У прыглушаных галасах сваіх сяброў Мікола адчуваў хваляванне, а разам з тым жаданне хутчэй ісці на чыгунку, каб ашукаць немцаў і пад самым іх носам узарваць эшалон. Федзя, які павінен быў прыкрываць мінёраў з боку дома, папрасіў бясшумку. Ён даказваў, што яго фланг самы небяспечны.
- Не, - запярэчыў камандзір, - з твайго боку абходчык не павінен ісці. А калі і падымецца трывога ля дома, то трэба адкрыць масіраваны агонь, каб гітлераўцы падумалі, што на іх напалі. Тады яны пабаяцца рабіць пагоню. А так ранім аднаго, а ён гвалту наробіць і падыме ўсіх. Асвецяць ракетай і могуць кінуцца на нас. Чорт іх ведае, якая там сіла, - дом жа вялікі. Давайце выйдзем з жыта, а там да чыгункі будзем дабірацца паўзком.
Партызаны ціхенька пайшлі. Хутка скончылася жыта і пачалося бугрыстае поле, якое даўно ўжо не кранаў плуг. Група яшчэ больш сцішыла крок. Усе стараліся ступаць мякчэй. Мікола ішоў першым, і з-пад яго ног раз-пораз успырхвалі сонныя жаваранкі. Неўзабаве да слыху партызан данёсся ціхі грукат з боку Жлобіна. Ён хутка нарастаў, пашыраўся. Было зразумела, што на захад бяжыць цягнік. Здалёку засвяцілася фара паравоза, і партызаны, ужо не захоўваючы асцярожнасці, прыбавілі крок. Лепш за ўсё падыходзіць да чыгункі пад грукат цягніка, таму яны і спяшаліся подбегам па той зоне, дзе меркавалася паўзці. Цягнікі дыверсанты пазнавалі не бачачы. Варта было ім пачуць ледзь улоўны звон пустых цыстэрн, і яны ведалі - гэта «наліўняк». Цяжкая работа паравоза гаварыла аб гружаным эшалоне, а працяглы гул з ціхім грукатам - аб пасажырскім цягніку. Хутка прамчаў цягнік, і хлопцы заляглі. Звечара трава не прыпала расою, і партызаны чакалі дажджу. Але ён і не крапнуў, хаця неба было абкладзена цёмнай хмарай. Нарэшце вецер крыху ўзмацніўся, і група паўзком рушыла ўперад. Пакуль што ўсе трымаліся камандзіра. Той поўз хутка, толькі калі-нікалі спыняўся, абапіраўся на локаць адной рукі, а другой выціраў пот з ілба, каб не плыў у вочы.
У двары дома мыкала цяля. Напэўна, салдаты прывезлі яго аднекуль з вёскі. Ля чыгуначнага насыпу, злева ад двара, была нізінка. Адтуль патыхала сырасцю.
Мікола першы выпаўз на высечаную снегазатрымальную паласу і залёг. Да яго падпоўз Анатоль, які нёс узрыўчатку. Астатнія партызаны павінны былі з флангаў ахоўваць мінёраў. Яны хутка занялі свае месцы і, затаіўшы дыханне, прыслухоўваліся да кожнага шолаху. Мікола з Анатолем таксама ўспаўзлі на насып. Камандзір ужо выцягнуў з кішэні дэтануючы шнур з капсулямі-ўзрывальнікамі, а Анатоль дастаў з рэчавага мяшка тол. Раптам Мікола схапіў Анатоля за руку, моцна ціскануў яе і высунуў уперад аўтамат. У трох кроках ад партызан стаяў чалавек. Мікола і раней яго бачыў, але лічыў, што гэта слуп з таго боку чыгункі. І толькі цяпер ён зразумеў, што гэта чалавек. Толькі чаму ён стаіць як укопаны? Камандзір крыху падаўся назад. Відаць, Анатоль зразумеў гэта як сігнал да адыходу, бо падхапіўся і, прыгнуўшыся, пабег ад чыгункі. Мікола застаўся. Засцерагальнік яго аўтамата быў адведзены. Варта было чалавеку зварухнуцца, як ён даў бы ва ўпор чаргу. Яшчэ раней былы камандзір групы Валодзя Байкач папярэджваў яго, каб на блізкай адлегласці ніколі не паварочваўся да ворага спіной, і Мікола ляжаў. Чалавек, які стаяў на чыгунцы, гучна загергетаў, штосьці пытаў у Міколы, а ён маўчаў. Тады ён, колькі ёсць сілы, закрычаў: «Партызан! Бандыт! Бандыт!» Мікола даў чаргу. Гітлеравец цераз рэйку рухнуў на Міколу, і ён ледзь паспеў прыбраць аўтамат. Адразу ж над домам узвілася ракета. Мікола павярнуўся і пакаціўся з насыпу. Ён толькі цяпер убачыў, што ўнізе ля чыгункі стаіць густы туман. Другая ракета прарэзала цемру і асвяціла гітлераўца, які ляжаў на рэйках.
- Адыходзьце! - крыкнуў камандзір і сам пабег, прытрымліваючы сумку з аўтаматнымі дыскамі.
Загрукаталі партызанскія боты. Наступную ракету гітлераўцы пусцілі над зямлёю. Яна пераляцела цераз дыверсантаў, зрыкашэціла, упала і дагарэла на зямлі. Ля дома ўзняўся шум. Нямецкія выкрыкі змешваліся з хрыплым рыканнем цяляці. З чыгункі пачулася доўгая аўтаматная чарга, з завалаў затрашчаў кулямёт. Гітлераўцы стралялі ўсляпую, але кулі цокалі паблізу партызан.
Група не давала аб сабе знаць, усе беглі ўрассыпную да жыта на пункт збору.
Немцы ж працягвалі пускаць ва ўсе бакі ад дома ракеты і страляць.
На захад імчаў цягнік. Прыбліжаючыся да дома, ён загуў, і чуваць было, як заскрыгаталі тармазы. Машыніст, напэўна, заўважыў чалавека, які ляжаў на рэйках, і, думаючы, што гэта партызан, вельмі напалохаўся. Але як толькі пераехаў яго, хуценька адключыў тармазы і зноў пачаў набіраць скорасць.
Група сабралася на ўмоўленым месцы. Не было толькі Паўла Пылілы. Мікола прыклаў кулак да губ і тройчы крыкнуў, імітуючы голас дзікай качкі. У партызан быў такі сігнал збору.