая ахова і ноччу, то эшалон скінем», - разважаў Мікола.
Сонца спускалася ўсё ніжэй. Мікола ўжо хацеў вярнуцца і ісці да хлопцаў: трэба было яшчэ адкапаць у агародзе гаспадара ўзрыўчатку, падрыхтаваць усё і скрытымі мясцінамі рухацца да чыгункі. Але раптам ён заўважыў, як палез з даху назіральнік, і рашыў прасачыць, куды той пойдзе. Ён ведаў, што ў доме немцы ніколі не начавалі. Звычайна на засады іх развозіў цягнік або машыны са Жлобіна ці з Чырвонага Берага. Гітлеравец з-за дома не паказваўся. Мікола пачаў пільна ўглядацца і за невялічкім кустарнікам, што рос вакол дома, заўважыў нейкія збудовы, частку сценкі. Ён насцярожыўся. «Напэўна, немцы пасяліліся ўжо там», - падумаў ён. Праз некалькі хвілін з дома выйшлі дванаццаць гітлераўцаў. Мікола прасачыў, дзе яны размясціліся ў засады. Метраў на дзвесце ад дзота ні адзін салдат не спыніўся на чыгунцы. Крыху далей ужо размясціліся засады. «Гэта добра, - падумаў Мікола, - я падыду да вас пад самы нос, к дому. Вы ніколі і не падумаеце...» Ён саскочыў з дуба і хутка пайшоў агародамі да хлопцаў.
Красавала жыта. Пад цяжарам жучкоў-кузькаў схіліліся яго светла-зялёныя каласкі. Каля межаў паказваліся сінія кошычкі васількоў, а побач з імі на валасатых ножках цягнуліся ўгару ружовыя сподачкі кукалю. Дзе-нідзе сплятаў іх з жытам вусаты гарошак, на кветкі якога павісалі чмялі.
Па мяжы адзін за адным крочылі партызаны. Яны абышлі балацянку і па нізінным выгане накіраваліся ў бок чыгункі. Непадалёк у лужыне плёхаліся дзеці. Убачыўшы ўзброеных людзей, яны павыскоквалі адтуль, пахапалі свае штонікі, сукенкі і без аглядкі памчаліся ў вёску.
- Бачыце, што нарабілі фрыцы, дзеці і сваіх пачалі баяцца, - сказаў Анатоль Зубёнак. - Раней гэтага не было. Памятаеце, як яны тут за намі бегалі? А некаторыя нават прасілі: «Дзядзька, дай стрэльнуць...»
- Не ім разбірацца ў гэтым жыцці. Мы значна старэйшыя і то многа чаго не разумеем. Вось я ўсё думаю, чаму немцы нікога не кранулі ў Залессі. А знішчалі нават тыя вёскі, дзе партызаны амаль не бывалі, - задуменна, ціха, нібы сам сабе, гаварыў Мікола.
- Дык нам жа казалі, што абараніў Залессе поп, - заўважыў Федзя Кісляк.
- Не веру я ў гэта. Немцы, браце, такія, што, калі ім не выгадна, яны ніякага чорта не паслухаюць. Магчыма, яны з якіх глыбокіх палітычных меркаванняў так зрабілі. Можа, завітаюць адкуль-небудзь сюды якія духоўныя айцы, і немцы ім прадэманструюць, як «храм божы» выратоўвае людзей, - штучна засмяяўся Мікола.
Калі падышлі зноў да жыта, камандзір загадаў усім прыгнуцца і крочыць за ім. Заданне дыверсанты ўяўлялі, але наперадзе было яшчэ шмат няяснасці. Раней яны выбіралі пэўны адрэзак чыгункі паміж засадамі і ведалі, што з абодвух бакоў у іх знаходзіцца не больш шасці гітлераўцаў, бо ў засаду на чыгунцы яны звычайна садзіліся ўтрох. А цяпер было невядома, колькі салдат размясцілася ў доме, а таксама, ці ёсць ахова вакол будынка. Праўда, камандзір думаў і быў нават перакананы ў тым, што метраў за дваццаць ад дома ў цёмную ноч не будзе сядзець засада, не будзе стаяць і вартавы. Такая думка ў яго з'явілася ўжо па дарозе.
Сонца зайшло, і неба хутка пачала зацягваць чорная коўдра. Дыхнуў ветрык, і ціха загаманілі няспелыя каласкі.
На ўзгорку ў жыце група спынілася. Усе партызаны сабраліся вакол камандзіра. Ён шэптам яшчэ раз паўтарыў план дыверсіі, кожнаму даў пэўнае заданне.