Выбрать главу

Але ў адказ - ні гуку. Навокал стаяла цішыня, толькі чуваць былі яшчэ адзіночныя стрэлы ля чыгункі. Камандзір успамінаў увесь шлях адыходу і аналізаваў, дзе б магло з Паўлам што здарыцца. Адыходзілі яны не так ужо хутка, каб ён мог далёка адстаць. Няўжо яго паранілі, а можа, забілі?.. Заблудзіцца ж ён не мог, бо напрамак, куды пабеглі партызаны, ведаў.

- Калі немцы ўдарылі з кулямёта, ты, Анатоль, не бег за мной? - запытаў Федзя.

- Я чуў, што справа і злева каля мяне бягуць, але ўперадзе нікога не бачыў.

- Тады гэта быў ён. Бег Павел за мной, прама на пяты наступаў, але кулі засвісталі, і я пачуў, як ён затупаў убок, дзе віднеліся нейкія бугаркі, кусты. Гэта было яшчэ недалёка ад чыгункі.

- У любой сітуацыі ён заўсёды круціць і ўсё хоча нешта зрабіць па-свойму, - незадаволена сказаў Мікола. - Я цяпер ведаю яго думку: «Вы, маўляў, пабеглі, а вось будзе пагоня, дык я заб'ю пару фрыцаў». Яго сапсаваў той першы трапны выстрал у былым ваенным гарадку, калі ён забіў фашыста. Дык дурань жа ён, калі зрабіў засаду. Немцы ў такую цемень не пакінуць свае ўмацаванні і не пабягуць у поле. Што ж, будзем чакаць, можа, прыйдзе.

Партызаны заляглі на ўскраіне жыта. Хлопцы затоена маўчалі ў чаканні свайго таварыша.

Камандзір падумаў, што дарэмна ў групу ўзяў Паўла. Хіба не ён на грэблі ля Дубовай Грады навязаў групе бой з узброенай да зубоў ротай гітлераўцаў. Ледзь тады паўцякалі. Хіба не ён употай ад групы пайшоў у вёску да дзяўчат, і давялося паўночы шукаць яго. «Не, няхай толькі вернецца, адпраўлю яго ў атрад», - заключыў у думках Мікола.

Неба хмурылася і хмурылася, здавалася, вось-вось пойдзе дождж, але затым хмары паступова зніклі, і пачало распагоджвацца. У жыце, недалёка ад партызан, закрычала перапёлка: «Падпалю-падпалю-падпалю...»

Партызаны чакалі, пакуль крыху развіднее, каб ісці шукаць Пылілу. З боку чыгункі даляцеў аддалены шум цягніка.

- Зручны момант, трэба скарыстаць гэты шум і пайсці на пошукі. Разыдземся так, каб адлегласць паміж намі праглядалася. Федзя, ты трымайся таго напрамку, дзе бачыў кусты, і я разам пайду. Калі хто знойдзе труп, ніякіх гукавых сігналаў не падаваць, а сесці, яго сусед зробіць гэтак жа, і так па ўсім ланцугу, - сказаў камандзір і першым хутка пайшоў на правы фланг.

Усе спяшаліся параўняцца з ім і разыходзіліся на пэўную адлегласць. Цягнік быў яшчэ далёка, а каля дома зрэдку працягвалі ўзвівацца ракеты.

Партызаны прайшлі ўжо паўдарогі, як наперадзе ў іх пачала крычаць дзікая качка. Яна, напэўна, спазнілася вывесці дзяцей і цяпер па полі пераводзіла іх кудысьці ў вадаём. І вось сустрэлася з людзьмі. Яна лапатала крыламі, крычала, адрывалася ад зямлі, зноў падала. Гэта так адцягвала ўвагу ад качанят. А тыя заціўкалі і зашыліся недзе ў траву, нібы мышы.

Мікола схамянуўся і аж задрыжаў ад злосці. Ён падумаў, што гэта яго хлопцы падаюць сігнал. Але ж ён доўга іх вучыў гэтаму крыку, і так не атрымлівалася. Раптам качка ўзнялася і са свістам праляцела над галавой камандзіра. Тады ён толькі зразумеў, у чым справа, і падумаў: «Гэта добра. Калі Пыліла дзе заблудзіўся, дык пачуў сігнал».

Федзя змяніў свой напрамак і падышоў да Міколы.

- Нам трэба ісці крыху правей, бо ад чыгункі ён бег за мной вунь туды, у нізінку, да кусточкаў, - шэптам гаварыў ён, выцягнуўшы ўперад руку.

- Ты добра помніш? - запытаў Мікола.

- Так.

Пад грукат цягніка, які імчаў на ўсіх парах, камандзір хутка павярнуў убок і падышоў да куста, ля якога стаяла кволая вішанька. Далей цямнеў нейкі прадаўгаваты ўзгорачак. Мікола накіраваўся да яго. Гэта быў склеп. Навокал радочкамі тырчалі пачарнелыя невысокія пні. І ён зразумеў, што гэта хтосьці спілаваў абгарэлыя шулы.

Мікола сеў непадалёк ад склепа, да яго павярнуў Федзя, а за Федзем і ўвесь ланцужок. Усе прыселі ля камандзіра. Дом, у якім размяшчаліся гітлераўцы, знаходзіўся метраў за трыста ад іх. Трэба было захоўваць крайнюю асцярожнасць, бо гітлераўцы яшчэ былі ў стане трывогі. Хаця навокал ужо стаяла цішыня.

- Чорт яго ведае, куды знік гэты Пыліла? - услых разважаў Мікола. - Трэба, напэўна, рассыпацца і абшукаць усё гэта дворышча. Тут нехта жыў, але спалены быў раней, чым мы пачалі наведваць гэтыя мясціны, бо хаты тут я ніколі не бачыў.

Раптам недалёка нешта трэснула. Гук такі, нібы хто зламаў сухую палку. Партызаны насцярожыліся і напружана ўглядаліся ў цемру. Усім хацелася ўбачыць адну постаць.

- Гэта ў двары, немцы, - стоячы на каленях, шаптаў Анатоль.

- Ціха, нешта шуміць, - сказаў камандзір. - Машына ідзе са Жлобіна. Не... Гэта дрызіна. Кладзіцеся за склеп і будзьце напагатове.