- Камендант, - адказаў Данілаў.
- Дакумент, - патрабаваў вартавы.
Данілаў працягнуў руку да кішэні, паклаў палец на спускавы кручок вінтоўкі і хутка накіраваў ствол пад бараду вартавога. Шчоўкнуў затвор, і вартавы, нібы сноп, упаў пад ногі партызана. Арлоў здзівіўся такой маланкавай аперацыі, але нічога не сказаў, а схапіў Данілава за рукаў і хутчэй павёў у пакой да каменданта.
Валодзя з Анатолем кінуліся да вартавога паліцэйскага.
- Вы партызаны? - ціха запытаў той.
- Так ідзі ў пакой і запальвай святло, - сказаў Валодзя.
Паліцэйскі адчыніў дзверы і ўключыў электрычнае святло. На вуліцы пачуўся немы крык. Некаторыя паліцэйскія ўзнялі галовы і прыжмуранымі вачамі глядзелі ў парог. Валодзя з Анатолем ужо стаялі ля козлаў са зброяй.
- Здавайцеся! Здавайцеся! - колькі было сілы крыкнуў Валодзя.
Паліцэйскія ў бялізне саскоквалі з двухпавярховых нараў. Некаторыя адразу ж паднялі рукі, а некаторыя кінуліся да акна, выламалі раму і ляцелі адзін цераз аднаго ў цемень. Валодзя, можа б, і парушыў умову не рабіць гукавых стрэлаў, але ж наперадзе стаялі паліцэйскія, якія ўзнялі рукі, і цераз іх страляць было немагчыма.
- Малайцы, хлопцы, а тыя няхай бягуць, - сказаў камандзір.
- Апранайцеся, пойдзем з намі.
Усе хуценька апрануліся.
- Зброю пакуль мы вам не дадзім, - сказаў Валодзя.
- Некаторым можна даць, бо мы яе не занясём, - зморшчыўся вартавы.
- Дык выдай таму, у кім упэўнены.
Вартавы выдаў дзевяць вінтовак, а траім паліцэйбкім не рашыўся даць. Тыя так паглядзелі на Валодзю, што ён паднёс і сам даў ім у рукі вінтоўкі. Тады вартавы раздзяліў паміж паліцэйскімі астатнія вінтоўкі, а сам узяў кулямёт. Камандзір разрэзаў некалькі сеннікоў на нарах і падпаліў.
- Цяпер пайшлі, хлопцы!
На двары Данілаў падбег да Валодзі і сказаў, што трэба дзейнічаць хутчэй, бо каменданта ён упусціў.
- Як гэта?
- Увайшлі мы ў пакой, а камендант сядзіць супраць завешанага акна за сталом у сподняй сарочцы і штосьці піша. Я яму гавару, што так позна нельга працаваць. Камендант паглядзеў на мяне і адказвае: «Калі трэба - дык трэба». Ён толькі працягнуў руку, каб узяць прамакатку, а я стук - і адчуў, што куля не паляцела. Гітлеравец не разгубіўся і скокнуў у акно пад занавеску. Я здагадаўся, што забыўся перазарадзіць вінтоўку, і ляпнуў па пустым патроне. Пакуль я даслаў другі патрон, камендант ужо закрычаў за акном. Я расчыніў дзверы ў суседні пакой і там прыстрэліў яшчэ двух гітлераўцаў.
З птушкафермы данеслася кулямётная чарга. А полымя ўжо вырвалася вонкі і папаўзло па даху. На мосце стала зусім відна. Баннік з Калошам аблілі яго бензінам і не ведалі, што рабіць далей. Трасіруючыя кулі па-над рэчкай роем ляцелі на мост. Пыліла з коньмі не з'яўляўся. Камандзір вылаяўся і як мага хутчэй пабег за пясчаны ўзгорак. Пыліла назіраў за мостам і толькі калі заўважыў, што нехта бяжыць, кінуўся да калёс. Валодзя выхапіў у яго з рук лейцы і хутка пагнаў коней.
Узмацняўся кулямётны і вінтовачны агонь з боку птушкафермы. Адна за адной узвіваліся ў чорнае неба ракеты. На мосце нікога не было відаць, усе заляглі. З грукатам узбеглі на яго коні, і толькі пасярод моста Валодзя іх спыніў. Стаў на калёсы, прагнаў Паўла, кульнуў бочку са смалой, скінуў мяшкі са смалякамі і кулі саломы на мост. Затым злез з калёс і завярнуў коней. Валодзя паглядзеў на мост. Хлопцаў там не было. Коні ківалі галовамі, тапталіся, ірваліся бегчы, але камандзір моцна трымаў за лейцы. Затым ён прысеў і падпаліў куль саломы. Партызан не ўлічыў, што мост ужо абліты бензінам. Полымя імгненна ахапіла ўвесь мост. Коні рвануліся на шашу. І не паспеў камандзір ускочыць на калёсы, як за яго спіной грымнуў выбух. Але не хваля выбуху кінула Валодзю на зямлю. Ён працягнуўся на лейцах за калясьмі і адарваўся сам. Грукат аддаліўся па шашы ў напрамку да прыдняпроўскай вёскі, у якой размяшчаўся нямецкі гарнізон.
Валодзя ссунуўся ў адхон, дзе былі палонныя паліцэйскія і яго хлопцы. Не было толькі Пылілы.
- На мосце ж яго не было, калі я падпальваў, - здзівіўся камандзір.
- Ну і ў гэты бок ён не бег, - адказаў Анатоль.
- Застаўся, мусіць, недзе на тым баку, цяпер ён тут цераз рэчку не перабярэцца, - сказаў камандзір. - А нам трэба ісці хутчэй.
Здараецца, што і на пажар бывае глядзець цікава і радасна. А ён быў прыгожы, і асабліва тады, калі гарэў мост. Здавалася, што палінялыя ружовыя хусткі калышуцца не толькі над вадою, але і глыбока ў рэчцы. Полымя асвятляла пясчаны круты бераг і дрэвы з пажоўклымі лісцямі. І бераг не быў шэрым, як пры дзённым святле, а здаваўся нейкім казачным і таямнічым сярод густой цемры.