- Ты заўсёды дакажаш. Я згаджалася з табой, што трэба ваяваць, калі нашы адступалі.
- Ты, мама, думаеш, што з вызваленнем Дубовай Грады і вайна закончыцца. Не, закончыцца яна недзе ў Берліне.
- Ну, трэба ж хоць жывому дачакацца сваіх.
- Невядома, хто яшчэ застанецца жывым. Фашысты на шляху адступлення робяць мёртвую зону, яны знішчаюць жанчын, дзяцей, а гэта значыць, жыццё. І задача партызан не даваць магчымасці ім гэта рабіць.
- Давай, сынок, кладзіся спаць. Я табе вось паслала на ложку, а дзядуля палезе на печ.
Двое сутак дыверсанты стаялі ў Дубовай Градзе, і ні разу не рыпнуў баян, не прагучала песня. Вельмі ж жывыя раны ў мацярок, сыны якіх былі ў дыверсійнай групе і загінулі. Хлопцы схадзілі на могілкі. Над магіламі Міколы і Федзі стаялі звычайныя крыжы, бо нельга было партызан хаваць інакш, ставіць абеліскі і ўвенчваць іх зорачкамі. Немцы іншы раз наведваліся на могілкі, пасля чаго ні зорачкі, ні насыпу ўжо нельга было заўважыць. І даводзілася герояў-партызан хаваць так, як звычайных жыхароў вёскі. Хлопцы зрабілі з яловых лапак вянкі, усклалі іх на магілкі баявых сяброў і пайшлі збірацца да ад'езду.
На калёсах было ўсё неабходнае, каб падпаліць мост. Іван нават два кулі саломы паклаў і сцвярджаў, што смала з саломай будзе вельмі добра гарэць. З ім згадзіліся.
На змярканні партызаны рушылі ў напрамку да Жлобіна. Яны не выбіралі глухіх мясцін і сцяжынак, а паехалі па бойкай дарозе, што вяла прама на мост. Валодзя з Анатолем ехалі верхам на конях уперадзе, а параконка з астатнімі хлопцамі - за імі. Шлях быў не блізкі, але партызаны не спяшаліся. Ноч была цёмная і ціхая, што не вельмі добра было для выканання сённяшняй аперацыі. Хоць бы вецер скавытаў!..
За кіламетр ад моста партызаны спынілі коней. Валодзя з Анатолем адразу ж спешыліся і павялі сваіх коней па полі да лагчынкі, дзе было некалькі кусточкаў. Там яны прывязалі коней і вярнуліся да калёс.
- Цяпер, хлопцы, будзем рухацца вельмі ціха. На каляінах падтрымлівайце калёсы, каб не грукалі. Я з Анатолем пайду ўперадзе, а вы ад нас трымайцеся на пэўнай дыстанцыі, - сказаў Байкач.
Ён не заўважыў, а больш адчуў, што хлопцы вельмі насцярожаныя, сціснутыя, нібы тыя спружыны. І ён разумеў іх стан: яны ідуць амаль у горад, адкуль далятаюць і скрыгатанне, і гудкі паравозаў, і трэск матацыклаў, і гул машын. Чужых, варожых паравозаў, машын... Час ад часу дзесьці над складамі ўзвіваюцца ракеты. Валодзя ў душы таксама адчувае хваляванне, але ж ён ведае, што такі стан бывае толькі да пачатку дзеяння. А ўжо ў баі ён нібы разраджаецца, і партызаны змагаюцца з незвычайнай энергіяй і адвагай.
Дыверсанты спыніліся за пясчаным узгоркам, метраў за дзвесце ад моста. Валодзя пайшоў на ўзгорак, адкуль былі відаць мост і дом, дзе размяшчалася ахова. Камандзір стаяў там нядоўга, бо ўсё навокал было яму вядомае. Ён вярнуўся да хлопцаў і шэптам сказаў:
- Павел, ты будзеш з коньмі тут да таго часу, пакуль не заўважыш, што гарыць дом. Гэта табе будзе сігнал, што ахова ліквідавана. Тады хуценька гані коней на мост. Там Грышка з Іванам табе дапамогуць разліць смалу, раскідаць смалякі. Данілаў, вазьмі ў Анатоля вінтоўку з бясшумкай, а яму аддай свой аўтамат. А вы, хлопцы, бярыце тол, кабель і пойдзем.
Дарога, па якой ехалі партызаны, упіралася ў шашу. І хлопцы па ўзбочыне шашы пайшлі да моста. Адзін з паліцэйскіх, што стаяў на варце, адкрыта курыў. І па гэтым камандзір заключыў: стаяць сувязныя. Ён рукой паказаў хлопцам, каб яны крыху адсталі, а сам смела пакрочыў уперад. Паліцэйскі заўважыў яго і таксама пайшоў насустрач.
- Усё зроблена як належыць. На варце каля дома таксама свой хлопец, - не гаварыў, а выдыхаў словы Баннік.
- Добра, - адказаў Валодзя. - Ідзі вазьмі бензін і аблівай мост. Калоша, ты дапаможаш яму, а мы пойдзем на той канец і паставім міну. Мы падпалім мост і частку яго ўзарвём, каб немцы, калі кінуцца тушыць, не маглі падступіцца.
Партызаны паціху падышлі да Арлова, які стаяў на мосце з боку Жлобіна. Валодзя хуценька паклаў на бэльку дзве вялікія пліты толу, замацаваў капсуль-узрывальнік і сказаў Івану:
- Завяжаш канец кабелю за чаку толькі тады, калі ўсё на мосце будзе гатова для падпальвання. А ты, Грышка, разматвай кабель цераз мост і там кладзіся ў адхоне шашы. Калі мост будзе падпалены, тады кабель пацягнеш, і міна ўзарвецца.
Арлоў сказаў Данілаву пароль, і яны ўдвух пайшлі на круты бераг да дома першымі. Валодзя з Анатолем крочылі следам за імі.
Немец, які стаяў на варце, заўважыў, што хтосьці ідзе, зрабіў некалькі крокаў уперад і стаў. Данілаў сказаў па-нямецку пароль, не чакаючы воклічу вартавога, і смела падышоў да яго. Той бліснуў ліхтарыкам, пазнаў Арлова, а да Данілава звярнуўся з пытаннем, хто яму патрэбны?